Леанід Судаленка: “Як кажуць, “дажывем да панядзелка”, а там зажывем, будзе ўсім шчасце”
Лістамі ад палітзняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі падзяліўся з "Гомельскай Вясной" яго калега праваабаронца Васіль Палякоў. У іх Судаленка распавядае пра сваё здароўе, акалічнасці крымінальнай справы, разважае над магчымымі вынікамі разгляду яго апеляцыйнай скаргі.
“Час ідзе. Ужо тут 12-й месяц. Нядаўна вельмі моцна прастудзіўся. Кашаль на начах, пару дзён тэмпературыў. Але выкараскаўся, жонка лекаў перадала. Галоўнае, каб здароўе не падвяло, усё ж такі ўжо не маладыя. <...>
У мяне без зменаў, чакаю 14 студзеня, апеляцыю. Тут магчымы два варыянты – пакінуць як ёсць, альбо адменяць і на новы разгляд, яшчэ на паўгода. А там у залежнасці ад сітуацыі. У прынцыпе, я гатовы да любога рашэння, бо перакананы, што адмена выраку будзе ў любым выпадку, пытанне толькі часу.
Не памятаю ці пісаў табе, але суд, у якасці абцяжваючых абставін, указаў маю карысць, а маёмасную выгаду ў прысудзе абгрунтаваў двума абедамі на семінары. Такім чынам, ён «пагасіў» змякчальную акалічнасць – наяўнасць няпоўнагадовага дзіцёнка, што бясспрэчна.
Паводле Крымінальнага кодэксу, у выпадку наяўнасці змякчальных і адсутнасці абцяжваючых абставін тэрмін пакаранне не можа быць больш паловы ад максімальнага. У мяне – гэта паўтары гады, якія мінаюць праз месяц 18 студзеня. Значыць, каб я «не абедаў» на нашым семінары, пасля Новага году быў бы ўжо дома і ўсё па законе”.
Таксама Леанід Судаленка ведае, што яму сярод іншых прызначылі прэмію "За абарону правоў чалавека 2021", хоць "раней пра такую не чуў":
“Добрая навіна, што з вартымі людзьмі апынуўся ў лаўрэатах.
Таксама цікава, а беларускія праваабаронцы ў дзень абароны правоў чалавека 10 снежня кагосьці адзначалі, як раней праваабаронцу года? Можа ДПЧ (Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава ў Вільні, – заўв. рэд.) нешта рабіў з нагоды прафесійнага свята?”
Праваабаронца адзначае, што чакае суда па разглядзе апеляцыйнай скаргі і “маральна гатовы да любога павароту падзей”:
“Я ў парадку, ад хвароб адышоў, зноўку хаджу на прагулкі. Жыву апеляцыяй, хаця, гледзячы на апошнія выракі, думаю, што і мой «бязмежны» акт правасуддзя зацвердзяць.
Значыць, напрыканцы студзеня паеду ў лагер. Куды не ведаю, але гэта і не важна. Усё, што важна, ад мяне не залежыць, як і ад усіх нас. Пакуль, як кажуць, «дажывем да панядзелка» (да рэферэндуму). А там зажывем, будзе ўсім шчасце.
У мяне падатковая запатрабавала дэкларацыю аб прыбытках за 2014-2020гг. (6 год). Знайшлі, здаецца, у кагосьці мае распіскі. Адным словам, максімальнага тэрміну ім мала. Ціснуць яшчэ і тут”.
Жонка Леаніда Судаленкі пра сустрэчу ў СІЗА: "Нават калі яму давядзецца адседзець, ён усё адно сваё імя сумленнае абароніць"
Нагадаем, 3 лістапада праваабаронцу Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: нібыта за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанне і падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне (ч. 2 арт. 342 КК). Суд праходзіў у закрытым ад грамадскасці рэжыме.
Леанід Судаленка быў прызнаны палітвязнем.
Падтрымаць нашага калегу Леаніда лістамі салідарнасці: Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Леаніду Леанідавічу Судаленку |