viasna on patreon

Заява аб прызнанні палітвязнямі прадстаўнікоў "Рабочага руху"

2021 2021-09-28T18:51:41+0300 2021-09-29T17:57:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/azot27.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

28 верасня 2021 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, з усё большай трывогай адзначаем працяг беспрэцэндэнтных па маштабе рэпрэсій у адносінах да арганізацый і прадстаўнікоў нацыянальнай грамадзянскай супольнасці.

На працягу 21-23 верасня адбыліся арышты завадчан і прадстаўнікоў стачачных камітэтаў "Гродна Азота", Беларускага металургічнага заводу, Беларускай чыгункі і "Нафтана". Затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ і СІЗА-3:

  1. Сяргей Шэлест, былы апаратчык цэха "Аміяк-3";
  2. Андрэй Пагерыла, былы слесар-рамонтнік цэха "Аміяк-3";
  3. Уладзімір Жураўка, былы аператар ДПК цэха "Аміяк-3";
  4. Валянцін Цераневіч, памочнік майстра на заводзе "Хімвалакно", намеснік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза "Гродна Азота";
  5. Дзмітрый Елісееў, супрацоўнік БМЗ;
  6. Святлана Зыль, былая супрацоўніца БМЗ;
  7. Аляксандр Гашнікаў, супрацоўнік БМЗ;
  8. Сяргей Дзюба, Беларуская чыгунка;
  9. Максім Саковіч, старшы энергадыспетчар Беларускай чыгункі;
  10. Ганна Аблаб, Беларуская чыгунка;
  11. Аляксандр Капшуль, былы юрысконсульт ААТ "Нафтан", завода "Палімір".

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яны затрыманыя па падазрэнні ў здрадзе дзяржаве. Некаторыя затрыманыя падазраюцца ў змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады. Таксама дзяржаўныя СМІ паведамілі пра завядзенне крымінальнай справы за стварэнне экстрэмісцкага фармавання: затрыманні звязваюць з дзейнасцю арганізацыі "Рабочы рух", прызнанай уладамі экстрэмісцкай. Мэтамі і патрабаваннямі гэтай арганізацыі, акрамя сацыяльна-эканамічных, былі спыненне ўжывання гвалту і пераследу з боку сілавых ведамстваў у адносінах да мірных грамадзянаў, вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і адмена вынесеных у адносінах да іх судовых прысудаў, а таксама адстаўка А.Лукашэнкі з пасады прэзідэнта.

Мы ўпэўненыя, што сапраўдным матывам зняволення пералічаных асобаў з'яўляецца іх негвалтоўная дзейнасць па прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцяў, а таксама правамерная рэалізацыя свабоды асацыяцый, свабоды меркаванняў і іх выказвання.

На падставе гэтага мы лічым пераслед і пазбаўленне волі прадстаўнікоў працоўнага руху палітычна матываваным, звязаным з негвалтоўнай дзейнасцю, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".

Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Сяргея Шэлеста, Андрэя Пагерылу, Уладзіміра Жураўку, Валянціна Цераневіча, Дзмітрыя Елісеева, Святлану Зыль, Аляксандра Гашнікава, Сяргея Дзюбу, Максіма Саковіча, Ганну Аблаб, Аляксандра Капшуля і спыніць іх адвольны пераслед, спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

"Прававая ініцыятыва";

Lawtrend;

Белорусский ПЕН-центр.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства