viasna on patreon

Прыцягненне адвакатаў да адказнасці за іх выказванні: што адбываецца ў іншых краінах?

2022 2022-02-28T16:52:43+0300 2022-02-28T16:52:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/advokat_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі актыўна пазбаўляюць ліцэнзій адвакатаў, якія ўдзельнічалі ў палітычных працэсах. Так, былі пазбаўлены ліцэнзій абаронцы Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Сяргея Ціханоўскага, Вольгі Залатар, Мікалая Дзядка і іншых. Пры гэтым усё кажа пра тое, што адвакатаў пазбаўлялі ліцэнзій за іх выказванні, каментары ў прэсе і іншыя спосабы публічнага выказвання меркавання.

Ці можна абмежаваць чалавека ў свабодзе выказванняў толькі на падставе таго, што ён адвакат? Мы вырашылі вывучыць, як ставяцца да свабоды выказвання меркавання адвакатаў у еўрапейскіх краінах, якія крытэры закладзены ў аснову рэгулявання і практыкі ацэнкі парушэнняў. Для гэтага мы прааналізавалі шэраг рашэнняў, вынесеных Еўрапейскім судом па правах чалавека ў межах спраў, што датычацца свабоды слова адвакатаў.

Пазбаўленне адвакатаў ліцэнзій у Беларусі

Выбары прэзідэнта ў Рэспубліцы Беларусь традыцыйна выклікаюць хвалю рэпрэсій супраць палітычных апанентаў, якая, у сваю чаргу, непазбежна суправаджаецца хваляй рэпрэсій у дачыненні да адвакатаў, якія абараняюць рэпрэсаваных палітыкаў. На адвакатаў ціснулі і ў 2011 годзе, а ў цяперашні час маштабы толькі павялічыліся: нагадаем, што права на прафесію пасля выбараў 2020 года пазбавіліся ўжо больш за 40 адвакатаў, пераважная большасць з якіх удзельнічала ў палітычных працэсах. Фармальна юрыстаў каралі за парушэнні Правіл адвакацкай этыкі, падводзячы пад гэта шырокі спектр дзеянняў абаронцаў. Часцей і хутчэй за ўсё пазбаўлялі ліцэнзій (а ў выпадку Максима Знака — і волі) адвакатаў, якія рабілі якія-небудзь заявы, выступалі ў сродках масавай інфармацыі і іншым чынам публічна выказвалі сваё меркаванне. Нават афіцыйныя каментары Міністэрства юстыцыі даюць зразумець, што нагодай для шматлікіх разглядаў сталі выказванні адвакатаў. Так, Міхаіл Кірылюк быў пазбаўлены ліцэнзіі за выказванне “некарэктных выразаў у дачыненні да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў”, Аляксандр Пыльчанка — за каментар аб неабходнасці распачынання Генеральным пракурорам і іншымі службовымі асобамі мер у сувязі са з'яўленнем звестак пра фальсіфікацыю выбараў і ўжыванне катаванняў у дачыненні да затрыманых.

Пры гэтым як дзяржаўныя органы, гэтак і органы адвакацкага самакіравання паслядоўна фармуюць меркаванне пра тое, што адвакат зусім не мае права выказвацца, публічна заяўляць пра працэсуальныя парушэнні, незаконнасць дзеянняў дзяржаўных органаў і наогул павінен маўчаць (нават у судзе — менавіта за выказванні і “недарэчныя” пытанні ў межах судовага працэсу былі пазбаўлены ліцэнзій адвакаты Дзмітрый Лаеўскі, Наталля Мацкевіч і Яўген Пыльчанка). Распаўсюд нават атрымаў такі дыялог, якія нібы меў месца на пасяджэнні Савета Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

“Кожны чалавек мае пэўныя правы”, — заявіў Дзмітрый Лаеўскі.

Чалавек — так, але ты адвакат!" — адказаў яму адзін з сябраў Савета.

Беларускіх адвакатаў актыўна пазбаўляюць ліцэнзій
Беларускіх адвакатаў актыўна пазбаўляюць ліцэнзій

А як да выказванняў адвакатаў ставяцца ў прававых дзяржавах?

  • Адвакат — таксама чалавек! 

Адвакат заўсёды застаецца чалавекам з пэўным наборам правоў, уключаючы ўласцівую кожнаму свабоду выказвання меркавання. У дачыненні да дзейнасці адвакатаў свабода слова толькі мае выразна вызначаную спецыфіку, але не іншую прыроду. Таму штораз, калі гаворка ідзе пра цэнзуру ў дачыненні да адвакатаў, гэта павінна разглядацца як абмежаванне свабоды чалавека. А яно, як і любое абмежаванне права чалавека, павінна быць законным, абгрунтаваным і прапарцыйным.

Спецыфіка статусу адваката, паводле логікі агульнапрызнаных прынцыпаў прававой дзяржавы, палягае ў наступным: адвакат з'яўляецца свайго кшталту пасярэднікам паміж судовай сістэмай і грамадскасцю. І грамадскасць хоча быць упэўненая ў тым, што судовая сістэма працуе належным чынам. І логіка суддзяў Еўрапейскага суда па правах чалавека (далей — ЕСПЧ) наступная: калі адвакатаў прымушаюць да самацэнзуры, не дазваляюць ім выкарыстоўваць даступныя законныя сродкі для выбудоўвання лініі абароны, забараняюць выказвацца па пытаннях дзейнасці судоў, то ў грамадства з'яўляюцца сумневы ў тым, наколькі эфектыўна працуе сістэма, ці будзе ў кожнага магчымасць абараніць свае правы.

Паколькі эфектыўнасць працы судоў датычыцца ўсіх і кожнага, уяўляе сабою грамадскі інтарэс, стандарты, распрацаваныя ў практыцы ЕСПЧ, асабліва абараняюць свабоду выказванняў па падобных пытаннях. Так што адвакат, які выказвае сваё абгрунтаванае меркаванне па пытаннях адпраўлення правасуддзя, не толькі не павінен аўтаматычна зазнаваць пакаранне, але і павінен разглядацца як той, хто выконвае грамадска важны запыт.

Пазбаўленая ліцэнзіі адвакатка Наталля Мацкевіч
Пазбаўленая ліцэнзіі адвакатка Наталля Мацкевіч

  • Абмежаванне свабоды выказвання меркавання (адваката ў тым ліку) у адвольным парадку недапушчальнае

Вышэй мы ўжо паказалі, што свабода выказвання меркаванняў адваката можа быць абмежаваная толькі згодна з тымі ж падставамі, што і свабода выказвання меркаванняў звычайнага чалавека без асаблівага статусу.

Свабода выказвання меркаванняў чалавека можа быць абмежаваная толькі пры адначасовым выкананні ўсіх наступных умоў: 1) абмежаванне павінна быць прадугледжана законам (да якога ЕСПЧ прад'яўляе асобныя патрабаванні: абстрактныя фармулёўкі, пад якія можна падвесці ўсё, што заўгодна, не ўжывальныя ў гэтым выпадку), 2) лічыцца неабходным у дэмакратычным грамадстве і 3) мець легітымную мэту. Пры гэтым пералік мэтаў закрыты, гэта значыць, яго нельга пашырыць! Гэта такія мэты як:

  • інтарэсы нацыянальнай бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці ці грамадскага парадку;
  • прадухіленне беспарадкаў ці злачынстваў;
  • ахова здароўя і маральнасці;
  • абарона рэпутацыі ці правоў іншых асобаў;
  • прадухіленне разгалашэння інфармацыі, атрыманай канфідэнцыйна;
  • забеспячэнне аўтарытэту і бесстароннасці правасуддзя.
Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Яўген Пыльчанка
Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Яўген Пыльчанка

Пры гэтым дзейнічае наступная максіма: свабода слова з'яўляецца правілам, абмежаванне — выключэннем з правіла. І, як любое выключэнне з правіл, яно павінна быць належным чынам абгрунтаванае.

Так, улюбёную фармулёўку “інтарэсы нацыянальнай бяспекі” недастаткова прывесці, яе трэба ўдакладняць. Так, напрыклад, у практыцы ЕСПЧ ужо адзначалася: “недапушчальнасць стаўлення пад сумнеў паняцця дзяржаўнасці” (а менавіта такая фармулёўка ў рашэнні пра пакаранне адваката была ўжыта) — неадэкватная мэта для абмежавання свабоды слова адваката. Да такой высновы суддзі прыйшлі ў блізкай да беларускіх рэалій справеБагіраў супраць Азербайджана” (азнаёміцца з асноўнымі высновамі па гэтай справе і іншых згаданых ніжэй пастановах можна на сайце праекта “Права на Абарону”). Гэта значыць, што нельга прыдумаць сабе новую рэальнасць, у якой нейкія новыя мэты могуць апраўдаць пакаранне адваката.

Цяжар даказвання сапраўднасці мэты абмежавання права, абгрунтавання неабходнасці і прапарцыйнасці абмежаванняў ляжыць на дзяржаве. Падобныя справы ў дачыненні да Беларусі ўжо разглядаліся ў міжнародных кантрольных органах: Камітэт па правах чалавека, які сочыць за выкананнем дзяржавамі абавязанняў па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (абавязвае Беларусь з 1973 года), летам 2021 года апублікаваў свае высновы па скарзе Алега Агеева (адваката Алеся Міхалевіча — кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года), адзначыўшы, сярод іншага, што пазбаўленне адваката ліцэнзіі за прадастаўленне СМІ інфармацыі аб ўмовах утрымання яго падабароннага пад вартай не можа служыць ніводнай са згаданых легітымных мэтаў.

Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Аляксандр Пыльчанка
Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Аляксандр Пыльчанка

  • Крытыка судовай сістэмы — не толькі не грэх, але, наадварот, грамадска карысны занятак

У пастанове “Марыс супраць Францыі” суддзі ЕСПЧ слушна адзначылі, што адвакат павінен мець магчымасць прыцягнуць увагу грамадскасці да недахопаў у сістэме правасуддзя: “судовая сістэма можа атрымаць карысць з канструктыўнай крытыкі”. Мы нагадваем пра тое, што праца судовай сістэмы — прызнаны прадмет грамадскага інтарэсу. Абмяжоўваць чалавека ў праве абгрунтавана выказвацца па падобных пытаннях з'яўляецца няправільным. У гэтых адносінах карысна змяніць фокус і не ўспрымаць таго, хто крытыкуе, як ворага суда, але звярнуцца да сутнасці ягоных заўваг і знайсці ў іх стымул для развіцця сістэмы. У практыцы ЕСПЧ таксама падкрэсліваецца неабходнасць дазваляць адвакатам прыводзіць доказы сваёй слушнасці ў працэсуальным парадку: так, у справе “Сцюр супраць Нідэрландаўбыла асабліва адзначаная адсутнасць належнага вывучэння праўдападобнасці выказванняў адваката, праверкі фактаў, якія ляжалі ў іх аснове, што кажа пра неправамернасць абмежавання свабоды слова.

Пры гэтым у практыцы ЕСПЧ выразна размяжоўваюцца паняцці і наступствы канструктыўнай крытыкі і персанальных абраз: у выпадку, калі адзіная мэта выказвання палягае ў абразе суда ці яго службоўцаў, абмежаванне свабоды слова можа быць прызнанае абгрунтаваным. А ў сітуацыях, калі крытыку зазнаюць менавіта дзеянні па канкрэтнай справе, гэта дапушчальна і нават вітаецца.

Улічваецца і статус адрасата: у еўрапейскім грамадстве спакойна ставяцца не толькі да выказванняў пра недахопы сістэмы правасуддзя як такой, але і да крытыкі ў дачыненні да дзяржаўных службоўцаў: у вышэйзгаданай справе “Сцюр супраць Нідэрландаў” суддзі адзначылі таксама, што межы свабоды выказванняў у дачыненні да прафесійнай дзейнасці дзяржслужбоўцаў могуць быць шырэйшыя, чым у дачыненні да прыватных асоб. Абарона свабоды слова ў сітуацыях, калі адвакат абгрунтавана крытыкуе дзейнасць следчага ці дзяржаўнага абвінаваўцы, толькі ўзмацняецца — што цалкам апраўдана, улічваючы, што падобныя выказванні могуць быць часткай лініі абароны інтарэсаў кліента пры неправамерных паводзінах з боку апошніх. У справе ​“Нікула супраць Фінляндыі” таксама было вызначана, што пракурору трэба памяркоўна ставіцца да крытыкі, якая тычыцца выканання яго прафесійных абавязкаў у дачыненні да кліента адваката. Крытыка можа датычыцца нават дзейнасці суддзяў; пры гэтым, зразумела, гаворка не ідзе пра асабістыя нападкі і абразы.

Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Міхаіл Кірылюк
Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Міхаіл Кірылюк

  • Адвакат мае права карыстацца рознымі сродкамі для абароны свайго кліента, у тым ліку, прыцягваць увагу сродкаў масавай інфармацыі

Безумоўна, прыярытэтнымі павінны быць сродкі прававой абароны — зварот у суд і іншыя кампетэнтныя органы. Аднак у справе “Марыс супраць Францыі” ЕСПЧ прызнаў і магчымасць выкарыстання іншых сродкаў абароны — уключаючы зварот да грамадскасці — у выключных акалічнасцях.

Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Дзмітрый Лаеўскі
Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Дзмітрый Лаеўскі

  • Санкцыі ў дачыненні да адвакатаў уплываюць на працу прававой сістэмы наогул

Фактычна ў кожным са згаданых рашэнняў уздымалася пытанне прапарцыйнасці пакарання, адзначалася, што неабгрунтавана ўжывальныя штрафы, не кажучы пра пазбаўленне ліцэнзіі, адмоўна ўплываюць на дзейнасць адвакатаў. Пры гэтым нават у пастанове па справе, у якой дзяржава абмежавалася прызнаннем, што адвакат сваім выказваннем пераступіў межы дапушчальных паводзін, і не ўскладала ніякіх іншых санкцый, было выяўленае парушэнне: суддзі ЕСПЧ адзначылі, што адсутнасць пакарання як такога яшчэ не азначае, што адвакат не быў абмежаваны ў сваіх правах (гаворка ідзе пра справу “Сцюр супраць Нідэрландаў”). Нават звычайнае прызнанне юрыста вінаватым у парушэнні прафесійных стандартаў з боку кампетэнтных органаў, з'яўляючыся неправамерным, можа аказаць негатыўны ўплыў на працу адвакатуры, прывядзе да неабходнасці абмяжоўваць сябе ў выбары заяваў і працэсуальных дзеянняў у межах абароны інтарэсаў кліента, што ў рэшце рэшт змяншае эфектыўнасць прававой дапамогі. Адсутнасць рэфлексіі да канструктыўнай крытыкі не ідзе на карысць ніякай сістэме, уключаючы прававую.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства