Палітвязня асудзілі да 1,5 гадоў калоніі за ўдзел у некалькіх маршах
29 кастрычніка ў судзе Заводзкага раёна паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса асудзілі 32-гадовага палітвязня Аляксея Зікеева. Суддзя Касцюкевіч прызнала яго вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту. Яна прызначыла пакаранне тэрмінам 1,5 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пад вартай Аляксей знаходзіцца з 17 чэрвеня 2021 года.
Пазоў Мінсктранса ў памеры 41 тысяча 900 рублёў 44 капейкі вылучаны ў грамадзянскую вытворчасць.
Аляксей Зікееў — мінчанін, жанаты, мае 6-гадовага сына. У яго вышэйшая адукацыя, да затрымання працаваў дырэктарам. Таксама ён былы старэйшы следчы, а падчас выбарчай кампаніі 2020 года быў у камандзе Валерыя Цапкалы.
У чым прызналі вінаватым?
Аляксея прызналі вінаватым, што ён удзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Мінску 16, 23, 30 жніўня 2020 года, а таксама 6 верасня 2020 года. Згодна з абвінавачаннем, ён парушаў парадак, далучыўся да групы грамадзян, пляскаў у ладкі, выкрыкваў лозунгі, перашкаджаў руху транспарту.
Што казалі сведкі?
Падчас паседжання ў якасці сведак выступілі супрацоўнік фірмы, у якой працуе Аляксей. Сведка Маркевіч В. распавёў, што ведае мужчыну 8 гадоў, яны разам працавалі ў СК Маскоўскага раёна. Яны не хадзілі на масавыя мерапрыемствы разам, толькі аднойчы сустрэліся ля Палаца Незалежнасці і сфатаграфаваліся на Маршы супраць гвалту. Ён распавёў, што яны знаходзілія на зялёнай зоне, людзі былі мірныя, ніхто не кідаў камянёў. Таксама ён сказаў, што Аляксей пасля выбараў 2020 года Аляксей крытычна ставіўся на дзеянняў улады, але без радыкалізму. Першапрычынай для гэтага стаў гвалт супрацоўнікаў.
Сведкай на судзе выступіла таксама жонка Алена. Яна распавяла, што Аляксей выдатны чалавек. Ён вельмі добры, клапоціцца пра сына, дапамагае людзям. Таксама ён з'яўляецца донарам. Таксама яна сказала, што ён мае шмат грамат, рэкамендацыйныя лісты з месца службы. Па яе словах, Аляксей уважлівы, знаходзіць агульную мову з людзьмі, займаецца спортам, надае вялікую ўвагу выхаванню сына.
Што было ў спрэчках?
У спрэчках пракурор сказаў, што віна Аляксея цалкам даказаная. Ён запрасіў для яго 1,5 гады калоніі, з чым у выніку пагадзіўся суддзя. Абаронца адзначыў, што няма ніводнага доказу парушэння групавых дзеянняў грамадска-палітычнага характару, акрамя чатырох сэлфі з тэлефона.
У апошнім слове Зікееў прамовіў: "За той час, што я знаходзіўся ў СІЗА, я прыйшоў да высновы, што няма нічога даражэй сям'і — ніякія грошы, нічога.У мяне ёсць адна просьба: не пазбаўляць мяне свабоды, каб я змог вярнуцца да сваёй сям'і, выхоўваць дзіця, і мне не давялося б тлумачыць яму, чаму яго тата адсутнічаў дома. І проста працягваць далей быць грамадзянінам сваёй краіны, я нічога нікому дрэннага не зрабіў, я заўсёды аказваў дапамогу".