viasna on patreon

Тры гады “хатняй хіміі” і 6000 рублёў пацярпелым – прысуд Святлане Бараноўскай за абразу дзевяці супрацоўніц АМАП

2021 2021-10-08T11:09:21+0300 2021-10-08T20:15:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/baranouskaija.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Святлана Бараноўская пасля прысуду

Святлана Бараноўская пасля прысуду

У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска 7 кастрычніка агучылі прысуд Святлане Бараноўскай, якую вінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады – дзевяці супрацоўніц АМАП.

Справу разглядала суддзя Юлія Крэпская, бок дзяржаўнага абвінавачвання падтрымліваў Дзмітрый Хаваўка.

Паводле абвінавачвання, 1 сакавіка 2021 года Святлана Бараноўская, маючы намер на абразу прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, з дапамогай мабільнага тэлефона пакінула каментар пад фотаздымкам дзевяці супрацоўніц АМАП, размешчаным у тэлеграм-канале “Каратели Беларуси”, наступнага зместу: “Вось мразі”. Дадзены каментар, па словах пракурора, утрымлівае негатыўную ацэнку пацярпелых, мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, якая разглядаецца як недапушчальная, некарэктная, непаважлівая, тым самым Бараноўская публічна абразіла супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, прычыніла шкоду іх гонару і годнасці, прынізіла аўтарытэт супрацоўніц у вачах навакольных, падарвала прэстыж кіраўніцкай дзейнасці дзяржавы.

Пацярпелымі па справе былі прызнаныя супрацоўніцы мінскага АМАП: камандзір 22 узвода атрада міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП) Краўчанка А., камандзір групы 22 узвода АМАП Шкулёва А., міліцыянт 22 узвода АМАП Шахава Г., міліцыянт 7 узвода АМАП Якуша К., міліцыянта Івановай А., камандзір роты 22 узвода Міцко Г., фельчар 2 аператыўнай роты Лысак Я., камандзір аддзялення 22 узвода Макштарова К., міліцыянт 22 узвода Дрозд Ю.

Святлана Бараноўская прызнала віну поўнасцю. У судзе распавяла, што была падпісаная на розныя апазіцыйныя тэлеграм-каналы, напрыклад, “Каратели Беларуси”, “Nexta”, “Типичная Беларусь” і г.д.

“Я адкрыла канал, пабачыла фотаздымак, дзе была проста “паласа” ў АМАПаўскай форме, магчыма была нейкая інфармацыя. Было вельмі шмат людзей у міліцэйскай форме, зразумела цяпер, што гэта былі жанчыны. Я дрэнна рэагую на супрацоўнікаў гэтай службы. На эмоцыях пакінула гэты кароткі каментар, закрыла канал і даволі хутка забыла”, - адзначыла абвінавачаная.

Жанчына параўнала сваё эмацыйнае дзеянне з такім, калі “ідзеш і выпадкова стукнешся пальцам аб кут, выгукнеш дрэннае слова і пойдзеш далей - і гэта не азначае кагосьці абразіць”. Сказала, што прыблізна такія эмоцыі адчувала, не мела намеру на абразу, пасля – прынесла прабачэнне, у тым ліку яе запісалі на відэа ў аддзяленні міліцыі і прадэманстравалі па дзяржаўным тэлебачанні.

У судзе дапыталі пацярпелых. Яўгенія Лысак сказала, што негатыўна ўспрыняла размешчаную публікацыю і каментар абвінавачанай пад ёй. Заявіла кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 500 рублёў.

Юлія Дрозд бачыла ў тэлеграм-канале “Каратели Беларуси” публікацыю пра сябе і калегаў, а таксама каментары пад ёй, пасля перажывала за сябе і сваю сям’ю. Заявіла кампенсацыю маральнай шкоды у памеры 500 рублёў.

Кацярына Макштарова таксама бачыла публікацыі і перажывала сама, яе сям’я і калегі таксама перажывалі, была ў прыгнечаным стане, каментар прынізіў яе “гонар і годнасць і як супрацоўніцы, і як жанчыны, і як чалавека”. Прасіла кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў.

Ганна Шахава сказала, што каментар яе абразіў, прынізіў гонар і годнасць, прасіла кампенсаваць маральныя пакуты на суму ў 500 рублёў.

Алена Шкулёва бачыла, што ў тэлеграм-канале быў выкладзены фотаздымак у тым ліку з ёй, а карыстальнікі пакідалі абразлівыя каментары. Таксама запрасіла 500 рублёў за перажыванні свае, сваёй сям’і і калегаў.

Аксана Краўчанка бачыла пад выкладзеным фотаздымкам шмат негатыўных каментароў, пасля таго, як прачытала, не магла зразумець – чаму так выказваюцца ў іх адрас? Прасіла кампенсаваць маральныя пакуты ў памеры 500 рублёў.

Анастасія Іванова заявіла кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў, сказала, што таксама чыясьці дачка, бацькі перажывалі за яе, сама была ў прыгнечаным стане.

Кацярына Якуша бачыла фотаздымак і нецэнзурныя каментары пад ім, сказала, што паважае сваю форму і не разумее, чаму чалавек негатыўна рэагуе на форму і не глядзіць на твары.

“Людзі ў гэтай форме ратуюць жыцці, падстаўляюць свае целы пад кулі, абараняючы грамадзянаў Беларусі, гінуць. І зараз чуць гэта – вельмі абразліва, мне як жанчыне і як супрацоўніцы міліцыі”, - сказала Якуша і заявіла пазоў на 10 000 беларускіх рублёў.

Адзначыла, што не прымае прабачэнні Святланы Бараноўскай. Таксама падкрэсліла, што на нервовай глебе ў яе падвысіўся цукар у крыві, і цяпер яна прайшла абследаванне і хварэе на цукровы дыябет, будзе з кожнага абразніка патрабаваць кампенсацыю за страчае здароўе.

Ганна Міцко таксама перажывала з-за каментару, была ў прыгнечаным стане, заявіла кампенсацыю ў 500 рублёў.

Падчас спрэчак бакоў пракурор Дзмітрый Хаваўка прасіў суд прызнаць Святлану Бараноўскую вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады. Таксама задаволіць заяўленыя грамадзянскія пазовы пацярпелых з улікам прынцыпаў разумнасці і справядлівасці.

У апошнім слове абвінавачаная прасіла строга не караць і паменшыць памер выплатаў па заяўленых кампенсацыях.

Суддзя Юлія Крэпская пастанавіла прызнаць Святлану Бараноўскую вінаватай у публічнай абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў і на падставе арт. 369 прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады, тэлефон жанчыны канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства. Грамадзянскія пазовы задаволіць, і спагнаць з абвінавачанай кампенсацыю маральнай шкоды на карысць супрацоўніц АМАП Лысак, Дрозд, Шахавай, Шкулёвай, Краўчанка, Міцко па 500 рублёў кожнай, а Макштаровай, Якуша, Івановай – па 1000 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства