Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні чатырох новых палітвязняў
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
29 верасня 2021 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.
Таксама ў адносінах да апанентаў улады неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай пры адсутнасці дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях". "Утрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць суду, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асобаў, якія чакаюць судовага разгляду па крымінальным абвінавачванні, то бок пасля выстаўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, што ахоплівае перыяд да выстаўлення абвінавачвання, вынікае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачваных не павінна быць агульнай практыкай. Узяцце пад варту павінна быць заснавана на рашэнні, якое прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку, аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх акалічнасцяў дзеля такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны ўтрымоўваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"… дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".
У прыватнасці, нам вядома пра ўзяцце пад варту:
- Аляксея Бычкоўскага паводле ч. 6 арт. 16 і арт. 364, ч. 6 арт. 16 і арт. 130, ч. 3 арт. 201-1, арт. 352 КК (дапамаганне ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненых групай асобаў і інш.) за перадачу даных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу;
- Дзмітрыя Падрэза ў СІЗА паводле арт. 130 КК за перадачу даных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу.
Таксама нам вядома пра асуджэнне:
- Яўгена Харашкевіча паводле ч. 1 арт. 130, 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч.1 арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) да 4 гадоў зняволення ў папраўчай калоніі;
-
Валерыя Богдана паводле ч. 1 арт. 130, ч. 2 арт. 367 (паклёп у адносінах да прэзідэнта), ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта).
У дзеяннях гэтых асобаў адсутнічалі матывы нянавісці, а таксама яны не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў па нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметах.
У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачваных быў наступствам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, былі выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у адносінах да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзянаў.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачваных.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- d) асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Аляксея Бычкоўскага, Дзмітрыя Падрэза, Яўгена Харашкевіча, Валерыя Богдана з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець прынятыя ў адносінах да гэтых палітвязняў меры, працэсуальныя рашэнні і прысуд пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на рашэнне пра меру стрымання і прысуд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Lawtrend;
"Прававая ініцыятыва";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.