viasna on patreon

Два месяцы арышту прызначылі жыхару Баранавічаў за каментар пад пастом пра вайскоўца

2021 2021-09-28T20:01:23+0300 2021-09-29T11:37:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/baranavichy-sud-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Баранавіцкага раёна. Фота: intex-press.by

Суд Баранавіцкага раёна. Фота: intex-press.by

У судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы 28 верасня адбыўся суд над Віталём Коршунам, якога вінавацілі ва ўздзеянні на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характара яго дзейнасці шляхам пагрозы знішчэння маёмасці (арт. 365 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Аксана Копач, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляў Вадзім Карачун. Пацярпелым па справе быў прызнаны кантралёр 1-га аддзялення 2-га стралковага ўзводу вайсковай часткі №7404, старшыня Сяргей Балабановіч.

Паводле абвінавачвання, Віталь Коршун 21 верасня 2020 года размясціў у тэлеграм-чаце “Бараўкі 97%” пад фота з выявай пацярпелага паведамленне наступнага зместу: “А хто гэта? АМАП? Тады прапаную спаліць яго кватэру <лаянка>, скажыце адрас”. Паводле вынікаў судова-лінгвістычнай экспертызы, змешчаны Віталём Коршунам тэкст мае пабуджальны характар, які заклікае да дзеяння, накіраванага на прычынення шкоды пацярпеламу. А згодна арт. 14 Закона “Аб унутраных войсках”, на вайскоўцаў пры выкананні абавязкаў органаў унутраных спраў распаўсюджваецца статус супрацоўніка ўнутраных спраў, а самі вайскоўцы з’яўляюцца прадстаўнікамі ўлады і знаходзяцца пад асаблівай аховай дзяржавы. Такім чынам, Віталь Коршун здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжана арт. 365 Крымінальнага кодэкса.

Віталь Коршун сваю віну прызнаў цалкам. Суду распавёў, што пасля выбараў прэзідэнта знаходзіўся ў цэнтры падзей, бачыў, што робіцца, як стралялі ў людзей, і пад эмоцыямі напісаў паведамленне. Далейшых дзеянняў ніякіх не рабіў, а сам каментар выдаліў у той жа дзень, бо вырашыў, што гэта “занадта”,  пацярпелага раней не ведаў, не разумеў, што Балабановіч з’яўляецца супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

Пацярпелы Балабановіч адзначыў, што ў яго абавязкі ўваходзіць суправаджэння асуджаных, аказанне садзейнічання органам унутраных спраў, ахова. Пра публікацыю пацярпелы даведаўся ад камандзіра батальёна, які паказаў пост пра Балабановіча ў тэлеграме, і там ужо былі розныя заклікі пад пастом. Ён ацэньваў каментары як рэальную пагрозу, баяўся за сябе і сваю сям’ю, а абвінавачаны не спрабаваў прасіць прабачэння ці нейкім іншым чынам загладзіць віну. Цікава, што інфармацыю пра месца жыхарства пацярпелага распаўсюдзіў яго хрэснік (гэту інфармацыю вылічыў сам Балабановіч). Пад публікацыяй было і шмат іншых каментароў, але ніякіх наступстваў і пагроз не было, хаця вайсковец сапраўды выконваў службовыя абавязкі па ахове правапарадку ў Мінску ў жніўні мінулага года.

У судзе сведкай выступіла жонка АМАПаўца Таццяна Балабановіч, якая паказала, што пра публікацыю ў тэлеграме даведалася ў напрыканцы верасня, у каментары абвінавачаны запытваўся адрас месцажыхарства яе сям’і, каб спаліць кватэру, жанчына спужалася, таму дзеці на працягу месяца жылі ў яе бацькоў, а асабісты аўтамабіль ставілі на платную стаянку.

Таксама сведкам выступіў і камандзір пацярпелага Сяргей Ткач, які распавёў, што ў верасні 2020 года на дзяжурстве пабачыў публікацыю ў тэлеграм-канале і паказаў яе Балабановічу, які быў у той дзень на службе, сказаў, каб папярэдзіў жонку, што ёсць пагрозы ў яго адрас. На наступны дзень накіраваў падначаленага з заявай у Баранавіцкі ГАУС.

У спрэчках бакоў пракурор прасіў суд прызнаць Віталя Коршуна вінаватым і пакараць яго арыштам тэрмінам на два месяцы.

Абаронца казала, што Коршун не аспрэчваў сваю віну: пакінуў каментар пад эмоцыямі ад падзей жніўня 2020 года, але падумаўшы, ён выдаліў дадзены запіс. Прасіла ўлічыць стан здароўя абвінавачанага і прызначыць пакаранне ў выглядзе штрафа.

У выніку суддзя Аксана Копач падтрымала пазіцыю дзяржаўнага абвінаваўцы, прызнала Віталя Коршуна вінаватым ва ўздзеянні на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характара яго дзейнасці шляхам пагрозы знішчэння маёмасці і асудзіла яго да двух месяцаў арышту.

Судовы працэс цягнуўся каля 45 хвілін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства