Самыя гучныя гісторыі катаванняў 2021 году і хто да гэтага датычны
У 2020 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў свет шакаваў небывалы гвалт і тэрор у Беларусі. На жаль, гвалт не спыніўся і пасля — сілавікі працягваюць ужываць фізічную сілу да затрыманых па палітычных матывах і да гэтага часу. На "пакаяльных відэа" і цяпер можна ўбачыць збітых беларусаў, якія распавядаюць пра падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы і ўдзел у леташніх пратэстах. Падчас сёлетніх судоў мы дазналіся пра жахлівыя падрабязнасці збіцця і катаванняў палітзняволеных Міколы Дзядка і Сцяпана Латыпава, якіх затрымалі восенню мінулага году. Днямі стала вядомая гісторыя катаванняў анархістаў-партызанаў Дзмітрыя Дубоўскага, Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Рэзановіча. Пра збіццё сілавікамі распавядалі і затрыманыя ў гэтым годзе: у шматдзетнай маці Вольгі Залатар выбівалі паролі ад тэлефона, глаўрэда "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча білі па галаве ў баксёрскім шлеме, 21-гадоваму расейцу Ягору Дуднікаву ў мяшку на галаве пагражалі закапаць яго, другакурсніка хімфака БДУ Арцёма Баярскага збівалі дубінкай для запісу "пакаяльнага відэа". За гэты час стала зразумела, што сілавікі не робяць выключэнняў ні для каго — катуюць усіх, хто выказвае нязгоду з дзеючай уладай: маці, анархістаў, студэнтаў, хлопцаў і дзяўчат, беларусаў і грамадзян іншых дзяржаваў. Але за гэтыя паўтары гады так ніводнай справы ў дачыненні да сілавікоў узбуджана не было, а суддзі на працэсах над затрыманымі ўпарта ігнаруюць заявы пра катаванні. Вялікія турэмныя тэрміны атрымалі тыя, з каго выбівалі паролі і збівалі на падлозе ў будынку ГУБАЗіКа. "Вясна" ўзгадвае самыя гучныя гісторыі катаванняў у гэтым годзе, а юрыст Павел Сапелка адказвае на галоўнае пытанне: ці будуць прыцягнутыя да адказнасці тыя, хто датычны да катаванняў, і калі гэта адбудзецца.
"Душылі пакетам, зрэзалі скуру на пятах" — катаванне анархістаў
Днямі на спатканні з сястрой Юліяй палітвязень Дзмітрый Дубоўскі распавёў ёй пра катаванні пасля затрымання, якія ўжывалі ў дачыненні да анархістаў, якіх затрымалі восенню мінулага году. Юлія распавяла падрабязнасці тэлеграм-каналу «Права на паўстанне»:
«У мяне ў вушах гучыць, што майго брата душылі, надзяваючы на галаву пакет, ён неаднаразова страчваў прытомнасць... Ён спрабаваў апісаць, як са звязанымі за спінай рукамі яго нібы адрывалі ад зямлі. Ён нават спрабаваў прыгадаць, як называецца гэтае катаванне... Сказаў, што рукі ўсе былі апухлыя і ў крыві ад сцяжак... Некалькі дзён у СІЗА КДБ ня мог рухацца праз пашкоджаныя рэбры...
Сказаў, што ў Ігара зрэзалі скуру на пятах... Пачаў расказваць пра Сяргея, што яму давялося парэзаць сабе руку... Я яго спыніла. Рашэнне пачаць даваць паказанні і супрацоўнічаць са следствам прыняў Дзіма. Ён сказаў, што яму стала шкада хлопцаў і трэба было неяк спыніць гэтыя катаванні», — кажа Юлія і дадае, што Ігар Аліневіч, паводле брата, падтрымаў яго ў гэтым рашэньні.
Юлія ўдакладніла, што памятае ўсё сказанае «нібыта ўрыўкамі» і можа быць недакладнай ў нейкіх дэталях: «Ці рабілі гэта з нашымі хлопцамі амапаўцы, ці памежнікі... Брат казаў, але я ня памятаю... Ці катавалі іх разам, ці ў асобных пакоях».
Дзмітры Дубоўскі сказаў сястры, што Сяргей Раманаў падаў заяву ў Вярхоўны суд аб катаваннях і калі быў на некаторых паседжаннях у судзе, хацеў убачыць і запомніць тых, хто іх катаваў, але на суд з'явіўся толькі адзін з іх.
Некаторыя дэталі затрыманьня адзін з фігурантаў справы анархістаў Сяргей Раманаў распавёў маці падчас свайго суду ў Гомелі. Ён расказаў, што допыт праводзілі супрацоўнікі памежнай службы. Проста на памежнай заставе яны пачалі збіваць Сяргея, а ў пакой, куды яго змясцілі, пусцілі слёзацечны газ. Потым, калі памежнік выйшаў, бо сам ужо не мог знаходзіцца ў гэтым памяшканні, Сяргей перарэзаў сабе вены складаным нажом. І калі сілавік вярнуўся, убачыў, што ўвесь пакой і Сяргей былі ў крыві. Пасля гэтага хлопцаў везлі ў кайданах і яшчэ і з гірамі, у выніку ў іх не загойваліся рукі.
22 снежня суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка асудзіў Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава да 20 гадоў калоніі, Дзмітрыя Дубоўскага — да 18 гадоў калоніі, Дзмітрыя Рэзановіча — да 19 гадоў калоніі.
Падтрымаць анархістаў лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030 Дубоўскаму Дзмітрыю Мікалаевічу |
«Білі па патыліцы і ягадзіцах, выломвалі рукі, прыціскалі галаву да зямлі» — катаванне шматдзетнай маці
Палітзняволеную маці пецярых дзяцей Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка за "пратэсную актыўнасць". У дзень затрымання да яе ў будынку ГУБАЗіКа ўжывалася фізічная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах.
«Падчас допытаў у следчага Вольга тройчы паказвала на факты катаванняў. У ГУБАЗіК у яе патрабавалі разблакаваць прылады і перадаць усе датычныя да яе звесткі. Яна вырашыла скарыстацца правам не сведчыць супраць сябе. Пасля гэтага, казала мая падабаронная, яе білі па патыліцы і ягадзіцах, выломвалі рукі, прыціскалі галаву да зямлі. Калі мы з ёй сустрэліся, у яе было мноства цялесных пашкоджанняў, сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах», – распавядаў былы адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў, за што яго пазбавілі ліцэнзіі.
Залатар і яе абаронца Мачалаў падавалі заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да старэйшага оперупаўнаважанага супрацоўніка ГУБАЗіКа Тверацінава па факце перавышэння і злоўжывання ўлады або службовых паўнамоцтваў (артыкулы 424 і 426 Крымінальнага кодэкса) у сувязі з ужываннем фізічнай сілы да Вольгі. Але ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена на падставе адсутнасці ў яго дзеяннях складу злачынства. Следчы камітэт вырашыў, што "заявы Залатар аб прычыненні ёй цялесных пашкоджанняў не адпавядаюць рэчаіснасці, паколькі яны мелі месца да яе затрымання".
3 снежня суддзя Мінскага гарадскога суда Анастасія Папко асудзіла Вольгу Залатар да чатырох гадоў калоніі.
Падтрымаць Вольгу лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030 Вользе Віктараўне Залатар |
"Білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах" — катаванне студэнта
20-гадовага студэнта другога курсу хімфака БДУ, былога стыпендыята спецыяльнага фонду прэзідэнта Арцёма Баярскага затрымалі па крымінальнай справе напярэдадні сёлетняга Дня волі — 24 сакавіка за тое, што ён нібыта адміністраваў тэлеграм-канала "Мая краіна Беларусь" і тэлеграм-чата "Я выхожу/МКБ" і за ўдзел у Маршы.
Пасля затрымання Арцёма збілі, каб запісаць пакаяльнае відэа для прапагандыста Азаронка. Хлопца білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах. Гэта падчас допыту 19 красавіка хлопец паведаміў адвакату. Сам Баярскі патлумачыў на апытанні, што яго білі ў будынку ГУБАЗіК на вуліцы Рэвалюцыйнай, калі апытвалі, ці ён датычны да тэлеграм-каналу «Страйкам хімфаку». Паводле Баярскага, супрацоўнік ГУБАЗіК двойчы ўдарыў яго дручком па спіне паміж лапатак, адзін раз дручком па ягадзіцах. Потым ён загадаў хлопцу легчы на падлогу і тады яшчэ каля трох разоў ударыў яго па ягадзіцах.
Баярскі разам з адвакатам пісалі заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы па фактах збіцця.
Нягледзячы на тое, што экспертыза выявіла ў Баярскага сінякі на ягадзіцах, галёнках і плячы, Цэнтральны раённы аддзел СК адмовіў студэнту ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць аднаго з супрацоўнікаў ГУБАЗіКа «Высоцкага Валерыя Валянцінавіча» (старшага оперупаўнаважаны па асабліва важных справах 1 аддзела 3 ўпраўлення Губазік, падпалкоўнік міліцыі).
«Калі Баярскі А. Ю. ляжаў на падлозе, супрацоўнік наступіў сваімі нагамі на ногі Баярскага А. Ю. у ніжняй частцы. Ад ягоных дзеянняў у Баярскага А. Ю. З'явіліся сінякі ў абшары ягадзіц», — гаворыцца ў пастанове адмовіць у завядзенні справы на супрацоўніка ГУБАЗіК.
Падтрымаць Арцёма лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Арцёму Юр'евічу Баярскаму |
"Апранулі на галаву баксёрскі шлем і лупілі па галаве" — катаванне глаўрэда “Нашай Нівы”
Глаўрэда "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча затрымалі 8 ліпеня гэтага году. Вядома, што падчас затрымання яго збілі, таму ў Следчы камітэт нават выклікалі хуткую. Ягор да гэтага часу ўтрымліваецца ў СІЗА пад следствам за тое, што “Наша Ніва” аплачвала за камунальныя паслугі памяшкання па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў. Трое сутак у ІЧУ на Акрэсціна з галоўным рэдактарам утрымліваўся пасля затрымання праваабаронца “Вясны” Андрэй Палуда. Журналіст распавёў вясноўцу пра збіццё:
“Апранулі на галаву баксёрскі шлем і лупілі па галаве. Падчас ператрусу яго таксама білі. Нават калі ён хацеў выйсці з аднаго пакоя ў той пакой, дзе праходзіў ператрус, — яго білі. Ён робіць крок — яму ўдар. Яму было дрэнна — і хуткую дапамогу [спачатку] не хацелі пускаць да следчага [які яго дапытваў пасля ператрусу]”.
Гэты шлем належыць аднаму з калег Ягора — той прафесійна займаецца боксам. Сілавікі знайшлі яго падчас ператрусу ў памяшканні, дзе збіраецца рэдакцыя “Нашай нівы”, і сказалі Ягору:
“Зараз мы табе пакажам, як ён прымяняецца”.
Падтрымаць Ягора лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Ягору Аляксандравічу Марціновічу |
"Працаваў ГУБАЗ, не шкадуючы рук, — білі нагамі і рукамі"— катаванне 21-гадовага расейца
21-гадовага грамадзянін Расіі Ягора Дуднікава затрымалі 4 траўня за тое, што ён агучваў ролікі для тэлеграм-канала «ОГСБ». Ягор праз адваката перадаў з СІЗА сваю гісторыю катавання пасля затрымання:
"Мяне затрымалі 4 траўня 2021 года жорстка. Паспець уцячы не было сіл. Іх было шмат — я адзін. Я адразу зразумеў "што да чаго": працаваў ГУБАЗ, не шкадуючы рук, — білі нагамі і рукамі пры затрыманні. Крычалі: "Мразь, дабегаўся?" У мяне ўсё ў вачах пацямнела... Былі і супрацоўнікі КДБ. Яны паводзілі сябе інтэлігентна ў адрозненне ад ГУБАЗа — размаўлялі і здымалі на відэа. Яны сказалі, што я — Злойбэт (гэта акаўнт у тэлеграм-канале «ОГСБ», адзін з каналаў беларускай апазіцыі — рэд.). Наступствамі затрымання сталі сінякі і расколаты зуб. Мне сказалі, што я заклікаў людзей да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Таксама тое, што я агучваў відэаролікі, якія ў наступным размяшчаліся на ютуб-канале Ботогсб/ партызанскібот.
Пасля затрымання мяне павялі дадому, там быў ператрус. Завялі ў здымную кватэру, дзед, у якога я здымаў яе, спаў. Мяне два разы ўдарылі нагой у вобласць грудзей і пасля гэтага завялі панятых. Пачаўся ператрус. Канфіскавалі маю апаратуру, два тэлефона, тры асабістых дзённіка, дакументы, карту і 60 беларускіх рублёў. Потым надзелі мяшок на галаву і павялі. Я быў у паніцы, мяне падванітоўвала, але пры гэтым істэрыкі не было. Калі "шманалі", пасадзілі на калені, сказалі маўчаць. Але я зрэдку гаварыў з дзедам і паглядаў на котку Аэліту. Я разумеў, што магчыма яе больш не ўбачу, і развітваўся з ёй. Пасля ператрусу ізноў мяшок на галаву — і павялі да аўтамабілю.
У машыне закінулі на задняе сядзенне, рукі былі пастаянна ў кайданках. Сказалі, што паедуць закопваць мяне. "Саджаць бульбу", — так пажартаваў адзін з іх. Казалі, каб я сказаў тое, што ім трэба на камеру, і тады, магчыма, мяне дэпартуюць дадому. Мяне білі, бо я віну не прызнаваў. Білі жорстка. Праўда, праз ужо амаль месяц сінякоў зусім не засталося.
Мяшок быў няшчыльны, і я ўбачыў, што мяне вязуць да будынка КДБ у Мінску. Завялі ў кабінет на трэцім паверсе, пасадзілі на крэсла, рукі шчыльней перадавалі кайданкамі, з-за чаго я ўскрыкнуў. Знялі мяшок і сказалі, што калі я буду выдзелывацца, то павязуць у аддзяленне АМАПу, і тады мне ўзгадаюць усе мае словы (у агучаных роліках). Я моцна спалохаўся, бо ведаю, што рабіў АМАП у жніўні 2020 года.
Пасля гэтага ў гадзіну ночы пачалося відэадапытанне без адваката, дзе мне далі тэкст, які я зачытаў. Прысутнічала двое мужчын у балаклавах, адзін "чэкіст" і адзін мужчына, падобны на парася (здалося, што гэта фээсбэшнік).
На камеру мяне распытвалі пра дзейнасць, я баяўся і казаў тое, што ім трэба. Яны прынеслі гіру 32 кг. і паставілі каля мяне.
Пасля гэтага сталі пытацца, якое я маю дачыненне да Вольгі Карач і Ігара Макару. Я быў жудасна напалоханы, усё рабіў беспярэчна. Пасля допыту з відэакамерай з мяне знялі кайданкі, далі папіць і прынеслі сумку з ежай (мяне затрымалі як раз, калі я ішоў з крамы з пакетам).
Пасля гэтага да раніцы мы сядзелі і размаўлялі з чэкістамі "па душах". Ад страху ў мяне кружылася галава. Я іх ужо стаў успрымаць як таварышаў, таму што яны сталі мне спачуваць, прапаноўваць папаліць або папіць гарбаты з шакаладкай. Яны запатрабавалі даць доступ да тэлефонаў, да сваіх акаўнтаў у сацсетках і тэлеграме. Я падпарадкоўваўся, успамінаючы важкія ўдары нагамі ў грудзі за адмову. Потым мне дазволілі паспаць на крэсле. Я прыхінуўся да халоднага сейфа і падрамаў. Пакуль я спаў, ахоўнікі ўвесь час мяняліся. Мабыць, ім патрабаваўся адпачынак у больш камфортных умовах. Каля 11 раніцы мне прынеслі лісты паперы, ручку і сказалі пісаць яўку з павіннай. Чэкісты фактычна прымусілі мяне напісаць яўку.
Сказалі, што калі не напішу, то мяне прызнаюць тэрарыстам і згнояць у турме, я не ўбачу маму, сваю дзяўчыну. А калі напішу, то дэпартуюць у Расію, і я ўсё забуду як страшны сон. Пыталіся, ці бачыў я Дзяніса Хофмана, Вольгу Карач, Ігара Макара і іншых адміністратараў тэлеграм-канала "ОГСБ", каб завербаваць мяне. Калі даведаліся, што я іх не бачыў, знерваваліся. У яўцы я напісаў, што нібыта заклікаў да гвалтоўных дзеянняў, прамога фізічнага кантакту з праваахоўнымі органамі, таксама напісаў пра мой удзел у ботах тэлеграм-канала «ОГСБ» (меў зносіны з людзьмі, адказваў на пытанні). Пазначыў, што з Карач адзін раз звязваўся, з Макарам не звязваўся ні разу. Пасля гэтага я прасіў даць доступ да тэлефона, каб патэлефанаваць маці і дзяўчыне.
Яны казалі, калі я не буду ісці на кантакт, прыедуць да маёй дзяўчыны, і мала ёй не падасца. Потым сказалі мне, што я паеду ў апартаменты з двума супрацоўнікамі. Калі буду паводзіць сябе добра, то размова працягнецца. За мной прыйшлі два супрацоўніка, надзелі мяшок на галаву, закінулі ў аўтамабіль, і мы паехалі. Мы даехалі досыць хутка, і як пазней я ўбачыў, Мяне размясцілі ў двухпакаёвай кватэры з відам на помнік Якуба Коласа. Там мяне засялілі ў адзін пакой, а супрацоўнікі знаходзіліся ў іншым пакоі. Кайданкі з мяне знялі, і я змог паесці. У 23.00 мне сказалі "адбой". Калі я лёг, то пачуў гук перадзёрнутага затвора пісталета. Я жудасна спалохаўся і ўжаўся ў канапу. Але за мной ніхто не прыходзіў. Праз некаторы час паспрабаваў схадзіць у туалет, аднак дзверы звонку была зачыненая. Пасля гэтага я адрубіўся.
Раніцай мяне разбудзілі і сказалі збірацца. Надзелі зноў мяшок на галаву і адвезлі, як аказалася пазней, у будынак КДБ. Завялі ў кабінет, пасадзілі на крэсла і сказалі зноўку пісаць яўку з павіннай. Мабыць, за гэты час вывучылі мой мабільны тэлефон, і ў іх з'явіліся дадатковыя пытанні. Пасля гэтага сказалі, што прыйдзецца пасядзець у "Амерыканцы", бо я "здаў" Дзяніса Хофмана (яго асабістыя дадзеныя знайшлі ў мяне ў тэлефоне).
Пасля гэтага зноў надзелі мяшок на галаву і павялі да следчага, які сказаў, што я падазраюся ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак у горадзе Мінску, і яшчэ я парушыў рэжым знаходжання ў краіне. Пасля гэтага прыйшлі салдаты і адвялі мяне ў СІЗА КДБ. Там мяне неаднаразова вадзілі на допыты, дзе прысутнічалі розныя адвакаты".
27 снежня суддзя Мінгарсуда Сяргей Хрыпач асудзіў Ягора да 11 гадоў калоніі.
Падтрымаць Ягора лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Ягору Аляксандравічу Дуднікаву |
Збівалі пры затрыманні і каб “выбіць” чыстасардэчнае: катаванні ўдзельнікаў чата
У ліпені 2021 года суддзя Дзмітрый Астапенка вынес прысуд дзесяці палітвязням, якіх прызналі вінаватымі паводле арт. 293, 218, 295 Крымінальнага кодэкса. Іх пазбавілі волі на тэрміны ад пяці да дзевяці гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Некаторыя з палітзняволеных распавядалі пра катаванні пры затрыманні і спробе атрымаць паказанні падчас судовага працэсу.
Яўгена Прапольскага катавалі ягоным жа электрашокерам, каб ён напісаў чыстасардэчнае прызнанне на імя начальніка УСК. Пасля гэтага яму было дрэнна: “кружылася галава, была адбітая нага”.
Расціслаў Стэфановіч распавядаў:
“Пасля затрымання мяне завялі ў мікрааўтобус, паклалі тварам у падлогу і наносілі ўдары дубінкай у вобласць ног і ягадзіц. Мяне білі і адначасова задавалі пытанні... Усяго нанеслі не менш за 20 удараў. Хтосьці сказаў, што здымуць з мяне штаны, каб згвалціць: штаны пацягнулі, але не знялі. Потым сілай прыклалі палец да тэлефона, ён разблакаваўся.
У будынку РУУС мяне паставілі на расцяжку… Так я прастаяў тры гадзіны. Калі я спрабаваў хоць трохі змяніць становішча, атрымліваў дубінкай па нагах альбо давалі каманду стаць яшчэ далей ад сцяны. Мой стан быў на мяжы страты прытомнасці. Я адчуваў боль у скроневай вобласці. Пасля гэтага ў мяне тры тыдні не схадзілі гузы, мне было балюча адкрываць рот ... медыцынская дапамога мне была аказана часткова”.
Па словах аднаго са слухачоў у залі, пры затрыманні на твар Паўла Нядбайлы наступілі ботам, ціснулі на яго з абразамі, патрабавалі, каб ён сказаў свой пароль ад тэлефона. У паніцы ўводзілі пароль няправільна, і калі заставалася апошняя трэцяя спроба, яшчэ мацней націснулі ботам і сказалі: «Гавары пароль ці мы цяпер цябе заб'ем і табе хана».
Паводле медыцынскай экспэртызы, трэцяга кастрычніка ў Аляксандра Рэзніка таксама былі выяўленыя цялесныя пашкоджанні 4-5-сутачнай даўніны: сінякі правага пляча, галёнкі. Яны «ўтварыліся ў выніку не менш двух траўматычных уздзеянняў цвёрдым тупым прадметам». Характар збіцця “не ўдалося вызначыць”.
Дзмітрый Ластоўскі распавёў, што пасля затрымання ён пісаў чыстасардэчнае прызнанне пад псіхалагічным ціскам і пагрозамі жыццю і здароўю. У будынку Цэнтральнага УСК дзяжурны следчы кінуў паперы, ручкі, сказаў пісаць чыстасардэчнае, інакш будзе вельмі дрэнна. Перад гэтым падчас затрымання супрацоўнікі казалі яму, што калі ён нічога не скажа, то яны могуць яго “прыстрэліць, і нам за гэта нічога не будзе”.
Таксама адзінаццаты фігурант справы Давід Слашчоў, які з’ехаў ад пераследу ў іншую краіну, распавядаў “Вясне”, што ўсіх затрыманых жорстка збівалі і ўсю ноч пры затрыманні, і ў РУУС Першамайскага раёна.
Падтрымаць палітвязняў лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: Яўген Уладзіміравіч Прапольскі: ПК №2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1 Расціслаў Алегавіч Стэфановіч: ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8 Павел Леанідавіч Нядбайла: ПК №11, 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118 Аляксандр Сяргеевіч Рэзнік: ПК №15, 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша 183 Дзмітрый Сяргеевіч Ластоўскі: ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба |
Павел Сапелка: "Пры пэўных умовах адказнасць можа нагнаць катаў у самы нечаканы момант"
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка адказвае на пытанні, ці будуць прыцягнутыя да адказнасці датычныя да катаванняў, чаму варта апублічваць факты катаванняў і падаваць заявы ў адпаведныя органы:
"Падаваць заяву па фактам катаванняў трэба, бо гэта разрывае заганнае кола маўчання, публікуе факт катавання, а часам і імя злачынца. Нягледзячы ні на што, заява дазваляе пачаць працэс замацавання доказаў катаванняў: праводзіцца экспертыза цялесных пашкоджанняў, апытваюцца асобы, якія маюць дачыненне да катаванняў і сведкі, калі яны ёсць. Магчыма, будуць сабраныя іншыя доказы. Належная ацэнка гэтых доказаў можа быць праведзена пазней, калі запрацуе права і закон. Таксама ўсё гучней гучыць тэма ўніверсальнай юрысдыкцыі, калі крымінальны пераслед можа пачынацца не ў той краіне, дзе мелі месца катаванні.
Надзея на тое, што калі-небудзь датычных да катаванняў прыцягнуць да адказнасці, ёсць. Дакладна гэта адбудзецца не заўтра і не ў бліжэйшы час, але масавыя катаванні, якія сталі распаўсюджанай практыкай у Беларусі пасля жніўня 2020 года – гэта злачынствы супраць чалавечнасці, без тэрміну даўнасці. Свет мяняецца, лагер дэмакратычных краін пашыраецца, і можа так здарыцца, што з часам злачынцам стане складана знайсці зручны прытулак – краіну, дзе не працуюць міжнародна прызнаныя стандарты. Гістарычныя паралелі – маюцца на ўвазе выпадкі, калі злачынцы спакойна дажывалі свой век і іх не маглі ці не хацелі аддаць суду і пакараць, могуць згуляць з катамі дрэнны жарт. Тэхналогіі і права не стаяць на месцы, і пры пэўных умовах адказнасць можа нагнаць іх у самы нечаканы момант.
Разумеючы ўсе звязаныя з цвёрдай пазіцыі па агучванні фактаў катаванняў рызыкі, тым не менш, мы рэкамендуем максімальна замацоўваць гэтыя факты ўсімі даступнымі спосабамі, адным з якіх могуць быць заявы аб катаваннях у судах усіх інстанцый. Гэта накладае на суддзяў абавязак арганізаваць расследаванне фактаў, прыпыніўшы разгляд справы. Тое, што суддзі свае абавязкі ігнаруюць, гэта не проста парушэнні працэдуры, гэта – саўдзел у злачынстве, і суддзі як юрысты павінны гэта разумець.
У любым выпадку мы заклікаем паведамляць у «Вясну» пра ўсе выпадкі катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання".
Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае збор і дакументаванне фактаў катаванняў у Беларусі
Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC | Email: viasnadoc@spring96.org. Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам "Вясны": @Spring96info.
Гісторыі катаванняў Сцяпана Латыпава і Міколы Дзядка
"Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся", — Сцяпан Латыпаў распавёў у апошнім слове пра збіццё і катаванні
Душылі падушкай, засоўвалі бутэльку ў рот. На судзе палітвязень Дзядок распавёў пра катаванні і збіццё
"Вясна" публікуе прамову палітзняволенага Міколы Дзядка на судзе цалкам.