viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч — пра рэферэндум: Гэта пачатак канца

2021 2021-10-29T18:01:07+0300 2021-10-29T19:32:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ужо як тры з паловай месяцы намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч утрымліваецца за кратамі ў СІЗА-1. Праваабаронца ў лістах да каляжанкі выказаў сваё меркаванне пра рэферэндум, які мусіць адбыцца ў лютым, распавёў пра тое, як праводзіць час за кратамі і калі прагназуе сваё вызваленне.

stefanovich_90.jpeg
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

"Вясна і ёсць свабода!" — пра сваё вызваленне 

"У мяне асаблівых зменаў няма. Дні ідуць, хутка ўжо чатыры месяцы як я тут. Мяркую, што меру стрымання і само следства яшчэ працягнуць на два ці тры месяцы.

Мне чамусьці мроіцца, што вясной я выйду на волю. Не ведаю, вясной якога году, але гэта будзе вясной. Бо вясна і ёсць свабода!"

"Гэта пачатак канца", — пра рэферэндум

"Шмат гляджу ТВ, таму ў курсе апошніх падзеяў. Я маю на ўвазе рэферэндум, які мусіць адбыцца ў лютым наступнага году. Глядзеў “ток-шоў” на БТ на гэтую тэму. З усяго сумбура зразумеў, што будзе “мяккі транзіт” улады. Я так разумею, па казахскім варыянце. Ну што тут скажаш: гэта ёсць вынік мінулагодніх падзеяў, калі грамадства вельмі зразумела выказала свой недавер. Вядома, што гэта не тое, што хочуць людзі і гэта далёка ад паўнавартаснага адпраўлення дэмакратыі ў краіне, але гэты змушаныя крокі і гэта пачатак канца. Паглядзім, як будуць разгортвацца далейшыя падзеі, але зразумела, што ён загнаў сябе ў кут, і магчымасцяў для манеўру зараз у яго няма.

У лютым, я мяркую, буду яшчэ тут. Верагодна, што пасля рэферэндума сітуацыя будзе больш спрыяльная для мяне і для ўсіх нашых вязняў".

"Найлепшы склад гурта!" — пра вясноўцаў і сённяшню працу Праваабарончага цэнтра

"Тое, што вы працуеце, я ведаю. Вось атрымаў «Независимую газету», а там спасылка на нашую інфармацыю стаіць! І сэрца маё радуецца! Вы ўсе вялікія малойцы, і я заўсёды ў вас верыў і быў упэўнены. Увогуле мы гэта вельмі мала вам казалі ці не казалі, але вы найлепшая каманда, з якой мне выпала працаваць за ўсю нашую гісторыю. Найлепшы склад гурта!" 

"Выступаю з публічнымі лекцыямі", — пра побыт

"У нас тут не было два тыдні тэліка, таму забаўлялі адзін аднога, як маглі. Я маляваў мапы і распавядаў пра гісторыю Першай і Другой сусветных войнаў, пра гісторыю Беларусі, пра гісторыю рок-н-рола і Бітлз. Так што, я і тут выступаю з публічнымі лекцыямі перад удзячнымі слухачамі. Думаў потым распавесці пра гісторыю стварэння ААН, структуру, асноўныя праваабарончыя механізмы ААН і ўдзел Беларусі ў гэтым усім. Але тэлік прынеслі, і ўсе ізноўку пачалі глядзець безумныя шматлікія расейскія серыялы і шоў".

"Увогуле на волю хачу", — пра месцы Беларусі, якія бы хацеў наведаць

"А наконт месцаў, якія я б хацеў наведаць, то іх вельмі шмат у нас. Краіна нашая вельмі прыгожая і месцаў цікавых у нас шмат. У Пінск даўно мару патрапіць і на Палессе наогул. Вельмі цікавая частка краіны: самабытная, старажытная. У Лоеў хачу таксама, дзе Сож упадае ў магутны Дняпро. На Браславы хачу, там не быў ніколі. Увогуле на волю хачу: у лес, на возера ці раку". 


Дасылайце адкрытыя лісты салідарнасці і падтрымкі нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх вясноўцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках. Усе падрабязнасці па "справе Вясны" можна знайсці на адмысловым сайце freeviasna.org.

Працягвайце пісаць праваабаронцам у турмы:

  • СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
  • СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства