"На працягу гадзіны прыйшло больш за тысячу абразаў". Мінчука асудзілі за знявагу міліцыянта, які на пікеце 29 траўня ў Гродне апынуўся на зямлі
У судзе Савецкага раёна Мінска 27 кастрычніка паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) да двух з паловай гадоў "хатняй хіміі" асудзілі 57-гадовага Андрэя Васілеўскага. Мужчыну прызналі вінаватым у абразе супрацоўніка міліцыі з Гродна Уладзіміра Казлоўскага — таго самага міліцыянта, які паваліўся на зямлю падчас тузаніны 29 траўня мінулага года на выбарчым пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Паводле версіі абвінавачвання, Васілеўскі пакінуў каментар у "Аднакласніках" пад допісам Вольгі Карач са словам "мразь". На той момант Казлоўскі працаваў старшым участковым, цяпер ён — начальнік штаба УУС Ленінскага раёна Гродна. Васілеўскага, які мае другую групу інваліднасці ў сувязі з праблемамі з сэрцам, трымалі пад вартай за каментар амаль месяц. Пасля абвяшчэння прысуду яго вызвалілі ў зале суда. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Волк, дзяржабвінавачванне падтрымліваў пракурор Уладзімір Рабаў.
У чым абвінавацілі?
Паводле версіі абвінавачвання, Андрэй Васілеўскі 30 траўня 2020 года на старонцы у "Аднакласніках" пад допісам Вольгі Карач з мэтай знявагі гонару і годнасці ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў па ахове грамадскага парадку пакінуў каментар у дачыненні да Уладзіміра Казлоўскага са словам "мразь", якое лінгвістычная экспертыза прызнала абразлівым.
Віну абвінавачаны прызнаў на судзе і раскаяўся ў зробленым.
"Так, я пагарачыўся", — сказаў Васілеўскі.
Казлоўскі: 30 траўня на працягу гадзіны прыйшло больш за тысячу абразаў і пагрозаў
Пацярпелага начальніка штаба УУС Ленінскага раёна Гродна Уладзіміра Казлоўскага дапыталі на судзе праз відэаканферэнцсувязь на Skype.
"Усё пачалося 29 траўня [мінулага года], калі я заступіў на ахову грамадскага парадку на тэрыторыі Ленінскага раёна Гродна, дзе праходзіла пікетаванне па зборы подпісаў кандыдата ў прэзідэнты. Нёс службу разам з напарнікам Хваленем. Пасля ў дачыненні да мяне і да Хвалені быў ўжыты гвалт. Нас для аказання медыцынскай дапамогі даставілі ў лякарню. 30 траўня [мінулага года], знаходзячыся ў лякарні, каля 10-й гадзіны на мой мабільны тэлефон у розных сетках: у "Аднакласніках", "ВКонтакте", Instagram — цягам гадзіны прыйшло больш за тысячу абразаў, пагрозаў ужывання гвалту як у дачыненні да мяне, гэтак і ў дачыненні да маіх родных і блізкіх. Пасля чаго я заблакаваў усе старонкі ва ўсіх сацсетках. Карыстальнікі самі пабачылі, што мае старонкі закрытыя, недасяжныя, таму пачалі дадаваць паведамленні на адрас маёй маці, жонкі. Пасля ад супрацоўнікаў УУБ мне стала вядома, што на старонцы ў "Аднакласніках" Вольгі Карач быў пакінуты каментар абразлівага характару ў адносінах да мяне. Усё, па гэтым факце была напісаная заява. Быў фотаздымак, наколькі я памятаю, дзе я ажыццяўляў свае службовыя абавязкі ў 2017-м ці 2018-м годзе на вуліцы Савецкай. І таксама былі па-мойму допісы і каментары іншых грамадзян, якіх прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаванае пікетаванне.
Канкрэтна каментар абражаў мяне як супрацоўніка міліцыі, як прадстаўніка ўлады, насіў негатыўны характар і ацэнку маіх дзеянняў".
На судзе Казлоўскі не змог узгадаць, калі канкрэтна даведаўся пра публікацыю Васілеўскага:
"Вы ведаеце, з прычыны мінулага часу і столькіх каментароў і абразаў, якія былі пакінутыя ў дачыненні да мяне, дакладна азначыць дату я не магу".
"Адзінае, што я зразумеў, — што вы пайшлі на падвышэнне па службовай лесвіцы"
На судзе Казлоўскаму складана было вылучыць каментар Васілеўскага сярод іншых і растлумачыць на судзе, якія маральныя пакуты атрымаў, таму ён зачытаў загадзя падрыхтаваны тэкст:
"Я з'яўляюся супрацоўнікам АУС. У гэты час праходжу службу начальнікам штабу УУС адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска, раней праходзіў службу на пасадзе старшага ўчастковага інспектара.
Каментар прычыніў мне маральныя пакуты, з'явіўся прычынай адчутых мной перажыванняў, негатыўных пачуццяў. Васілеўскі, ігнаруючы агульнапрынятыя правілы супольнага жыцця паміж людзьмі, патрабаванні агульначалавечай маралі, размясціў у непрыстойнай па форме зневажальнае тэкставае паведамленне, чым дыскрэдытаваў мяне ў вачах грамадскай думкі, нанёс удар па аўтарытэце, прынізіў мае прафесійныя якасці. Агульнадаступнасць размешчанай інфармацыі паслужыла дадатковым фактарам маіх эмацыйных перажыванняў".
"З прачытанага тэксту адзінае, што я зразумеў, — што вы пайшлі на падвышэнне па службовай лесвіцы", — пракаментаваў гэта абаронца Васілеўскага.
Адвакат на судзе патрабаваў у пацярпелага пацверджанне дакументамі ці іншымі доказамі ягоных маральных пакутаў, але суддзя Волк яго перапыніў: "Што вы яшчэ хочаце пачуць? Якія дакументы?"
Абаронца на судзе спаслаўся на пастанову Пленума Вярхоўнага Суда аб кампенсацыі маральнай шкоды, у якой гаворыцца, што заява пазову павінна быць матываваная і даказаная, чаго няма ў гэтым выпадку. Але суддзя Волк ізноў абурыўся: "Даведкай медыцынскай ці што? Ён растлумачыў, што вы яшчэ ад яго хочаце?"
Адбываў пакаранне ў выглядзе зняволення за злачынства, якое не здзяйсняў
У судовых спрэчках пракурор Уладзімір Рабаў запатрабаваў пакаранне для Васілеўскага ў выглядзе 2,5 гадоў "хатняй хіміі". Як стала вядома на судзе, Васілеўскі ў 2004 годзе быў асуджаны паводле арт. 339 КК (хуліганства) да аднаго года пазбаўлення волі. Ён адбыў гэтае пакаранне цалкам, потым гэтая справа была спыненая. Адвакат адзначыў гэта падчас судовых спрэчак:
"Раней мой падабаронны адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за злачынства, якое не здзяйсняў. І затым крымінальнага справа ў адносінах да яго была спыненая ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства. І вось гэтая крыўда, несправядлівасць і тыя пакуты, якія перажыў у месцах зняволення, ведаючы, што ён ні ў чым невінаваты, паўплывалі на ягонае памкненне пакінуць дадзены каментар".
У выніку суддзя Аляксандр Воўк асудзіў Васілеўскага да двух гадоў і шасці месяцаў "хатняй хіміі" і пастанавіў спагнаць з абвінавачванага на карысць пацярпелага 1500 рублёў маральнай шкоды.