viasna on patreon

"Уся мая салідарнасць і прызнанне з імі". У яшчэ 10 палітвязняў з'явіліся еўрапейскія "хросныя"

2021 2021-09-29T14:40:48+0300 2021-09-29T17:43:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/filiz_polat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай нямецка-швейцарскай праваабарончай суполкай Libereco, сімвалічныя "хросныя" з’явіліся ў беларускіх палітвязняў Паўла Мазько, Марыны Золатавай, Уладзіміра і Надзеі Калачоў, Дзмітрыя Панько, Уладзіслава Макавецкага, Пятра і Юлію Марчанак, Алены Талкачовай і Міхаіла Феранца.

catherine-ardagh.jpg

Кэтрын Ардаг, дэпутатка верхняй палаты парламента Ірландыі, стала “хроснай” Паўла Мазько. Яна заявіла:

“Я падтрымліваю Паўла Мазько, які выступае за дэмакратыю, што з’яўляецца падмуркам тых асноўных свабодаў, якія мы ў Ірландыі ўспрымаем як данасць. Я заклікаю ўлады Беларусі вызваліць 18-гадовага палітвязня Паўла, які знаходзіцца ў турме з сакавіка 2021 года, таму што ўдзельнічаў у мірнай дэманстрацыі пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Абуральна, што гэты малады чалавек, які вядомы сваім валанцёрствам у падтрымку людзей з інваліднасцю, трапіў у турму па палітычных матывах”.

alois-rainer.jpg


Дэпутат нямецкага Бундэстага Алоіс Райнер сказаў з нагоды свайго рашэння падтрымаць Марыну Золатаву:

“Што тычыцца маючых адбыцца выбараў у Бундэстаг, мы павінны ўсвядоміць нашу дэмакратычную сістэму, свабоду слова, а таксама свабоду прэсы і сродкаў масавай інфармацыі. У частцы нашых краін-суседак ва Усходняй Еўропе гэтыя каштоўнасці былі адмененыя. Выбары ў Беларусі ў мінулым годзе не былі арганізаваны дэмакратычным шляхам. З таго часу былі задушаныя імкненні беларускага цывілізаванага грамадства да дэмакратыі. Урад праводзіць стратэгію запалохвання і гвалту. У гэтыя часы жыхары Беларусі маюць патрэбу ў міжнароднай падтрымцы на шляху да дэмакратыі. Я маю гонар стаць “хросным” Марыны Золатавай. Яна з’яўляецца галоўнай рэдактаркай TUT.BY, найбуйнейшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва краіны. У рамках крымінальнай справы, распачатай супраць TUT.BY за ўхіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры, яна і яе калегі былі затрыманыя 18 траўня 2021 года. Аднак мяркуецца, што гэты пераслед з’яўляецца палітычна матываваным і звязаным з яе важнай функцыяй і значэннем для незалежнай прэсы ў Беларусі. Як дэпутат нямецкага парламента я заклікаю вызваліць Марыну Золатаву і ўсіх далейшых несправядліва зняволеных грамадзян, у тым ліку спыніць гвалт і правесці свабодныя і сумленныя выбары ў Беларусі”.

helmut-scholz.jpg

Дэпутат Еўрапейскага парламента Гельмут Шольц стаў “хросным” Надзеі і Уладзіміра Калачоў.

“Я падтрымліваю Надзею і Уладзіміра Калачоў, вакалісткай і дударом фолк-рок-гурта Irdorath, і заклікаю неадкладна іх вызваліць. Яны былі затрыманыя за ўдзел у групавых акцыях, якія груба парушаюць грамадскі парадак за забеспячэнне музычнага суправаджэння мірных маршаў пратэсту. Неверагодны факт для трэцяга дзесяцігоддзя 21-га стагоддзя. Але гэта глыбокая рана для ўсеагульных правоў чалавека, прызнаных амаль усімі дзяржавамі свету, у тым ліку і ў Беларусі, калі выканаўцы затрымліваюцца зусім неабгрунтавана падчас рэалізацыі сваёй страсці і права на свабоду слова, выказвання меркаванняў і сходаў. Людзі ў Беларусі хочуць рэалізаваць сваё права на ўдзел у фарміраванні дэмакратычнага плюралістычнага грамадства ў рэальных умовах. Што ў гэтым дрэннага? Мы ў Еўрапейскім парламенце будзем і надалей паслядоўна падтрымліваць гэтыя правы і таму таксама зробім усё магчымае для падтрымкі палітвязняў у Беларусі. Я спадзяюся, што ў іх усё добра, нягледзячы на абставіны, што яны не падвяргаюцца рэпрэсіям або псіхічнаму і фізічнаму гвалту, і, самае галоўнае, спадзяюся, што яны хутка зноў змогуць выступаць на сцэне. Здушыць мастацтва – значыць задушыць любое грамадскае развіццё. Калісьці задушаная падчас паліцэйскай рэакцыі ў Германіі ў XIX стагоддзі, простая народная песня актуальная і сёння: “Думкі – вольныя, хто іх адгадае, яны пралятаюць, як начныя цені. Ніхто іх не ведае, ніякія сутарэнні не могуць іх зняволіць. Няхай так і будзе: думкі – вольныя!” Трымайцеся, Надзея і Уладзімір, мы з вамі ў думках!” — сказаў сп. Шольц.

tomas-martinek.jpg

Дэпутат парламента Чэхіі Томаш Марцінэк узяў на сябе абавязкі “хроснага” Дзмітрыя Панько.

“Я ў шоку ад сітуацыі ў Беларусі і парушэнняў правоў чалавека там. Я разглядаю свабоду сходаў і свабоду слова як асноўныя свабоды, якія нельга адмаўляць. Я падтрымліваю Дзмітрыя Панько і спадзяюся, што ён будзе вызвалены і апраўданы па ўсіх абвінавачваннях”, — сказаў ён.

thijs-reuten.jpg

Дэпутат Еўрапарламента Тэйс Рэўтэн падтрымаў Уладзіслава Макавецкага. Ён адзначыў:

“Сітуацыя ў Беларусі жахлівая. Вельмі сумна, што ў Беларусі зараз больш за 600 палітвязняў. Сярод іх жанчыны і мужчыны, маладыя і старыя. Адзін з іх – 27-гадовы мастак Уладзіслаў Макавецкі, які збірае і рэканструюе гістарычныя артэфакты. Яго ілжыва абвінавацілі і яму пагражае два гады турмы. Еўропа не можа адвярнуцца ад адважных жыхароў Беларусі. Іх барацьба за дэмакратыю – гэта наша барацьба”.

Філіз Полат, дэпутатка нямецкага Бундэстага, узяла на сябе абавязкі “хроснай” Пятра і Юліі Марчанак. Яна сказала:

“Я глыбока ўражаная адважнымі беларусамі, якія змагаюцца за дэмакратыю, свабоду і правы чалавека ў сваёй краіне. Уся мая салідарнасць і прызнанне з імі. Мы, дэмакраты, павінны стаяць разам, быць пільнымі і падтрымліваць адно аднаго. Вось чаму я, як дэпутатка нямецкага Бундэстага, бяру на сябе абавязкі “хроснай” гэтай пары – Пятра і Юліі Марчанак. Гітарыст вядомага беларускага фолк-гурта Irdorath, Пётр выступаў падчас пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. Свабода выказвання меркаванняў і мастацкая свабода – гэта падмурак дэмакратыі і вяршэнства права, а не злачынства. Я заклікаю да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Пятра і Юліі Марчанак і ўсіх іншых палітвязняў у Беларусі”.

Дэпутатка Швейцарскай нацыянальнай рады Марціна Мунц заявіла з нагоды рашэння апекавацца лёсам Алены Талкачовай:

“Я заклікаю беларускі рэжым вызваліць журналістку Алену Талкачову. Спадарыня Талкачова была арыштаваная ў межах расследавання супраць навінавай платформы TUT.BY 18 траўня 2021 года і з таго часу бязвінна сядзіць у турме. Гэта парушэнне правоў чалавека і, у прыватнасці, права на свабоду выказвання меркаванняў. Дзеянні дыктатара Лукашэнкі трэба асудзіць самым рашучым чынам”. 

yulia-klymenko.jpg

Дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны Юлія Клыменка будзе “хроснай” Міхаіла Феранца. Яна заявіла:

“Грамадзянін Украіны Міхаіл Феранец несправядліва зняволены рэжымам Лукашэнкі на тры гады за абарону і заахвочванне асноўных свабод і дэмакратычных каштоўнасцей. Ён перажыў псіхалагічныя і фізічныя катаванні і застаўся моцным. Я заклікаю да неадкладнага вызвалення Міхаіла Феранца і ўсіх 700 палітвязняў у Беларусі. #WeStandBYyou”.


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства