viasna on patreon

Не вайне! Заява Праваабарончага цэнтра «Вясна» ў сувязі з удзелам Беларусі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны

2022 2022-02-27T23:37:36+0300 2022-03-31T16:19:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/izobrazhenie_2022-02-27_232817.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна"

27 лютага 2022 года

У сувязі з удзелам Рэспублікі Беларусь у прадастаўленні умоў для вядзення агрэсіўнай вайны супраць Украіны з сваей тэрыторыі, а таксама паступаючымі ў ПЦ «Вясна» звесткамі аб падрыхтоўцы непасрэдным накіраванні ваеннаслужачых Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, мы звяртаемся да ўладаў і грамадзянам Беларусі і нагадваем:

Народы нашай планеты маюць святое права на мір; захаванне права народаў на мір і садзейнічанне яго ажыццяўленню з'яўляюцца адным з асноўных абавязкаў кожнай дзяржавы; забеспячэнне ажыццяўлення права народаў на мір патрабуе, каб палітыка дзяржаў была зарыентавана на ліквідацыю пагрозы вайны, перш за ўсё ядзернай, на выключэнне прымянення сілы ў міждзяржаўных адносінах і вырашэнне міжнародных спрэчак мірнымі сродкамі на аснове Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

У адпаведнасці з артыкулам 18 Канстытуцыі, Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права. Рэспубліка Беларусь ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву – нейтральнай.

Дагавор аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь, ратыфікаваны Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь, прадугледжвае, што бакі будуюць свае адносіны на ўзаемнай павазе, даверы і згодзе, кіруючыся прынцыпамі павагі дзяржаўнага суверэнітэту, раўнапраўя і неўмяшання ва ўнутраныя справы адзін аднаго, непрымянення сілы або пагрозы сілай, у тым ліку эканамічнай і іншай. У адпаведнасці з дамовай, кожны з бакоў абавязваецца ўстрымлівацца ад удзелу або падтрымкі любых дзеянняў, накіраваных супраць другога боку, і не дапускаць выкарыстання сваёй тэрыторыі ў шкоду інтарэсам бяспекі другога боку.

Закон "Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь" выключае іх прымяненне для вядзення агрэсіўнай вайны, вызначаючы задачамі ўзброеную абарону Рэспублікі Беларусь і адбиццё нападу ў любых умовах стратэгічнай абстаноўкі як самастойна, так і сумесна з узброенымі сіламі саюзнікаў.

У такіх умовах мы заяўляем, што ўлады Беларусі, не спыняючы небывалых рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці ўласнай краіны, рэалізуюць супярэчную Канстытуцыі і заканадаўству замежную палітыку, якая акрамя ўдзелу ў агрэсіі Расійскай Федэрацыі найбліжэйшым часам пагражае непасрэдным удзелам грамадзян Беларусі ў несправядлівай крывавай вайне на тэрыторыі дзяржавы-суседа, з якімі мы звязаныя юрыдычнымі, шматгадовымі гістарычнымі, эканамічнымі, культурнымі добрасуседскімі сувязямі.

Прымус беларускіх вайскоўцаў да выканання неканстытуцыйных загадаў, якія відавочна супярэчаць закону, з'яўляецца злачынствам. Разам з тым, ва ўмовах глыбокага прававога крызісу ў Беларусі вайскоўцы, якія адмовяцца выконваць загадзя незаконныя загады, могуць сутыкнуцца з крымінальным пераследам. У сувязі з гэтым мы заклікаем улады Беларусі вярнуцца ў канстытуцыйныя і дагаворныя рамкі ўзаемаадносін з дзяржавамі, спыніць удзел у эскалацыі міжнароднай напружанасці і адмовіцца ад удзелу ў вайне; прыкласці ўсе магчымыя намаганні для завяршэння Расіяй ваеннай інтэрвенцыі ва Украіне, а таксама заяўляем, што адмова вайскоўцаў ад удзелу ў агрэсіўнай вайне павінна разглядацца выключна як рэалізацыя сваіх канстытуцыйных грамадзянскіх правоў.

Не вайне!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства