viasna on patreon

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў заклікае вызваліць актывістаў “Вясны” напярэдадні суда ў Гомелі

2021 2021-08-27T11:50:14+0300 2021-08-27T12:20:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gomel_human_rights.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца і Марыя Тарасенка

Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца і Марыя Тарасенка

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), асуджае адвольнае зняволенне Леаніда Судаленкі, Таццяны Ласіцы і іншых праваабаронцаў і валанцёраў Праваабарончага цэнтра “Вясна”: Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка.

Абсерваторыя распаўсюдзіла тэрміновы зварот у сувязі з інфармацыяй аб запланаваным на 3 верасня пачаткам суда над Леанідам Судаленкам, кіраўніком гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна”, а таксама Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка, валанцёркамі “Вясны”, якія працавалі разам з Судаленкам.

У звароце адзначаецца, што справу супраць вясноўцаў будзе разглядаць суддзя Сяргей Салоўскі, вядомы сістэматычнымі несправядлівымі і рэпрэсіўнымі прысудамі ў палітычна матываваных справах, якія адбываюцца ў Беларусі ў пост-выбарчы перыяд.

Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца былі змешчаныя ў гомельскі СІЗА сем месяцаў таму. 1 лютага 2021 года іх абвінавацілі па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (“арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і фінансаванне такой дзейнасці”). Па тым жа артыкуле абвінавачваецца Марыя Тарасенка, якая цяпер знаходзіцца пад падпіскай. Калі праваабаронцаў прызнаюць вінаватымі, ім можа пагражаць да трох гадоў пазбаўлення волі.

Абсерваторыя нагадвае, што на працягу апошніх дваццаці гадоў Леанід Судаленка, разам з многімі іншымі сябрамі “Вясны”, неаднаразова трапляў пад рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў.

“Судовы пераслед трох актывістаў з'яўляецца часткай маштабнай атакі на арганізацыю”, — гаворыцца ў заяве.

Абсерваторыя выказвае занепакоенасць у сувязі з тым, што права на справядлівы суд будзе парушана ў межах гэтага працэса, паколькі затрыманне актывістаў “Вясны”, відавочна, з’яўляецца пакараннем за іх законную праваабарончую дзейнасць.

Абсерваторыя заклікае ўлады неадкладна вызваліць Леаніда Судаленку, Таццяну Ласіцу і ўсіх сябраў “Вясны”, а таксама ўсіх праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў, адвольна зняволеных у Беларусі, і гарантаваць іх фізічную недатыкальнасць, псіхалагічны бяспеку і права на справядлівы суд.

Акрамя таго, аўтары звароту заклікаюць усіх неабыякавых людзей напісаць беларускім уладам з патрабаваннем “пакласці канец усім актам пераследу – у тым ліку на судовым узроўні – у дачыненні да Леаніда Судаленкі, Таццяны Ласіцы, Марыі Тарасенкі і ўсіх іншых сябраў “Вясны” і праваабаронцаў у краіне, і забяспечыць пры любых абставінах, каб яны маглі ажыццяўляць сваю законную дзейнасць без перашкодаў і страху перад расправай”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства