Як тэрарыстычны артыкул 289 Крымінальнага кодэкса ў Беларусі робіцца "народным"
Па дадзеных сілавых ведамстваў, за чатыры месяцы ў Беларусі былі прадухіленыя пяць тэрарыстычных актаў: на Дзень Волі і напярэдадні Дня Рэспублікі. 2 ліпеня Лукашэнка заявіў, што ў краіне праведзена маштабная "антытэрарыстычная" спецаперацыя па прадухіленні шэрагу тэрактаў: пакушэнне на Азаронка, дыверсія ў лясгасе і выбух на расійскім ваенным вузле сувязі пад Вілейкай. У ліпені па Беларусі пракацілася хваля масавых затрыманняў па "тэрарыстычных справах". Пад "хапун" па артыкуле 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму) патрапілі журналісты, праваабаронцы, актывісты і беларусы, якія, напрыклад, былі ў "радыкальных тэлеграм-чатах" накшалт "ОГСБ" ці дваравых. Па ўсёй Беларусі і цяпер працягваюцца адбывацца ператрусы і затрыманні, допыты, гутаркі з КДБ. "Вясна" распавядае, як у ліпені прайшла "антытэрарыстычная зачыстка" беларусаў, якія метады сілавікі выкарыстоўваюць пры пераследзе па артыкуле 289 КК, як прайшла "зачыстка" ўдзельнікаў дваравых чатаў у Заводскім раёне Мінска і што думае пра антытэрарыстычны пераслед беларускімі сілавікамі юрыст "Вясны" Павел Сапелка.
Што за артыкул 289 Крымінальнага кодэкса?
Артыкул 289. Акт тэрарызму
1. Здзяйсненне выбуху, падпалу, затаплення, іншых дзеянняў агульнанебяспечным спосабам альбо якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў або наступлення іншых цяжкіх наступстваў у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, або перашкоды палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, або запалохвання насельніцтва, або дэстабілізацыі грамадскага парадку (акт тэрарызму) –
караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.
2. Акт тэрарызму, здзейснены паўторна, альбо групай асоб па папярэдняй змове, альбо асобай, якая раней учыніла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 124, 126, 2901-2905, часткай 4 артыкула 309, часткай 3 артыкула 311 і артыкулам 359 гэтага Кодэкса, або спалучаны з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, –
караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці гадоў.
3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя арганізаванай групай, альбо з прымяненнем аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі, альбо з выкарыстаннем радыеактыўных рэчываў альбо ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксічных хімічных ці біялагічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека, –
караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, або смяротным пакараннем.
Крыху лічбаў
Па апошніх дадзеных генпракуратуры, у Беларусі распачалі чатыры тысячы дзвесце крымінальных справаў, звязаных з "экстрэмізмам і тэрарызмам".
Беларускае КДБ унесла ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, 36 чалавек. З іх 16 чалавек затрыманыя і змешчаныя ў беларускія СІЗА, 20 знаходзяцца за мяжой. Акрамя іх, па арт. 289 КК знаходзяцца яшчэ каля дзесяці чалавек.
Па дадзеных Прааабарончага цэнтра "Вясна", з 8 ліпеня праз арт. 289 КК (акт тэрарызму) прайшлі дзясяткі беларусаў: ператрусы, допыты, гутаркі. Дакладнай лічбы пераследу за гэты месяц па "тэрарыстычным артыкуле" няма, але яна ўпэўнена падбіраецца да сотні. Да некаторых сілавікі прыходзяць па "справе выбуху ў Вілейцы", але, часцей, гэта невядомая "тэрарыстычная справа".
Што па тэрактах у Беларусі?
Па дадзеных сілавых ведамстваў, у Беларусі з 25 сакавіка па 3 ліпеня гэтага года прадухілены пяць тэрактаў. Як распавёў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч, у ноч з 25 на 26 сакавіка ў ваенным гарадку печы Барысаўскага раёна аператыўнікі ГУБАЗіК МУС пры сілавой падтрымцы САХРа затрымалі 35-гадовага жыхара Пінскага раёна.
«Мужчына меў намер здзейсніць тэрарыстычны акт у мясцовай вайсковай часткі і яшчэ адзін у Мінску. Праваахоўнікам удалося спыніць злачынства, знайсці і абясшкодзіць самаробныя выбуховыя прылады».
Праз некалькі тыдняў, 19 красавіка, па артыкуле 289 Крымінальнага кодэкса быў затрыманы экс-следчы Яўген Юшкевіч, але ў СІЗА ў яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні, каб ён нават сукамернікам не мог распавесці абставіны справы. Сам Яўген Юшкевіч расцэньвае свой пераслед і затрыманне як помсту за выкладзенае відэа з устаноўкай праслушкі ў машыне яго бацькі, на якой ён прыехаў 17 сакавіка на допыт у Следчы камітэт. Тады Яўген падзяліўся гэтай інфармацыяй у фэйсбуку, бо асцерагаўся правакацый. Праз месяц яго затрымалі.
Напярэдадні Дня Рэспублікі Лукашэнка заявіў, што ў краіне праведзена маштабная «антытэрарыстычная» спецаперацыя. Ён паведаміў пра шэраг тэрактаў, якія прадухілілі беларускія сілавікі: маўляў, планавалася пакушэнне на Азаронка, дыверсія ў лясгасе і выбух на расійскім ваенным вузле сувязі пад Вілейкай. Дзяржаўныя СМІ пазней паказалі кадры затрымання некаторых людзей, усе яны нібыта з чатаў так званых "Атрадаў грамадзянскай самааброны" (ОГСБ).
Таксама як акт тэрарызму праходзяць справы аб блакаванні чыгункі.
Як тэрарыстычны акт кваліфікавалі падпал танка Т-72 на чыгуначнай станцыі ўначы 31 студзеня. Відэа палаючага танка з'явілася ў інтэрнэце ў пачатку лютага, але дзяржСМІ назвалі яго фэйкам, а Мінабароны прадэманстравала непашкоджаны і цэлы танк. Але ўсё ж такі ўзбудзілі крымінальную справу па ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). 26 ліпеня суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў 26-гадовага мінчука Ягора Міхайлава да дзесяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі з падпале танку шляхам кідка ў яго «кактэйля Молатава» з надпісам "ОГСБ". Па версіі абвінавачвання, у выніку дзеянняў Міхайлава ўзнікла "аб'ектыўная небяспека гібелі людзей", хаця патрулюючыя вайскоўцы ў ноч падпалу нават не заўважылі ўзгарання. Некаторыя дазналіся пра інцындэнт з інтэрнэту.
Таксама дзеянні ўсіх 17 фігурантаў справы Аўтуховіча і Аліневіча кваліфікаваны як акт тэрарызму.
"Забіраюць усіх пры хоць якім падазрэнні". Каго затрымліваюць па тэрарыстычным артыкуле?
“Антытэрарыстычную зачыстку” ў Беларусі праводзіць Камітэт дзяржаўнай бяспекі. У беларусаў праводзяць ператрусы, вымаюць тэхніку і іншыя асабістыя рэчы і пасля допытаў ці некалькіх сутак у ізалятарах вызваляюць. Выканаўцы — ці самі супрацоўнікі КДБ, ці па іх паручэнні супрацоўнікі іншых ведамстваў. Некаторыя застаюцца ў статусе падазраваных і сведкаў. Вядома, што ў межах расследвання невядомых справаў па арт. 289 КК (акт тэрарызму) сілавікі прыходзяць да ўдзельнікаў тэлеграм-чатаў, тых, хто раней прыцягваўся па «народным артыкуле» 24.23 (23.34) КаАП.
Пасля вызвалення з Акрэсціна журналіст Алег Груздзіловіч распавёў, што ў ІЧУ ўтрымліваецца шмат людзей па "тэрарыстычнай справе аб падрыве ў Вілейцы". Па ёй сядзеў доктар, які займаўся пэйнтболам, і аспірант БНТУ.
«Забіраюць усіх пры хоць якім падазрэнні. Праўда, пасля і адпускаюць: ведаю, што і доктар, і аспірант ужо на волі», — зрабіў выснову журналіст.
Па "справе тэрарызму" сілавікі прыходзілі нават у рэгіянальныя рэдакцыі незалежных СМІ і да іх рэдактараў і журналістаў. Так, на гэтай падставе ператрус адбыўся ў пінскага выдання "Медыя-Палессе".
9 ліпеня у межах крымінальнай справы аб тэрарызме з удзелам КДБ праводзіўся ператрус у рэдактара «Першага рэгіёну» з Брэста Алега Супрунюка. У выніку забралі тэхніку, але сам Алег Супрунюк на свабодзе і знаходзіцца пад падпіскаю аб неразгалошванні. У той жа дзень праходзіў ператрус у берасцейскага журналіста Максіма Хлябца. Ён праходзіў сведкам па справе аб тэрарызме і цяпер на волі. Пасля ператрусу ў журналіста забралі ноўтбук і тэлефоны.
28 ліпеня ў межах крымінальнай справе «аб тэрарызме» супрацоўнікі КДБ затрымлівалі шэф-рэдактара магілёўскага сайта 6ТV.by Барыса Вырвіча. Дома ў журналіста правялі ператрус, падчас якога канфіскавалі ўсю тэхніку. Затым журналіста павезлі ў міжраённы аддзел КДБ у Шклоў, дзе дапыталі ў якасці сведкі па крымінальнай справе. Шеф-рэдактару паставілі ультыматум - на працягу трох дзён сайт павінен быць выдалены. Пасля гэтага Вырвіча адпусцілі, заявіўшы, што выклічуць яго нанова.
У межах крымінальнай справы па арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму) затрымлівалі і дапытвалі таксама праваабаронцаў «Вясны». 16 ліпеня дома правялі ператрус у праваабаронцы з Рэчыцы Валерыя Пуціцкага. У выніку нічога вынята не было, статуса ў межах крымінальнай справы ён не мае, пасля гутаркі ў КДБ яго вызвалілі. Таксама 16 ліпеня раніцай да праваабаронцы з Рэчыцы Андрэя Мядзведзева ўварваліся супрацоўнікі КДБ, прад’явіўшы пастанову на ператрус у межах нейкай невядомай справы паводле артыкула 289 КК. Пасля допыту, запісу «пакаяльнага відэа», подпісу паперы аб супрацоўніцтве з КДБ яго выпусцілі на волю.
Пераслед нязгодных па тэрарыстычным артыкуле працягваецца і цяпер. Так, 28 ліпеня у межах арт. 289 КК затрымлівалі брэсцкага актывіста, вядомага сваёй БЧБ-прычоскай Андрэя Прыстаўку. У яго забралі тэхніку, дапыталі наконт удзелу ў чатах і вызвалілі. Ён на волі, але застаецца ў статусах сведкі і падазраванага па невядомай "тэрарыстычнай справы".
29 ліпеня як сведку па арт. 289 КК у КДБ затрымалі блогерку Анастасію Пілюгіна. Яна была затрымана 29 ліпеня разам са сваім хлопцам Уладзіславам Піртанём. У Партызанскім РУУСе на іх склалі пратаколы па арт. 24.3 КаАП — непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. На судзе Наста паведаміла, што ў КДБ была дапытаная ў якасці сведкі па арт. 289 КК, але падпіскі аб неразглошванні не дала. Яна звярнула ўвагу, што дапытвалі яе не па крымінальнай справе, а па біяграфіі, а потым адвезлі дадому, дзе супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. У выніку Насту арыштавалі на 15 сутак за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
30 ліпеня ў Іванаве быў ператрус у актывіста Максіма Арцюхевіча. Ён знаходзіўся ў чаце "ОГСБ" — атрад грамадзянскай самаабароны Беларусі. Па справе Максім праходзіць сведкам, на дадзены момант ён знаходзіцца дома.
Па артыкуле «акт тэрарызму» затрымліваюць таксама валанцёраў і актывістаў. Напрыклад, адміністратар фэйсбук-суполкі «Письма солидарности» Сяргей Барысаў. Па справе «падрыву вілейскай станцыі сувязі» на тыдзень затрымлівалі гомельскага палітыка Васіля Палякова. Ён меў статус падазраванага па крымінальнай справе аб тэрарызме. Таксама ў Гомелі на 8 дзён па арт. 289 КК затрымлівалі валанцёра Іллю Міронава. Яго адпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні. 8 ліпеня была затрыманая актывістка з Бараўлянаў Марыя Вайтовіч. Да яе з ператрусам прыйшлі супрацоўнікі КДБ і міліцыі і западозрылі ў «датычнасці да тэрарызму». Марыю затрымалі, нягледзячы на тое, што сям’я гадуе траіх непаўналетніх прыёмных дзяцей, а Марыя перанесла дзве апэрацыі на сэрцы. Пасля 10 сутак на Акрэсціна актывістку вызвалілі.
Гэта далёка не ўвесь спіс. Праваабаронцам вядомы яшчэ дзясяткі іншых выпадкаў, калі арт. 289 КК выкарыстоўваецца ў мэтах пераследу і ціску на нязгодных беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. У Беларусі ўжо артыкул 289 Крымінальнага кодэкса прэтэндуе на назву "народнага", бо цяпер пераслед менавіта па гэтым артыкуле б'е ўсе рэкорды.
"Дэтэктар хлусні", паперы аб супрацоўніцтве, пакаяльныя відэа: метады расследвання сілавікоў па "тэрарыстычным справах"
Як распавядаюць раней затрыманыя, пры расследаванні спраў па чатах, такіх як "ОГСБ", "Буслы ляцяць", сілавікі выкарыстоўваюць паліграф або "дэтэктар хлусні". Адзін з затрыманых распавёў "Вясне", што яго затрымлівалі па чату "Ляцяць буслы". Як стала вядома, нехта нібыта разбіў акно ў «лютай ябацькі», а напад абмяркоўвалася ў чаце "Буслы ляцяць". Таму мінчука вырашылі дапытаць на паліграфе. Паводле яго словаў, паліграфолаг задаў шэраг пытанняў датычных розных імёнаў, "таму што чакалі рэакцыю паліграфа на пэўнае імя". З дапамогай яго дапытвалі і іншых мужчын, затрыманых па гэтай справе.
Масавая «зачыстка» кранула і дваравых актывістаў. На працягу першых трох тыдняў ліпеня супрацоўнікі КДБ прыходзілі з ператрусамі да жыхароў Шабаноў, Ангарскай, Сцыклева і Соснаў. Відавочцы кажуць, сілавкі ўрываліся ў кватэры нават да тых, хто не быў актыўным удзельнікам пратэстных акцый. Адзінае, што іх аб'ядноўвала — дваравыя чаты. Як распавядаюць жыхары Заводскага раёна, падчас ператрусаў супрацоўнікі спрабавалі «знайсці сувязь з тэрарызмам і «ОГСБ».
Па словах жыхароў, якія прайшлі праз ператрусы і допыты, на «суткі» адпраўлялі менавіта тых, у каго дома знаходзілі "пратэстную сімволіку". Судзілі іх за "дробнае хуліганства" ці "непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі". Сярод затрыманых у пачатку ліпеня быў і адміністратар суполкі, якога пакаралі арыштам за адмову адказваць на пытанні супрацоўнікаў. Падчас ператрусу яму выламалі дзверы.
"Забіралі асабістыя фатаграфіі, калі на іх нешта паказвала на грамадзянскую пазіцыю ўладальніка"
Пасля допытаў мінчукі выходзілі з КДБ з падпіскамі аб неразгалошванні. Па словах жыхара аднаго з раёнаў, "супрацоўнікі паводзяць сябе прыстойна, ператрусы праводзяць далікатна, а ў некаторых нават павярхоўна, але варта нешта сказаць пра свае правы — адразу пачынаецца агрэсія». Акрамя тэхнікі супрацоўнікі КДБ выносілі з кватэр усе рэчы чырвона-белай расфарбоўкі, пры гэтым, не заносячы іх у пратакол вопісу. Даходзіла да таго, што забіралі нават асабістыя фатаграфіі, калі на іх нешта паказвала на грамадзянскую пазіцыю ўладальніка.
"Здымалі на відэа, каб псіхолагі вызначылі наяўнасць схільнасці да экстрэмізму"
Пры асабістай гутарцы супрацоўнікі КДБ цікавіліся, чым затрыманых не задавальняе дзейная ўлада, а ў тых, хто раней быў асуджаны па «палітычных» артыкулах, пыталіся, якія высновы зрабілі, і ці плануюць яны зноў удзельнічаць у акцыях пратэсту. Некаторых пасля допыту здымалі на відэа, тлумачачы гэта тым, што псіхолагам неабходна вызначыць наяўнасць схільнасці да экстрэмізму.
У тэлефонах затрыманых сілавікі вывучалі кантакты, сацыяльныя сеткі і спрабавалі знайсці сувязі паміж удзельнікамі чатаў. Яны нават перапісвалі сабе звесткі тых, у каго на аватарках быў заўважаны БЧБ-сцяг. Пры гэтым некаторым адкрыта заяўлялі, што ператрусы і допыты праводзяцца для «стварэння базы дадзеных». Гэтак жа стала вядома мінімум аб адным факце збіцця падчас допыту: мужчыну душылі і некалькі разоў ударылі, пра што сведчылі сінякі на яго целе.
Таксама як распавёў пасля вызвалення рэчыцкі праваабаронца і журналіст Андрэй Мядзведзеў, які таксама затрымліваўся па арт. 289 КК, супрацоўнікі КДБ называюць дзве ўмовы вызвалення: «пакаяльнае відэа» і падпісаць паперу аб супрацоўніцтве.
Праваабаронца: Часта "тэракты" робяцца прыкрыццём для расправы і запалохвання цэлых груп нязгодных
Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка пракаментаваў цяперашні пераслед у Беларусі па тэрарыстычных артыкулах:
«Выбары 2020 года – дакладней, тое, як яны былі задуманыя і праведзеныя, іх вынікі і жорсткае падаўленне пратэстаў пасля іхне маглі прайсці бясследна. Цяжка было чакаць, што ўсе бакі грамадзянскага канфлікту хутка прыйдуць да згоды, асабліва, калі галоўныя вінаватыя не толькі не распачалі мер па грамадзянскаму прымірэнні, а, наадварот, анансавалі бязлітаснае пакаранне нязгодных.
У адсутнасць магчымасцяў «законна» выказаць пратэст з'явіліся рознага роду альтэрнатывы і сурагаты, у тым ліку, аддаленыя ад ідэі мірнага выказвання меркаванняў і негвалтоўнага супраціву. Але вось тэрарызм ці гэта? Часта – не (кажу "часта", таму што не ўсе справы аб тэрарызме былі асветленыя хаця бы з тэндэнцыйнай пазіцыі дзяржаўнай прапаганды).
У апошніх шырока асветленых дзяржаўным ТВ актах тэрарызму нешта не давала ўсвядоміць іх рэальную грамадскую небяспеку: іх кантраляваны пастановачны характар, а таксама тое, што яны сталі магчымымі шмат у чым або ў цэлым толькі ў сілу ўдзелу ў іх укаранёных супрацоўнікаў спецслужбаў (што роўна справядліва і для прызабытай справы «змоўшчыкаў» Зяньковіча, Фядуты і іншых). І так, дарэчы, правакацыя злачынства супрацоўнікам спецслужбаў – гэта злачынства.
Таму часта "тэракты" – гэта магчыма супрацьпраўныя дзеянні некаторых грамадзян, толькі яны становяцца прыкрыццём для расправы і запалохвання цэлых груп нязгодных. Але ў сучасным свеце стала звыклым называць дыскрымінацыю асобных груп вернікаў, нацыянальных меншасцяў і іншадумцаў барацьбой з гвалтоўным экстрэмізмам і тэрарызмам.
У гэтых умовах вельмі зручна апраўдаць татальную зачыстку грамадзянскай супольнасці Беларусі мэтамі барацьбы з тэрарызмам, а тэрміны пакарання ў адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэкса ўвядуць у жах любога «падазраванага» і адаб'юць ахвоту нават думаць аб барацьбе і нязгодзе».