viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні трох новых палітвязняў

2021 2021-12-30T19:21:11+0300 2022-01-05T12:31:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/reshetka.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

30 снежня 2021 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, з глыбокай занепакоенасцю адзначаем, што пераслед у межах адміністрацыйнага працэсу ўжываецца ўладамі дзеля падаўлення свабоды выказвання меркаванняў, уключаючы свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку ці мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар.

Некаторых затрыманых па адміністрацыйных справах неаднаразова паўторна асуджаюць да адміністрацыйных арыштаў, такім чынам іх знаходжанне ва ўмовах зняволення па працягласці супастаўнае з крымінальным пакараннем.

Нагадваем, што паводле п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", зацверджанага беларускай праваабарончай супольнасцю на III Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з'яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.

Гэтыя крытэры ў поўнай ступені тычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх правоў і свабод. Адпаведна, грамадзяне, якія зазналі адміністрацыйны арышт за рэалізацыю сваіх прызнаных міжнароднай супольнасцю правоў і свабод, з'яўляюцца палітвязнямі на перыяд іх ізаляцыі. Асобныя заявы аб прызнанні некаторых з іх такімі закліканыя звярнуць адмысловую ўвагу на пэўныя выпадкі найбольш жорсткага пакарання за ажыццяўленне сваіх правоў і свабод.

Так, Таццяна Батура, якую затрымалі 15 лістапада ў Мінгарсудзе, калі яна хацела трапіць на першы судовы працэс па справе палітзняволенай Вольгі Залатар, пацярпела ад жорсткага абыходжання і была тройчы паслядоўна асуджаная да адміністрацыйнага арышту;

Анатоль Шалковіч, які стаў папулярным з-за сваёй заявы ў відэароліку, распаўсюджаным МУС, у якім казаў пра любоў да белага і чырвонага колераў, быў затрыманы 11 лістапада, неаднаразова пакараны адміністрацыйным арыштам;

Мікалай Брэдзелеў, затрыманы 10 снежня і асуджаны да адміністрацыйнага арышту, працягвае ўтрымлівацца ў ізалятары; на сённяшні дзень звестак пра ягоны працэсуальны статус няма.

Практыка асуджэння адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску.

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту Таццяны Батура, Анатоля Шалковіча і Мікалая Брэдзелева і патрабуем:

  • адмены вынесеных у дачыненні да палітвязняў судовых пастановаў і іх неадкладнага вызвалення;
  • спынення рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў;
  • вызвалення ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў і свабод;
  • неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Human Constanta.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства