viasna on patreon

Спыніў тралейбус 77 маршруту: пракурор запатрабаваў тры гады абмежавання волі і больш за 21 тысячу рублёў кампенсацыі

2021 2021-09-29T14:20:11+0300 2021-09-29T15:46:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/chartkou_kiryk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кірыл Чарткоў

Кірыл Чарткоў

Суд Ленінскага раёна Мінска 29 верасня пачаў разгляд крымінальнай справы Кірыла Чарткова, якога вінавацяць у арганізацыі або актыўным ўдзеле у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).

Справу разглядае суддзя Юлія Шут, дзяржабвінаваўца – пракурор Вердыш.

Палітвязня Кірыла Чарткова затрымалі 14 жніўня 2021 года, да суда ён быў змешчаны пад варту ў СІЗА №1.

З матэрыялаў следства вядома, што 11 жніўня 2020, прыкладна каля апоўначы, Чарткоў прыняў удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, далучыўся да неўстаноўленых асоб і рухаўся па праспекце Пушкіна, Прытыцкага і Кальварыйскай, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў. Выкрыкваў лозунгі і гучна пляскаў далонямі, парушаючы спакой грамадзян. Каля дому №37 на вуліцы Кальварыйскай перагарадзіў рух транспарту.

Сваю віну прызнаў часткова.

Але паведаміў, што спыняў тралейбус 77 маршруту. Астатняга транспарту там не было.

У судзе патлумачыў, што 10 жніўня 2020 выйшаў на вуліцу з-за заклікаў у інтэрнэце. З дому пайшоў на Кальварыйскую паглядзець, што адбываецца ў горадзе.

Прызнаўся, што спыніў тралейбус 77, каб саступіць месца хуткай дапамогі. Пастаяў каля хвіліны. Потым, калі кіроўца папрасіў адысці, ён адыйшоў у бок.

У судзе, у сувязі з істотнымі супярэчнасцямі, агучылі паказанні, дадзеныя раней, 2 верасня 2020 года. Там абвінавачаны сведчыў, што свядома спыняў транспарт, каб не маглі праехаць аўтамабілі, стварыць затор, каб не маглі праехаць аўтазакі і не змаглі затрымаць мірных пратэстоўцаў і збіць іх.

Суддзя запытаўся, чаму ён хаваўся ад следства?

- Я не хаваўся, быў у сварцы з маці і дома не жыў. Працаваў доўгі час вахтавым метадам.

kalvsryja-traleibus-77.jpg
Мінск, Пушкінская, 10 жніўня 2020 года. Фота: Наша Ніва.

Што вядома пра абвінавачанага?

Кірыл Чарткоў нарадзіўся ў 2002 годзе, працуе камплектоўшчыкам на прадпрыемстве “Мотэкс” у Мінску. Сям’і пакуль не мае.

Абвінавачванне просіць прызнаць па справе грамадзянскім пазоўнікам прадпрыемства “Мінсктранс” і задаволіць матэрыяльную прэтэнзію, звязанаю з парушэннем працы грамадскага транспарту ў памеры 21 667 рублёў 87 капеек.

У суд запрасілі сведак: Анастасію Чарткову, маці абвінавачанага. Яна адмовілася ад дачы паказанняў. Сведка Кірэйчык на пасяджэнне не з’явіўся.

Далей у судзе дапыталі былую дзяўчыну Чарткова. Яна патлумачыла, што бачыліся з абвінавачаным толькі днём. Ён прыходзіў да яе. Хадзілі на вуліцу разам прагуляцца. Увечары не хадзіла нікуды, бо ёй не было яшчэ 18 гадоў.

Наступны сведка - кіроўца грамадскага транспарту (тралейбуса 77) Яўген Чаркаш сведчыў, што калі ехаў у парк, было каля 12 гадзін ночы. На Пушкінскай спыніўся некалькі разоў, бо стаялі машыны. Людзі стаялі ўжо бліжэй да Гусоўскага. Спыніўся трохі, потым праехаў. На Харкаўскай яшчэ раз спынілі.

Высадзіў пасажыраў раней, паколькі пасажырам хутчэй было дайсці. Павінен быў ехаць з Сапёраў на Сухарава, але потым змянілі маршрут і з Сапёраў адразу паехаў у парк.

Абаронца Чарткова запрасіла прадстаўніка “Мінсктранса”, юрысконсульта Анастасію Кузняцову прадставіць эканамічныя разлікі нанесенай прадпрыемству шкоды.

Пытанні адваката да пазоўніка.

- Якім чынам рабіўся разлік?

- Робяць службовыя асобы прадпрыемства, іх можна дапытаць у судзе. Сама не ведаю як.

Спыталі як туды патрапілі трамваі. Адказала, што ўсё пазначана ў актах, якіх з сабой у яе няма.

- Якім чынам тралейбусны маршрут 77 рухаецца?

- Прабачце, я пра 77 маршрут пачула толькі сёння. Я не магу нічога патлумачыць.

Хто канкрэтна складаў разлік - не ведае.

Дзяржабвінаваўца ў спрэчках сказаў, што дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя правільна. Змякчальных і абцяжарваючых абставін не выяўлена. Прызнаць Чарткова вінаватым і прызначыць тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Аплаціць працэсуальныя выдаткі звязаныя з вышукам абвінавачанага ў памеры 30 базавых велічынь.

Грамадзянскі пазоўнік дадаў, што ў выпадку прызнання вінаватым спагнаць з яго суму ў памеры 21 тысячу 667 рублёў.

Пазіцыя адваката

Абвінавачаны не прызнаў віну ў частцы парушэння працы іншых маршрутаў, акрамя 77. Не перакрываў рух на Прытыцкага і на праспекце Пушкіна. Прад'яўленае абвінавачанне не знайшло свайго пацверджання як на папярэднім следстве, так і ў судзе. Не знайшло сваё пацверджанне і тое, што падабаронны дзейнічаў у групе асоб.

Просіць апраўдаць у сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Чарткова складу злачынства.

Прысуд будзе абвешчаны ў 14-30 30 верасня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства