viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2021

2021 2021-12-31T13:58:54+0300 2021-12-31T16:35:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vokladka_december_2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна прымяняць крымінальны пераслед грамадзян па палітычных матывах, прызначаючы дэманстратыўна жорсткія пакаранні асобным палітвязням;
  • у месцах несвабоды на 30 снежня знаходзяцца 970 палітвязняў; іх колькасць працягвае няўхільна павялічвацца;
  • у следчым ізалятары па адвольных абвінавачаннях працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ “Вясна”: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч; каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк. Сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка і валанцёрка “Вясны” Таццяна Ласіца асуджаныя адпаведна да трох гадоў і двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі і чакаюць апеляцыйнага разгляду сваіх скаргаў;
  • валанцёры і сябры ПЦ “Вясна” зноў падвергліся ператрусам і затрыманням;
  • працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях; за снежань ПЦ “Вясна” вядома аб 2 штрафах на агульную суму 40 базавых велічыняў і 29 адміністрацыйных арыштах агульнай працягласцю ў 381 суткі;
  • праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі па палітычных матывах, затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў пазбаўлення волі бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ "Вясна" як катаванні;
  • катаванні па-ранейшаму прымяняюцца падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Працягваецца працэс прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўдзельнікаў пратэстных выступаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і іншадумцаў і крытыкаў улады. Гэта найболей жосткая форма рэпрэсій, якая захоўвае масавы і паўсюдны характар. Да формаў пераследу прыхільнікаў дэмакратычных перамен трэба аднесці таксама шырока распаўсюджаную практыку іх палітычна матываваных звальненняў з працы і службы.

Колькасць палітвязняў за месяц павялічылася на 82 чалавекі па стане на 30 снежня склала 970 чалавек, працягваючы няўхільна расці.

У Гомелі 14 снежня быў абвешчаны прысуд шасці палітвязням: Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку, Мікалаю Статкевічу, Уладзіміру Цыгановічу, Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову. Суд па "справе Ціханоўскага" праходзіў у закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА на працягу амаль шасці месяцаў. Палітвязням інкрымінавалі арганізацыю "масавых беспарадкаў" у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, распальванне сацыяльнай варожасці і перашкоду працы Цэнтрвыбаркама. Усіх абвінавачаных затрымалі яшчэ да выбараў. Генеральная пракуратура вылучыла пазоў да абвінавачаных у памеры 3,078 мільёна рублёў (1,2 мільёна долараў). Па прыгаворы прызначаныя пакаранні: Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў пазбаўлення волі, Мікалаю Статкевічу — 14 гадоў пазбаўлення волі, Ігару Лосіку — 15 гадоў пазбаўлення, Дзмітрыю Папову — 16 гадоў пазбаўлення волі, Арцёму Сакаву — 16 гадоў пазбаўлення волі, Уладзіміру Цыгановічу — 15 гадоў пазбаўлення волі. Адвольны паказальна жорсткі прысуд дэманструе адсутнасць у планах уладаў працэсаў, накіраваных на нацыянальнае прымірэнне, закліканы стварыць умовы для расправы з апанентамі рэжыму, запалохаць прыхільнікаў дэмакратычных змен.

У Мінскім гарадскім судзе 17 снежня вынесены прысуд палітвязню Эдуарду Пальчысу. Яго абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) і ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Суд праходзіў у закрытым рэжыме "з мэтай недапушчэння распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў", што груба парушыла працэсуальныя і канстытуцыйныя правы абвінавачанага. Суддзя Пётр Арлоў прызнаў блогера вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 13 гадоў.

22 снежня ў Мінскім абласным судзе абвясцілі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча, Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава. Ім ставіўся ў віну шэраг эпізодаў – падпал службовых аўтамабіляў, будынкаў ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці, а Дубоўскаму і Аліневічу таксама незаконнае перамяшчэнне праз мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў. Сам суд з першага паседжання праходзіў у закрытым рэжыме ў сувязі з абаронай персанальных дадзеных трох пацярпелых, якія фігуруюць у справе, а абвінавачаныя Аліневіч, Разановіч і Раманаў адмовіліся браць удзел у працэсе. Суддзя Вячаслаў Тулейка прызначыў ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі: Ігару Аліневічу тэрмінам на 20 гадоў, Сяргею Раманаву тэрмінам на 20 гадоў, Дзмітрыю Дубоўскаму тэрмінам на 18 гадоў, Дзмітрыю Рэзановічу тэрмінам на 19 гадоў. Усе яны ў сувязі з парушэннем права на справядлівы суд былі прызнаныя палітвязнямі з патрабаваннем перагляду прысуду.

У Мінскім гарадскім судзе 27 снежня абвясцілі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Ягора Дуднікава: 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Такое пакаранне вынес суддзя Сяргей Хрыпач. Дуднікава затрымалі 4 траўня ў Мінску, моцна збілі і катавалі, пра што ён сам распавёў. Абвінавачанне першапачаткова прад'яўлена па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ў сувязі з тым, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале "ОГСБ". Але асудзілі Ягора зусім па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса – ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці або варажнечы) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі). Суд над Дуднікавым праходзіў у закрытым рэжыме з прычыны "выключэння распаўсюджвання экстрэмісцкай прадукцыі" і "абароны спецыяліста Князева".

У СІЗА працягваюць утрымлівацца па надуманых абвінавачаннях старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, каардынатарка валанцёрскай службы "Вясны" Марыя (Марфа) Рабкова, валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк. Асуджаныя да пазбаўлення волі кіраўнік гомельскага аддзялення Леанід Судаленка (да трох гадоў калоніі) і валанцёрка Таццяна Ласіца (да двух з паловай гадоў калоніі).

У пачатку снежня ў больш чым дваццаці валанцёраў і валанцёрак “Вясны” былі праведзены ператрусы, пасля якіх адбыліся затрыманні і допыты; у затрыманых узятыя падпіскі аб невыдаванні звестак. У сувязі з гэтым ПЦ "Вясна" выступіў з заявай, выказаўшы рашучы пратэст у сувязі з чарговым этапам ціску на арганізацыю і яе валанцёраў, асудзіўшы парушэнне правоў чалавека і свабод у якасці інструментаў ціску на праваабаронцаў і валанцёраў, а ў цэлым – на ўсе сегменты грамадзянскай супольнасці і пацвердзіў сваю гатоўнасць працягваць мірную легітымную дзейнасць па абароне і прасоўванні правоў чалавека.

Таксама прайшлі ператрусы ў кватэры і на лецішчы праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна, была канфіскаваная інфармацыйная прадукцыя. Ператрус прайшоў і ў магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля. 17 снежня ў Маладзечне быў затрыманы праваабаронца "Вясны" Алесь Капуцкі. 20 снежня яго асудзілі на 15 сутак арышту па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Парушэнні свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў.

У Следчым камітэце заявілі, што распачалі дзве справы па артыкуле 342-2 Крымінальнага кодэкса за "неаднаразовае парушэнне правядзення масавых мерапрыемстваў". Гэта першыя вядомыя выпадкі пасля крыміналізацыі гэтых дзеянняў. Па гэтым артыкуле прадугледжваецца адказнасць у выглядзе арышту, абмежаванні або пазбаўленні волі тэрмінам да трох гадоў. Сярод першых абвінавачаных – 59-гадовы бяздомны з Мінска Аляксандр Кутас, якога ўжо дзесяць разоў кідалі на "суткі" па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) у 2021 годзе. Пратаколы на яго складалі за плакаты, на якіх звычайна быў намаляваны сцяг БССР і напісаны просьбы аб дапамозе. Але аднойчы яго затрымалі за БЧБ-плакат з тэкстам: "Вярніце мне дзяцінства, юнацтва мне вярніце, і першае каханне. Дапамажыце забыць лагера і няхай жыве Народная Рэспубліка Беларусь". На Акрэсціна Кутас правёў мінімум 130 сутак арышту.

У судах да гэтага часу выносяцца прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступаў 2020 года. У судзе Савецкага раёна Менска 14 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе палітвязняў, удзельнікаў музычнага фэнтэзі-фолк-гурта IRDORATH Уладзіміра і Надзеі Калачоў, якіх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Суддзя Аляксандр Якунчыхін прызначыў ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады кожнаму. У судзе Ленінскага раёна 28 снежня вынеслі прысуд яшчэ тром палітвязням, удзельнікам гэтага ж гурта Юліі Марчанка, Пятру Марчанку і Антону Шніпу. Суддзя Анастасія Ачалава вынесла кожнаму з іх прысуд: 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прэс-служба МУС паведамляла, што “ў жніўні мінулага года група "дудароў" неаднаразова ўзначальвала калону пратэстуючых і з выкарыстаннем музычных інструментаў залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсце грамадзян. Перформанс каардынатараў узмацняў пратэстны настрой удзельнікаў і штурхаў іх да супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да міліцыянтаў.”

24 снежня стала вядома, што культурны мэнэджар Павел Белавус, які адбыў тры адміністрацыйныя арышты запар, затрыманы па крымінальнай справе па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У яго дома зрабілі ператрус і канфіскавалі тэхніку.

У Мінскім гарадскім судзе 3 снежня вынеслі прысуд палітзняволенай маці пецярых дзяцей Вользе Залатар. Яе прызналі вінаватай па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і навучанне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (дапамаганне да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суддзя Анастасія Папко прызначыла пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі.

17 снежня 2021 года ў Маскоўскім судзе Брэста суддзя Таццяна Лаўранюк абвясціла прысуды дванаццаці абвінавачаным, паведамляе "Брэсцкая Вясна": усе асуджаныя да абмежавання волі. На гэты момант у межах так званай “карагоднай справы” ўжо асуджана 114 чалавек. Нагадаем, што іх усіх прызнаюць вінаватымі ў "грубым парушэнні грамадскага парадку" (ч. 1 арт. 342 КК): 13 верасня мінулага года на “Маршы герояў” у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні "Муры" і "Тры чарапахі", танчылі. Людзей разагналі вадамётам, а затым узбудзілі крымінальную справу. Гэта адна з самых масавых палітычных справаў у гісторыі Беларусі.

Па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі ажыццяўляюць "адпрацоўку" гарадоў, розных раёнаў Мінска і прыгарадаў, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках пратэстнай сімволікі, затрымліваюць на працы; праводзяць ператрусы і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. У судах праходзяць разбіральніцтвы адміністрацыйных спраў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах і ў кватэрах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, рэпосты і каментары ў сацсетках а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.

Грамадзянін Кубы Роберт Вальдэс Касануэва быў затрыманы на маршы 8 лістапада мінулага года. Пазней яму прысудзілі 15 сутак, пасля чаго ён не выйшаў з ЦІПа. Больш за год мужчына правёў у ізалятары на Акрэсціна ў чаканні дэпартацыі. У пачатку снежня стала вядома, што яго дэпартавалі на Кубу.

У Полацку на 25 сутак па арт. 24.23 КаАП за “несанкцыянаванае пікетаванне” асудзілі гаспадара бел-чырвона-белага дома Анатоля Каханчыка. Каханчык быў затрыманы, калі прыйшоў па позве ў міліцыю. Па папярэдняй інфармацыі, ён трымае сухую галадоўку. Год таму жыхар Полацка пафарбаваў бацькоўскі дом у вёсцы Алёшча Полацкага раёна ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сцяне дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў "Пагоню". Праз некаторы час яго асудзілі за гэта як за правядзенне несанкцыянаванага пікету, а потым сталі пагражаць крымінальнай справай за злоснае хуліганства.

У “Вясны” ёсць звесткі аб накладанні суддзямі за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў, а таксама па адвольных абвінавачваннях за “распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў” двух штрафаў на агульную суму 40 базавых велічынь і 29 адміністрацыйных арыштаў. Гэта далёка не поўныя дадзеныя аб колькасці палітычна матываваных адміністрацыйных спраў: у многіх выпадках суддзі таемна праводзяць пасяджэнні ў фактычна закрытым рэжыме з дапамогай відэаканферэнцыі без аб'яўлення аб даце і месцы слухання, што груба парушае працэсуальныя і канстытуцыйныя правы асоб, у адносінах да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс.

Артыкул 19.11 КаАП, па якім караецца распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, усё часцей выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. Як правіла, караецца рэпост розных матэрыялаў грамадска-палітычнага характару з рэсурсаў, чыя інфармацыйная прадукцыя прызнана экстрэмісцкай.

Распаўсюджаным інструментам рэпрэсій зараз з'яўляецца пераслед за паклёп на прэзідэнта, абразу прадстаўнікоў улады, суддзяў, пракурораў, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 367, 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса), здзек з дзяржаўных сімвалаў. Па ўсёй тэрыторыі Беларусі праходзяць судовыя паседжанні па такіх абвінавачваннях.

Так, судом Добрушскага раёна 15 снежня вынесены прысуд Івану Хвяшчуку па крымінальнай справе аб публічнай абразе ў сацыяльных сетках Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Святлана Лук'янава. Па прапанове абвінавачання суд праходзіў у закрытым рэжыме і скончыўся асуджэннем Хвяшчука да пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год.

22 снежня суддзя Ірына Прадун з Рагачоўскага раённага суда вынесла прысуд па крымінальнай справе аб абразе прадстаўніка ўлады. Аляксандр Кандорскі ў кастрычніку мінулага года пад відэа аб разгоне мірнай акцыі пакінуў каментар: "На кол". Нягледзячы на ​​высновы лінгвістычнай экспертызы, якая ўстанавіла, што ў напісаным "няма элементаў агрэсіі і закліку да гвалту", абвінавачанага прыгаварылі па арт. 369 "Знявага прадстаўніка ўлады" і прысудзілі да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Прыгавор абвешчаны на выязным паседжанні суда ў будынку РАУС.

Максім Мычко, Яна Мілеўская і Аляксандр Бендзь 29 жніўня 2021 года, “дзейнічаючы групай асоб па папярэдняй змове, выказваючы грэблівае стаўленне да дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, сарвалі яго, затым абвінавачаны Мычко кінуў яго на тратуар”. Прысудам суда ўсе абвінавачаныя прызнаны вінаватымі ў знявазе дзяржаўнага сцяга і на падставе арт. 370 КК ім прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год кожнаму.

За снежань спіс прызнаных экстрэмісцкімі інтэрнет-рэсурсаў вырас на 59 пазіцый. Акрамя розных рэгіянальных Telegram-каналаў і груп у сацыяльных сетках, прызнаныя, у прыватнасці, рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска экстрэмісцкімі Telegram-канал, сацсеткі, YouТube "Радыё Свабода". 20 снежня стала вядома, што ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі тэлеграм-канал і чат палітыка Валерыя Цапкала, Telegram і YouТube-каналы палітыка Паўла Латушкі, сацыяльныя сеткі "Народнага антыкрызіснага кіравання", Telegram Каардынацыйнай рады.

30 снежня 2021 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала "Вясны". Такое рашэнне прыняў суддзя Ілля Свірыдаў.

Парушэнні свабоды асацыяцый

21 снежня беларускія дэпутаты ў двух чытаннях прынялі папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за ўдзел у ліквідаваных арганізацыях: палітычных партыях, грамадскіх і рэлігійных аб'яднаннях, фондах.

Па стане на 1 снежня 2021 года, згодна з маніторынгам, які вядзецца Lawtrend сумесна з OEEC, 283 некамерцыйныя арганізацыі ў Беларусі знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, уключаючы судовыя працэсы, або прымусова выключаны з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб або індывідуальных прадпрымальнікаў.

Вяртанне артыкула 193-1 КК можа служыць мэтай крыміналізацыі сацыяльнага пратэсту і легалізацыі рэакцыі ўрада на сацыяльныя хваляванні.

На адвольнае абмежаванне права на аб'яднанне накіраваны рашэнні МУС і КДБ аб прызнанні груп грамадзян экстрэмісцкімі фармаваннямі. У снежні МУС прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем групу грамадзян, якая аб'ядналася праз інтэрнэт-рэсурсы «Фонд салідарнасці BYSOL / Belarus solidarity foundation», уключаючы структурныя падраздзяленні «Voices from Belarus» і «Digital Solidarity». Таксама прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем група грамадзян, аб'яднаных праз ініцыятыву салідарнасці BY_help, уключаючы структурныя падраздзяленні "Беларусам.рl" і “Media Solidarity Belarus”. Абедзве ініцыятывы сталі шырока вядомыя ў дні пратэстаў 2020 года сваёй актыўнай дабрачыннай дзейнасцю ў падтрымку ахвяр палітычных рэпрэсій.

Ціск на журналістаў і СМІ

У месцах пазбаўлення волі на канец снежня 2021 года знаходзіліся 32 прадстаўнікі СМІ.

Журналістаў па-ранейшаму рэгулярна адвольна затрымліваюць, абшукваюць іх і іх жыллё, падвяргаюць пазбаўленню волі за выкананне прафесійнага абавязку.

У Бярозаўцы (Гродзенская вобласць) 3 снежня затрымалі незалежнага журналіста Юрыя Дзяшука. Вядома, што яго забралі ў Ліду. Прычыны затрымання невядомыя. Пазней Юрыя вызвалілі, узяўшы падпіску.

У рэдакцыі газеты “Ганцавіцкі час” адбыўся чарговы ператрус. Яго праводзілі супрацоўнікі ДФР, былі забраныя флэшка і некаторыя дакументы. Да гэтага ў рэдакцыю і ў кватэры супрацоўнікаў з ператрусамі прыходзілі некалькі разоў улетку і ўвосень.

У Гомелі перад прысудам па "справе Ціханоўскага" затрымалі журналіста Анатоля Гатоўчыца. Пра затрыманне паведаміла жонка Анатоля Гатоўчыца Марыя. Па ейных словах, Анатоль Гатоўчыц быў затрыманы каля ізалятара, дзе праходзіў суд над Сяргеем Ціханоўскім і іншымі фігурантамі справы.

23 снежня Андрэй Кузнечык, журналіст «Свабоды», затрыманы 26 лістапада па адміністрацыйнай справе і двойчы асуджаны на арышт, стаў фігурантам крымінальнай справы і пераведзены ў мінскае СІЗА № 1 на Валадарскага.

У той самы дзень журналіста “Свабоды” Алега Груздзіловіча забралі з дому ў Мінску, выламаўшы дзверы. Груздзіловіч – падазраваны па крымінальнай справе па артыкуле 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Пасля затрымання мужчыну змясцілі ў СІЗА №1. Ён зноў прызнаны палітычным вязнем.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, зневажальнае абыходжанне

Вызваленыя палітвязні працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоваў утрымання для арыштаваных па палітычна матываваных справах, якія ў выніку мяжуюць з катаваннямі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі. Праваабаронцам "Вясны" працягвае паступаць інфармацыя аб нечалавечых умовах утрымання ў ізалятарах Мінска. Затрыманыя і арыштаваныя па палітычных матывах утрымліваюцца ў перапоўненых камерах, не атрымліваюць ні медыцынскай дапамогі, ні прагулкі, ні перадач. Супрацоўнікі ЦІПа не рэагуюць на скаргі аб прусаках і іншых паразітарных насякомых у камерах, а хворых на COVID-19 часта не лечаць і не ізалююць ад здаровых людзей.

У жорсткіх умовах утрымліваюцца таксама зняволеныя па крымінальных справах, падвяргаюцца ціску і катаванням зняволеныя ў калоніях.

Па-ранейшаму не расследаваны шакавальныя выпадкі катаванняў, пра якія заяўлялі палітвязні.

Гарантыі справядлівага суда. Пераслед адвакатаў

23 снежня Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адвакатку Лізавету Матвееву, якая абараняла палітвязняў Мажэйку, Мацкевіча, Лапатку і Слаўнікаву. Таксама яна мусіла абараняць затрыманага напярэдадні актывіста Паўла Вінаградава.

Матвееву выключылі з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў праз тое, што яна нібыта здзейсніла дысцыплінарную правіну: яе выклікалі на пазачарговую пераатэстацыю, а яна не пагадзілася з гэтым і абскардзіла правядзенне пераатэстацыі ў судзе. З-за таго, што дадзенае рашэнне абскарджвалася, яна не з'явілася на пераатэстацыю, што было адвольна расцэнена як дысцыплінарны праступак. Міністр юстыцыі пастанавіў прыцягнуць адвакатку да дысцыплінарнай адказнасці і прыпыніў дзеянне яе ліцэнзіі. Савет МГКА разгледзеў пытанне аб дысцыплінарным спагнанні і прыняў рашэнне аб выключэнні Матвеевай.

Гэты выпадак – яскравы прыклад недапушчальнага ўмяшання органаў выканаўчай улады ў дзейнасць незалежнай адвакатуры і невыканання органамі адвакацкага самакіравання сваёй місіі па абароне правоў сябраў супольнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства