viasna on patreon

"Счэпка была сімвалічная". Двух палітзняволеных братоў асудзілі да "хіміі" за жнівеньскія пратэсты

2021 2021-11-30T12:20:45+0300 2023-05-29T18:22:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/protest_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна Мінска да трох і двух з паловай гадоў "хіміі" за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах асудзілі двух палітзняволеных братоў: 42-гадовага Аляксея і 40-гадовага Аляксандра Русецкіх. Іх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Аляксея ідэнтыфікавалі па фота, дзе ён стаіць у счэпцы ў ноч з 9 на 10 жніўня мінулага года. Яго брата Аляксандра выклікалі ў ГУБАЗіК, дзе яго і затрымалі. Яны прызналі віну цалкам і распавялі, што разам удзельнічалі ў акцыі пратэсту. З пачатку верасня братоў утрымлівалі пад вартай у СІЗА-1 – на судзе іх дапытвалі ў кайданках і ў клетцы. Сёння пасля вынясення прысуду іх вызвалілі ў зале суда. Справу разглядала суддзя Кацярына Мурашка, дзяржабвінавачанне падтрымліваў пракурор Фізюк. 

Алексей Русецкий в ночь с 9 на 10 августа
Аляксей Русецкі ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020

У чым абвінавацілі палітвязняў?

Паводле версіі абвінавачвання, Аляксей Русецкі з 22-й гадзіны 9 жніўня 2020 года да 1:16 10 жніўня з Аляксандрам Русецкім удзельнічаў у масавым мерапрыемстве на праспекце Машэрава без атрымання дазволу Мінгарвыканкама. Публічна выказваў свае палітычныя погляды, узяў удзел у супрацьпраўных дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак, адмаўляўся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў унутраных спраў, перашкаджаў руху грамадскага транспарту. Дзейнічаючы з групай асобаў, удзельнічаў  у групавых дзеяннях, публічна выкрыкваў лозунгі, блакаваў рух, стаяў у счэпцы на праезнай частцы. 10 жніўня мінулага года з 22-й гадзіны, знаходзячыся на праезнай частцы на скрыжаванні вуліц Сурганава і Куйбышава, перашкаджаў руху транспартных сродкаў, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак. Адмовіўся выканаць патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія былі ў форменным абмундзіраванні. Публічна выкрыкваў лозунгі, перакрыў праезную частку, што перашкаджала руху грамадскага  транспарту.

Аляксей віну прызнаў цалкам.

Паводле версіі абвінавачвання, Аляксандр Русецкі з 22-й гадзіны 9 жніўня 2030 па 1:15 10 жніўня 2020, дзейнічаючы з групай асобаў на дарозе на праспекце Машэрава ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах, не ўзгодненых з Мінгарвыканкамам. Выказваў свае палітычныя погляды незаконным спосабамі, узяў удзел у групавых дзеяннях, здзяйсняў воплескі рукамі, выкрыкваў лозунгі, адмовіўся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Разам з групай асобаў парушаў грамадскі парадак, выкрыкваў лозунгі, блакаваў рух транспартных сродкаў, на праезнай частцы стаяў у счэпцы.

Аляксандр таксама прызнаў віну цалкам.

Што казалі браты на судзе?

Палітвязень Аляксей Русецкі на судзе распавёў, што на YouTube даведаўся, што 9 жніўня будуць "выходзіць людзі". Мэта выхаду яму была невядомая. Пра тое, што мерапрыемства было недазволенае, ён не ведаў.

rusecki_90.png
Аляксей Русецкі

Паводле Аляксея, каля Стэлы ён знаходзіўся ў счэпцы каля дзвюх хвілін. З братам Аляксандрам выпадкова пабачыліся ў адным прыпынку ад Стэлы. Калі сустрэліся з братам, то прапанаваў рухацца разам. Першапачаткова рухаліся на тратуары. Назіраў на месцы вялікую колькасць людзей, некалькі тысяч. Большасць з іх проста стаяла ці перасоўвалася. Невялікая група людзей заклікала ўстаць у счэпку, сімволікі ў іх не было.

"Я чуў лозунгі "Жыве Беларусь". Воплескаў не памятаю, натоўп шум не ствараў. Людзі былі і на праезнай частцы. Транспарт не перасоўваўся пасля таго, як дарогу перакрылі супрацоўнікі ўнутраных спраў. На праезную частку выходзіў толькі ў счэпку".

Аляксей адзначыў, што бачыў супрацоўнікаў у чорнай форме і са шчытамі, мяркуе, што гэта былі супрацоўнікі АМАП. Ці паступалі патрабаванні разыйсціся, не памятае, але дапускае, што яны маглі быць. Паслухаў заклік разыйсціся пасля таго, як выйшаў са счэпкі. Брат стаяў у счэпцы ззаду збоку. Счэпка перакрывала толькі адну паласу руху. Неабходнасці ствараць счэпку не было, яна прастаяла пару хвілін. Махнуў брату рукой запрашальным жэстам, калі станавіўся ў счэпку. З матэрыялаў справы даведаўся, што брат устаў у счэпку. Калі супрацоўнікі пачалі ўжываць спецсродкі, то з братам пайшлі дадому.

На ўдакладняльныя пытанні адваката Аляксей адказаў, што счэпка была больш сімвалічная, бо яна не магла перашкодзіць руху транспарту, супрацоўнікі знаходзіліся далёка. Аляксей быў без сімволікі, сродкаў самаабароны не было з сабой, маскі таксама.

Пра акцыю пратэсту 10 жніўня Аляксей сказаў, што не было ніякай інфармацыі, што будзе штосьці адбывацца: ён проста выйшаў у краму. Убачыў, што на скрыжаванні ля "Рыгі" сабралася шмат людзей. Паколькі тое, што адбывалася, было незвычайным, зняў на відэа. Калі заходзіў у краму, то на вуліцы было шматлюдна, але на дарозе людзей не было. Калі выйшаў з крамы, людзі ўжо выйшлі на дарогу. Калі вырашыў перайсці дарогу, то ўбачыў там барыкады. 10 жніўня Аляксей не ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве. Сышоў бліжэй да паўночы.

Ягоны брат, Аляксандр Русецкі, на судзе распавёў, што “было агульнавядома", што 9 жніўня будуць праходзіць акцыі пратэсту. Прапаноўвалася, што, калі будуць сумневы ў выніках выбараў, то выйсці да Стэлы, каб выказаць сваю незадаволенасць. Сам Аляксандр выйшаў з цікаўнасці, таму што хацеў ведаць, што адбываецца ў горадзе, бо не было інтэрнэту. Меркаваў, што, магчыма, мерапрыемства несанкцыянаванае. Выйшаў з дома каля 22.00. Брата сустрэў на прыпынку ля плошчы Бангалор. Паколькі рушыў да Стэлы, вырашыў пайсці з братам паглядзець з цікаўнасці, што адбываецца.

Каля Стэлы ўбачылі некалькі тысяч чалавек. Большасць была на тратуары, у зялёнай зоне, частка была на праезнай частцы. Супрацоўнікаў органаў унутраных спраў убачыў на скрыжаванні – яны перакрывалі дарогу. Брат выходзіў на праезную частку, Аляксей стаяў у счэпцы перад ім. Каб не губляць брата з вачэй, падышоў да групы пратэстоўцаў; людзям, што стаялі перад ім, паклаў далоні на плечы і прыпадняўся, каб убачыць, што адбываецца.

"Я магу дапусціць, што я выходзіў на праезную частку. Дакладна не ўпэўнены".

Пастаяўшы некалькі хвілінаў з групай людзей, яму зрабілася дыскамфортна, потым адышоў на тратуар. Абмяркоўвалі з братам, што трэба ісці дадому, бо можа быць небяспечна.

Аляксандру патэлефанавалі на працу супрацоўнікі ГУБАЗіК і папрасілі прыйсці да іх, каб даць паказанні. Калі ён прыехаў, то яго затрымалі. Яму паказалі здымак з пратэсту, дзе быў брат, але яго самога там не было.

У матэрыялах справы ёсць "пакаяльнае відэа" Аляксея, якое апублікавалі на "Желтых сливах".

Чым усё скончылася?

Дзяржабвінаваўца запатрабаваў наступнае пакаранне для братоў: для Аляксандра — абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2,5 гады, для Аляксея — 3 гады.

У апошнім слове Аляксей яшчэ раз падкрэсліў, што прызнае віну і раскайваецца.

"Самае галоўнае — сям'я. Ёсць крэдыт, хачу выканаць крэдытныя абавязанні і працаваць на карысць грамадства".

Аляксандр у апошнім слове таксама прызнаў віну цалкам.

"Яшчэ 9 жніўня зразумеў, што не прымаю гвалт, хачу прыносіць карысць грамадству".

У выніку суддзя Кацярына Мурашка 30 лістапада прызначыла менавіта такое пакаранне, якое прасіў пракурор для братоў: 2,5 і 3 гады "хіміі". Пасля амаль трох месяцаў пад вартай іх вызвалілі ў зале суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства