Палітвязня Мікіту Емяльянава больш за месяц утрымлівалі ў ШІЗА і пазбавілі спаткання з роднымі
Больш за месяц ад палітзняволенага Мікіты Емяльянава не было ніякіх звестак: ні тэлефанаванняў, ні лістоў да блізкіх і сяброў. Таму 10 верасня яго родныя патэлефанавалі ў дзяжурную частку турмы №4 і спрабавалі даведацца, што адбываецца з Мікітам.
Дзяжурны патлумачыў, што ніякай інфармацыі па тэлефоне прадаставіць не можа, што трэба прыязжаць у пакой прыёма перадачаў пры турме ці накіроўваць пісьмовы зварот адміністрацыі, адказ на які прыдзецца чакаць не менш за 14 дзён.
Родныя Емяльянава прасілі хаця б паведаміць, ці жывы і здаровы Мікіта? Можа ён утрымліваецца ў ШІЗА? Аднак дзяжурны адмовіўся адказваць на такія пытанні, спасылаючыся на ўнутранныя інструкцыі.
Тады блізкія палітвязня накіравалі пісьмовую заяву ў турму №4 з просьбай патлумачыць, чаму ад Мікіты не прыходзяць лісты, няма тэлефонных званкоў, а таксама даць адказ у найкарацейшыя тэрміны, бо сям’я вельмі хвалюецца за яго стан.
Маючы папярэдні досвед атрымання адказаў ад турэмнай адміністрацыі і зацягванне тэрмінаў, родныя Мікіты Емяльянава не мелі спадзеву, што не атрымаюць чарговую адпіску. Таму да палітвязня быў накіраваны адвакат, каб аказаць хлопцу юрыдычную дапамогу.
Так стала вядома, што больш за месяц Мікіта ўтрымліваўся ў карцары:
- спачатку хлопец атрымаў 7 сутак за парушэнне формы адзення;
- яшчэ 10 сутак – за тое, што спаў на падлозе ў карцары;
- пасля двойчы быў пакараны на 5 сутак за перамовы з суседнім карцарам.
Праз 27 сутак Емяльянаў выйшаў і запатрабаваў адзіночнага ўтрымання, адмовіўся ісці ў камеру, прасіў выдаць паперу і асадку для напісання заявы. Аднак адміністрацыя турмы адмовілася прадаставіць зняволенаму пісьмовыя прыналежнасці, а за непадпарадкаванне хлопца зноў кінулі ў ШІЗА на 10 сутак.
17 верасня скончыўся тэрмін утрымання ў ШІЗА, Мікіта планаваў зноў патрабаваць адзіночнага ўтрымання. Аднак дакладна невядома, выйшаў Емяльянаў з карцара ці зноў быў пакараны за непадпарадкаванне чарговым спагнаннем.
Варта адзначыць, што згодна з правіламі ўнутранага распарадку асуджаны мае права звярнуцца да адміністрацыі з заявай аб адзіночным ўтрыманні пры ўзнікненні пагрозы асабістай бяспекі і адразу быць перамешчаным у бяспечнае месца: адзіночную камеру, памяшканне камернага тыпу ці штрафны ізалятар (не з прычыны пакарання).
Таксама стала вядома, што палітвязня пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, якое на строгім турэмным рэжыме прадугледжана адзін раз на год. Родныя Мікіты збіраліся наведаць хлопца ў кастрычніку гэтага года, але цяпер не змогуць гэтага зрабіць.
Падтрымаць палітвязня лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу |
Як палітвязень Мікіта Емяльянаў спрабаваў набыць кнігі і што з гэтага атрымалася