viasna on patreon

Да трох гадоў "хіміі" асудзілі музыку Дзмітрыя Шыманскага за ўдзел у пратэсце 16 жніўня

2021 2021-10-29T19:18:44+0300 2021-12-07T17:12:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shymanski_dz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Шыманскі ў судзе. Фота BY_culture

Дзмітрый Шыманскі ў судзе. Фота BY_culture

У судзе Заводскага раёна 29 кастрычніка вынеслі прысуд палітзняволенаму музыку Дзмітрыю Шыманскаму, якога вінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях – ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядаў суддзя Алег Каляда.

Паводле абвінавачвання, Дзмітрый Шыманскі быў даставерна дасведчаны з розных крыніцаў аб планаваным правядзенні 16 жніўня 2020 года на тэрыторыі г. Мінска масавых мерапрыемстваў і не пазней за 18 гадзін 24 хвілін, дзейнічаючы групай асоб па папярэдняй змове з Пятром Марчанкам, Юліяй Юніцкай (Марчанка), Надзеяй Калач, Уладзімірам Калачом, Антонам Шніпам і іншымі неўстаноўленымі асобамі, прыбыў на вуліцу Леніна, дзе з мэтай выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку на абвостранне напружанасці ў грамадстве, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, далучыўся да групы грамадзян, якія ўдзельнічаюць у пратэсце: рухаўся ў натоўпе, публічна выкрыкваў лозунгі, перакрываў праезную частку і адмаўляўся яе пакінуць, гучна пляскаў рукамі, неаднаразова адмовіўся выканаць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, наўмысна перашкаджаў нармальнаму руху транспарту і працы прадпрыемстваў. Такім чынам, Шыманскі здзейсніў злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Ён жа загадзя дамовіўся з Марчанкам, Юніцкай, сужэнцамі Калач і Шніпам аб сумесным здзяйсненні злачынства, прадугледжаным ч. 2 арт. 342 КК, папярэдне ўзяўшы з сабой у якасці сродкаў здзяйснення злачынства музычныя інструменты, у тым ліку дуды, барабаны, гітары і іншыя, прыбыў на вул. Леніна г. Мінску з мэтай выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, ажыццявіў іншую падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, якая заключалася ў фарміраванні ў іншых асоб устойлівых псіхалагічных якасцяў, установак, якія прадвызначаюць іх суб'ектыўнае актыўнасць і жаданне ўдзельнічаць у супрацьпраўных дзеяннях 16 жніўня і ў іншыя дні, калі гэта спатрэбіцца: знаходзячыся сярод натоўпу асоб, гуляў сумесна з іншымі музыкамі на інструментах, выконваў музычную кампазіцыю, падобную з песняй «Перемен» групы «Кіно» на словы Віктара Цоя.

Дзмітрый Шыманскі сваю віну прызнаў часткова. Ён быў затрыманы 2 жніўня на святкаванні дня народзінаў Надзеі Калач з іншымі музыкамі і  ўдзельнікамі фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH, адразу быў асуджаны на 15 сутак арышту.

У судзе Шыманскі патлумачыў, што яго прафесійная дзейнасць звязаная з музыкай – грае на духавых, струнных і ўдарных інструментах, арганізуе святы. Ён быў не згодны з тым, што адбывалася ў жніўні 2020 года – гвалт яго абураў, таму вырашыў прыняць удзел у масавым мерапрыемстве, папярэдне сазваньваўся з Уладзімірам Калачом, запытваўся, ці плануюць яны пайсці на масавае мерапрыемства. 16 жніўня абвінавачаны сустрэўся з сужэнцамі Калач, Марчанкамі і Шніпам, далучыліся да пратэстнага маршу, музыкі рухаліся ў натоўпе людзей па вуліцах горада. У нейкі момант Уладзімір і Надзея пачалі граць песню В. Цоя “Перамен”, тады Шыманскі падабраў ноты і таксама пачаў граць. Абвінавачаны падкрэсліў, што большую частку шляху ішоў па тратуары, а не па праезнай частцы дарогі, транспарт не хадзіў, бо машыны ДАІ перакрывалі дарогу. Не бачыў міліцыянераў, апроч ДАІшнікаў, і чуў патрабаванняў разыйсціся ад супрацоўнікаў міліцыі. Адзначыў, што не мог выкрыкваць лозунгі і пляскаць у далоні, бо граў на валынцы. 

Падчас спрэчак бакоў пракурорка адзначыла, што дзеянні Шымановіча па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса кваліфікаваныя правільна, а прад’яўленныя абвінавачванні па ч. 2 арт. 342 КК не знайшлі свайго пацверджання падчас судовага следства, у сувязі з чым дзяржабвінавачванне адмаўляецца ад абвінвачванняў у гэтай частцы. Таксама пракурорка прасіла выключыць з абвінавачванняў указанне на выкрыкванне лозунгаў Дзмітрыем і здзяйсення гучных плясканняў у далоні, паколькі ўказаныя сведчанні не знайшлі свайго пацверджання. Прасіла суд прызнаць Дзмітрыя Шыманскага вінаватым і прызначыць яму па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады, а грамадзянскі пазоў ад “Мінсктранса” задаволіць.  

Абаронца прасіў прызначыць пакаранне без накіравання ў папраўчую ўстанову, каб Дзмітрый мог працягваць займацца сваёй прафесійнай дзейнасцю. Наконт заяўленага пазову адвакат адзначыў, што раней суд ужо спагнаў сродкі на карысць “Мінсктранса” з іншых абвінавачых за падзеі 16 жніўня, а спаганяць з Шыманскага на тых жа самых падставах тыя ж самыя сродкі – супярэчыць нормам матэрыяльнага права, а разлік носіць прыблізны характар.

Аднак суддзя Алег Каляда падтрымаў пазіцыю дзяржаўнага абвінавачванні і прысудзіў Дзмітрыю Шыманскаму тры гады "хіміі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства