Блог Алеся Бяляцкага: Музей. Была ідэя стварыць філію ў Вяззі, але там не зразумелі каштоўнасць беларускага слова
Праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі, які з 14 ліпеня знаходзіцца ў зняволенні па палітычна матываванай крымінальнай справе супраць "Вясны", піша ўспаміны пра музей Максіма Багдановіча, дзе ён працаваў дырэктарам з 1989 года па ліпень 1998 года. Друкуецца на "Свабодных навінах" са скарачэннямі.
22.08.2021
Трэба сказаць, што ідэя размясціць экспазіцыю ў складнях, якія ўяўляюць з сябе аканіцы местачковага дому, была выпрабаваная за некалькі месяцаў да адкрыцця “Беларускай хаткі”. Такім чынам аформілі выставу, прысвечаную жыццю і творчасці Максіма Багдановіча. Яе змест закранаў усю творчасць паэта і ўсе перыяды яго жыцця ад нараджэння да смерці. Фактычна гэта была наша першая экспазіцыя, прысвечаная нацыянальнаму генію.
Мне хацелася, каб пакой Максіма Багдановіча ў “Хатцы” застаўся не толькі ў памяці супрацоўнікаў музея і наведвальнікаў ды на фотаздымках, таму папрасіў Уладзіміра Сулкоўскага намаляваць яго. Валодзя – свядомы і патрыятычны мастак, які браў удзел у грамадскім руху, аздабляў Дзяды, Чарнобыльскі шлях, нёс некалькі разоў падчас Шляху спецыяльна выліты звон. Ён выдатна адчуваў і маляваў інтэр’ер. Уладзімір Сулкоўскі рана памёр. Памяткай у нашым музеі застаўся па-мастацку намаляваны ім пакой Максіма.
Музей. Як "Беларуская хатка" пераехала з былой Захар’еўскай на цяперашнюю Рабкораўскую
23.08.2021
У “Беларускай хатцы” мая старая і добрая сяброўка Арына В. пару разоў ладзіла дзіцячыя Каляды. Бралі ў іх удзел сыны і дочкі нядаўніх талакоўцаў, іншых свядомых беларускіх сем’яў. Адной з арганізатарак Калядаў была талакоўка, рэжысёрка Ірына. Дзеці збіраліся на рэпетыцыі, вучылі ролі, бацькі шылі для іх касцюмы. Засталіся фотаздымкі, на якіх малыя бегаюць, весяляцца, і сярод іх – наш Алесь, Кастусь Костка і малая яшчэ Ірэна. Ірэны ўжо няма, нашы дзеці выраслі і пайшлі сваімі шляхамі. Некаторыя з іх працягваюць тое, што мы некалі падхапілі ад “недабіткаў” – так горка называлі сябе тыя з беларускай інтэлігенцыі, якія перажылі 30-50-я гады і засталіся жывымі.
Улетку 1991 года мы вазілі выставу Максіма Багдановіча ў вёску Вяззе. Яна ў Асіповіцкім раёне – памятная мясціна для сям’і Багдановічаў. Тут лесніком служыў швагер маці паэта. Летам 1895 года Багдановічы з сынамі Вадзімам, Львом і Максімам на некалькі месяцаў прыехалі сюды з Гародні. У даволі вялікі доме лесніка хапала ўсім месца. У сядзібе была немалая гаспадарка – каровы, свінні, коні і птушкі. Дзеці спазнавалі беларускую прыроду, гулялі з тутэйшымі і хутка пераймалі іх мову.
Бацька Максіма, Адам Багдановіч, быў вялікім прыхільнікам і энтузіястам беларускага слова, любіў народныя песні, казкі, паданні. Але дома з маці Максіма яны размаўлялі па-руску – прамы вынік адмысловай палітыкі ў Расійскай імперыі. Дзіва, але захаваўся да пачатку 1990-х дом лесніка ў Вяззі: перабудаваны, падлатаны, але зруб цэлы і пакрыты шыферам. У нашых планах было адбудаваць тую сядзібу і зрабіць там экспазіцыю, прысвечаную сям’і Багдановічаў, а таксама паказаць быт лесніка, служыўшага ў Радзівілаў. У Мікалаеўшчыне ў той самы час лесніком служыў бацька Якуба Коласа, Мікалай Міцкевіч. Марыя Багдановіч падчас жыцця ў Вяззі лячыла вясковых дзяцей, хоць і не была доктаркай, але давала тыя лекі, пра якія сама ведала. Мы хацелі перадаць атмасферу вялікай любові ў сям’і Багадновічаў, у якой праходзіла маленства Максіма.
На жаль, адбудаваць філію музея ў Вяззі не ўдалося, хоць быў зроблены праект рэстаўрацыі сядзібы.
Вяззе – немалая вёска, стаіць на беразе Свіслачы і вадасховішча, недалёка ад Асіповічаў і Бабруйска. У перспектыве там мог узнікнуць новы турыстычны аб’ект, які паказваў бы беларускую культуру.
Але нашыя планы не спраўдзіліся. У сярэдзіне 1990-х фінансаванне амаль спынілася. Яшчэ неяк давалі грошы на штат супрацоўнікаў. Мы рухалі, як маглі, адбудову фальварка ў Ракуцёўшчыне, гэта быў для нас прыярытэт. А пасля 1994 года ўсё знерухомела.
З сярэдзіны 1990-ых я не быў у Вяззі. Хату лесніка сельсавет разабраў, бо выконвалі загад па добраўпарадкаванні вёсак. Пэўна, аўтэнтычнае бярвенне зруба ўжо даўно згніло, але ці застаўся пустым пляц, ці там нехта пабудаваў хату – не ведаю. Я чамусьці спадзяваўся, што філія Музея Максіма Багдановіча ў сядзібе лесніка ў Вяззі яшчэ з’явіцца.
Таму вяртаюся да таго, як мы вазілі туды нашу выставу. Праходзіла гэта ў рамках святкавання сотых угодкаў з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Да гэтага меў дачыненне аддзел культуры Магілёўскага аблвыканкама. У Вяззі пабудавалі спецыяльную сцэну ў цэнтры, паставілі лаўкі. З Магілёва прыехаў загадчык аддзела культуры аблвыканкама – неверагодны хамуйла і цынік. Хваліўся, што да гэтай пары рабіў першым сакратаром Мсціслаўскага райкама. У культуры нічога не разумеў, ды й моцна не хаваў гэтага, грэбаваў ёй.
Мы размясцілі выставу ў фае дома культуры. Разгорнутыя складні стаялі на адметных падстаўках, зробленых з акуратна таніраваных брускоў. Алена Кісялевіч адчайна смела правяла першую экскурсію.
28.08.2021
На жаль, свята паэзіі ў Вяззі не стала традыцыйным так, як гэта адбылося ў Ракуцёўшчыне. На ўсходзе Беларусі разуменне каштоўнасці святаў беларускай паэзіі, роднага слова было невялікім. Мы адныя не змаглі пераламіць сітуацыю.
Гартаючы зборнік вершаў Максіма Багдановіча, шукаю вершы, якія маглі быць напісаныя ім у “Хатцы”. З успамінаў Змітрака Бядулі мы дакладна ведаем пра паэму “Страцім-Лебедзь”, якую Багдановіч чытаў тут у канцы 1916 года перад беларускім актывам. Некалькі твораў у ягоным зборы пазначаныя 1915-1917 гадамі. Яны маглі быць напісаныя і ў Яраслаўлі, і ў Менску ці ў Ялце. Маю ўвагу прыцягваюць два вершы, якія па змесце вельмі верагодна маглі быць напісаныя менавіта ў Менску:
Выйшаў з хаты, ціха спіць падворак,
Не злічыць у сэрцы светлых дум.
Быўшы ўвечары ў “Беларускай хатцы”, я ясна ўяўляў, як Максім выходзіў са свайго пакоя ў агульны калідорчык, не турбуючы Плаўнікаў, з яго – на ганак і на двор. Ціхая, зімняя ясная ноч. Зоркі, якія тады можно было ўбачыць у Менску. Брэх сабакаў.
І другі верш. Хоць і напісаў некалі даследчык творчасці Максіма Багдановіча, што ён хутчэй за ўсё створаны ў Ялце, але мне хочацца верыць: гэта яшчэ менскі верш.
Набягае яно. Вечарамі, начамі,
Адчыняе вакно
I шамрэе кустамі.
I гавора адну
Старадаўнюю казку
– Аб любоў i вясну. I жаночую ласку.
Магчыма, верш навеяны хваравітым станам паэта.
Ізноў жа я ўяўляю, як Максім ляжыць у сваім мулкім жалезным ложку ў гарачцы, мокры ад поту, выпівае парашкі, якія збіваюць тэмпературу, настой траў і ўпадае ў начное марыва трызненняў і мрояў. Часам ён гушкаецца на хвалях нябачнай сусветнай энергіі, ён чуе шамаценне, невядомыя гукі, якія пранікаюць праз акно ў пакой. Затым ізноў забыццё, паэту здаецца, што нехта лунае ў пакоі, зазірае яму ў вочы. Здаецца, каханне і смерць па чарзе залятаюць у пакой да Максіма. На гэтых арэлях лёс гушкае яго ў апошнія месяцы жыцця, то ўздымаючы высока ў неба, то скідаючы ў пекла.
Усе блогі Алеся Бяляцкага
Падтрымаць Алеся лістамі і паштоўкамі салідарнасці можна па адрасе:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |