viasna on patreon

«З такіх учынкаў і нараджаюцца перамогі». Гісторыі пра чалавечнасць, веру і падтрымку, на якіх трымаюцца вязні і беларусы на волі

2021 2021-11-30T17:36:00+0300 2021-11-30T21:36:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/palitzniav.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Партрэты палітвязняў мастачкі Ксішы Ангелавай

Партрэты палітвязняў мастачкі Ксішы Ангелавай

Усё часцей многім з нас, нават тым, хто не ў турме, здаецца, што гэта ніколі не скончыцца: штодзённыя навіны пра затрыманні, новыя абвінаваўчыя прысуды, ператрусы, рэпрэсіі, сведчанні катаванняў, рэкордная колькасць палітвязняў... Шмат хто сёння прызнаецца: «сорамна казаць, але апускаюцца рукі». Многім страшна: «масавая хваля пратэстаў спала, і калі так, то далей толькі горш». «Вясна» расказвае пра салідарнасць беларусаў адзін да аднаго - і тых, хто за кратамі, і тых, хто на волі.

Палітзняволены Ігар Лосік робіць сюрпрызы жонцы з-за кратаў

Блогер з Баранавічаў Ігар Лосік знаходзіцца пад вартай ужо больш за 500 дзён. Але нават адтуль знаходзіць магчымасць парадаваць сваю жонку Дашу.

«Напярэдадні я атрымала ад Ігара тры лісты. У адным з іх ён напісаў, каб у пазначаны дзень я сядзела дома і чакала сюрпрыз, - расказала Даша сваім падпісчыкам у сацсетках. - Раніца наступнага дня пачалася са званка ў дамафон. На гадзінніку было 8.44. Падумала: «Для ператрусу пазнавата». Адчыняю дзверы, а там...

Калі Даша адчыніла дзверы, на лесвічнай пляцоўцы яе ўжо чакалі кветкі ад Ігара. За адну раніцу жонцы палітзняволенага даставілі 17 букетаў ад мужа. Падрыхтаваць сюрпрыз Ігару дапамаглі самыя розныя людзі з усіх куткоў Беларусі.

Кветкі, якія жонцы даслаў Ігар Лосік з-за кратаў
Кветкі, якія жонцы даслаў Ігар Лосік з-за кратаў

«Ніякай падставы не было. Проста мой муж вырашыў зрабіць такі спантанны сюрпрыз. За што дзякуй яму, і вядома ж вам. За тое, што дапамаглі яму зрабіць такі цуд!» - дзякуе Дар'я ўсім неабыякавым беларусам. - Я проста шчаслівая ад таго, што такая велізарная колькасць людзей адгукнулася на ягоную просьбу. Цяпер і так мала падстаў для радасці, але ён і вы ўсё прымусілі мяне шчыра ўсміхацца і радавацца. Пасля гэтага сюрпрызу я напісала Ігару ліст, у якім апісала ўсе свае эмоцыі і распавяла, колькі людзей нас падтрымала. З такіх учынкаў і атрымліваюцца перамогі».

Мастачка намалявала больш за 200 партрэтаў зняволеных

Беларуская мастачка іканапісец Ксіша Ангелава, унучка рэпрэсаванага першага рэктара БНТУ Ніканора Ярашэвіча, у падтрымку беларусаў, якія за сваю грамадзянскую пазіцыю апынулася ў зняволенні, ужо намалявала больш 200 іх партрэтаў.

Людзей, якія зазнаюць пераслед з боку ўладаў, дзяўчына пачала маляваць год таму, пасля смерці Рамана Бандарэнкі.

«Памятаю, што прыкладна на пачатак снежня ў спісе “Вясны“ было каля 30 палітвязняў. Я тады ўсіх намалявала. Але потым іх колькасць пачала расці ў геаметрычнай прагрэсіі, я не паспявала сачыць, як лічба станавілася ўсё большай».

Ксіша нячаста дае інтэрв’ю, але ў адным з іх расказала budzma.org, што рабіла і працягвае рабіць усё, што можа ў цяперашняй сітуацыі ў сваім становішчы.

«Я жыву з пачуццем, што нельга спыняцца. Як у радках Янкі Купалы стогадовай даўнасці: «Спіце ўсе тыя, што праўды па свеце шукалі», «збуджаны вамі, мы ўскрэслі, мы больш не заснем!».

«Мы ня можам не падхапіць эстафету нашых продкаў, бо трэба заўжды працаваць і абараняць тое, за што яны змагаліся, і не ставіць кропку, нават калі мы гэтага даб'емся», - гаворыць мастачка.

Дзяўчына кажа, што яшчэ адным «маторам», каб пачаць пісаць партрэты, стаў стан, калі немагчыма было проста назіраць за тым, што адбываецца.

«Я лічу, калі ў цябе на працягу дня ёсць крыху часу і сіл, неабходна нешта рабіць, а не сядзець моўчкі, як мая сямʼя калісці. Маўчаць - гэта згаджацца».

Адзін з апошняй партрэтаў, які намалявала Ксіша, быў партрэт палітвязня Міколы Дзядка ў тэхніцы іканапісу на выкінутай кімсьці царкоўнай лаве.

Адзін з апошніх партрэтаў Ксішы Ангелавай. На ім - Мікола Дзядок
Адзін з апошніх партрэтаў Ксішы Ангелавай. На ім - Мікола Дзядок.

Павел Севярынец сам падтрымлівае беларусаў і піша новыя кнігі

«Вось вазьму я і сярод усяго, што навокал, пакажу вам, якія мы зрабілі паштоўкі па Паўлавых ілюстрацыях, якія ён дасылаў сыну з-за кратаў. І з ягонымі ж цытатамі, - напісала нядаўна жонка палітвязня Паўла Севярынца Вольга Севярынец у сацсетках і паказала ўсім гэтыя самыя паштоўкі, якія можна набыць кожны беларус. - Гляджу я на гэтыя паштоўкі, думаю пра свайго каштоўнага мужа і чую, што ён кажа мне без слоў: «Нягледзячы ні на што, рабі сваю справу і вер у самае лепшае».

Павел Севярынец не толькі не падае духам за кратамі, але і ўвесь час сам падтрымлівае беларусаў. Піша лісты так, што потым людзі дзеляцца ў сацсетках: «Гэта не мы яго, гэта ён нам адтуль надае моцы».

Палітзняволены палітык і пісьменнік працягвае тварыць за кратамі. Піша адразу тры кнігі: «Дрэва жыцця» , «Ісус Хрыстос размаўляе па-беларуску» і дапрацоўвае заключную частку рамана «Беларусалім».

Як патлумачыла Вольга Севярынец, «Дрэва жыцця» ён прыдумаў за кратамі, а «Ісус Хрыстос размаўляе па-беларуску» пачаў пісаць за год да затрымання і цяпер працягвае працу над ёй.

Паштоўкі, якія намаляваў Павел Севярынец
Паштоўкі, якія намаляваў Павел Севярынец.

Мінчанка вырашыла напісаць усім беларускім палітвязням і даслала ім больш за 1000 лістоў

Свой першы ліст зняволеным мінчанка Кацярына адправіла яшчэ ў ліпені мінулага года - Віктару Бабарыку. 

«За час перадвыбарчай кампаніі праніклася сімпатыяй да гэтага чалавека, плюс ён, як і я, любіць сабак. Тады я напісала яму больш за 20 лістоў, але адказу так і не атрымала... У канцы верасня да мяне далучылася сяброўка. Мы паставілі задачу: напісаць усім беларускім палітвязням».

Прайшлі месяцы, але дзяўчына працягвае сваю справу. І цяпер у яе за кратамі дзесяткі людзей, якія чакаюць ад яе лістоў кожны дзень.

«Вясну» дзяўчына просіць не называць свайго прозвішча. Гаворыць: «У маім учынку няма нічога надзвычайнага. Гэта ўсяго паштоўка, разумееце? Паперка. Мы ўсе можам яе набыць. Але для іх гэта цэлае падзея. Упэўненасць, што на іх не забыліся, не кінулі”

Усяго дзяўчына напісала больш за 1000 лістоў.

«Лісты адправіла прыкладна 180 чалавекам. Камусьці 1, камусьці 40. Зараз пастаянна перапісваюся прыкладна з 20-ю зняволенымі. Было некалькі цікавых выпадкаў. У аднаго майго сябра па перапісцы сукамернік аказаўся мастаком. І неяк мне прыйшло ад яго 20 канвертаў, і ў кожным па малюнку. А аднойчы так атрымалася, што я напісала адразу 5 людзям у адну камеру, хоць першапачаткова перапісвалася толькі з адным хлопцам. Наўпрост вырашыла напісаць новым зняволеным. І так выйшла, што ў адзін дзень яны ўсе атрымалі ад мяне лісты, і ўжо ведалі пра мяне па расказах суседа. Доўга смяяліся. І на дзень нараджэння ўсе разам падпісалі мне паштоўку. Яшчэ ў мяне ёсць заўзяты аўтамабіліст. Часам я проста фатаграфую яму дарогу з машыны і адпраўляю... А яшчэ адзін хлопец папрасіў перадаць дзякуй Рагачоўскаму МКК, таму што там самая смачная згушчонка ў свеце».

Падчас размовы з намі Кацярына крыху сумуе.

«Разумееце, яшчэ паўгода таму яны (маюцца на ўвазе зняволеныя – Рэд.) верылі ў лепшае. Сёння шмат хто з іх у роспачы. Ім вельмі патрэбна наша падтрымка». 

Лісты, якія Кацярыне даслалі зняволеныя беларусы
Лісты, якія Кацярыне даслалі зняволеныя беларусы.

Жанчына зладзіла дыстанцыйнае навучанне для палітзняволенай 

Мінчанка Галіна таксама старанна піша лісты палітвязням. У яе спісе амаль 70 адрасатаў у беларускіх СІЗА. Галіна займаецца даследаваннем іканапісу і ў некаторыя лісты ўкладвала раздрукаваныя выявы абразоў.

«Напрыклад, Марыі Калеснікавай я адправіла Малюнак Панны Марыі ў асяроддзі анёлаў з музычнымі інструментамі, - кажа жанчына. - Праўда, да гэтага часу не ведаю, атрымала яна мой ліст ці не, адказ так і не прыйшоў. А вось Антаніна Канавалава напісала, што ў яе двое дзяцей, што самае цяжкае - гэта расстанне з імі. Таксама яна напісала, што хацела б лепш вывучыць беларускую мову. І я прапанавала ей дыстанцыйнае навучанне. Адпраўляю ей заданні, а яна мне адказы».

Таксама жанчына распавяла пра перапіску з Паўлам Севярынцам. Кажа: «Ён папрасіў мяне дасылаць цікавыя звесткі пра святыя беларускія месцы. Я дасылала. Павел такі малайчына! Зладзіў з-за кратаў віктарыну. І цяпер, я ведаю, дасылае пытанні да гэтай віктарыны людзям, з якімі перапісваецца. Гэта неверагодна, ей падтрымлівае беларусаў адтуль, з-за кратаў, і працягвае несці свет і адукацыю беларусам».

Незнаёмыя людзі выбіраюць тэрмабялізну палітвязням

Пра гэтую гісторыю мы даведаліся з паста ў сацсетках мінчанкі Вольгі. 

«У краме незнаёмая жанчына купляла майкі і тэрмабялізну ў СІЗА. Прадаўцы актыўна дапамагалі выбіраць, бегалі на склад. І пакуль мы размаўлялі, дзе сядзіць і па якім артыкуле, мама з маленькім дзіцем спрабавала ёй даць грошы, а потым пайшла і проста пакінула іх на касе(...). Беларусы - выдатныя, змучаныя, але моцныя. Сціснутыя, але гатовыя працягнуць руку дапамогі. Якія стаяць пад сценамі Жодзіна і Валадаркі. Нясуць перадачы для сваіх і чужых. Я не расчаравалася. Я тут і я бачу людзей», - падагульніла Вольга.

Падтрымаць зняволеных можна лістамі: адрасы пазначаныя ў профілях па спасылках. Калі ў вас ёсць, чым падзяліцца з творчасці зняволеных для публікацыі, калі ласка, дасылайце на viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства