viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-02-28T17:03:41+0300 2022-02-28T17:05:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны за мінулы тыдзень — з 21 па 27 лютага — пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

Валянцін Стэфановіч: "Я запомніў гэта на ўсё жыццё, гэта адчуванне годнасці чалавечай"

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч у адным з лістоў на волю распавёў пра свой шлях да беларускай мовы:

“Сам я па-беларуску больш-менш стала пачаў размаўляць дзесьці з года 1996га і беларуская мова, як для большасці прадстаўнікоў майго пакалення, не была першай. Я вучыўся ў звычайнай менскай школе і рос у звычайнай сям’і інжынераў-будаўнікоў. Так атрымалася, што бабулі і дзядулі ў вёсцы ў мяне не было, і адпаведна, я быў пазбаўлены магчымасці чуць мову ў яе натуральным асяродку. Але бацькі мае вельмі паважліва заўсёды ставіліся да беларускай мовы і шкадавалі, што ў нас у БССР у адрозненні ад іншых савецкіх рэспублік мова была ў заняпадзе.

Памятаю, як недзе ў 1988 годзе, калі мне было гадоў 15-16, старэйшы стыечны брат-студэнт прывёў мяне на сход тагачаснай нефармальнай моладзевай арганізацыі “Талака”. Там я ўпершыню ўбачыў моладзь, якая размаўляла на прыгожай беларускай мове!

І гэта не былі настаўнікі беларускай мовы ці дыктары радыё або тэлебачання. Я быў проста шакаваны, мяне як токам працяла! Я запомніў гэта на ўсё жыццё, гэта адчуванне нейкага гонару, адчуванне годнасці чалавечай.

Ну а потым у 90-ыя я знайшоў сабе беларускамоўныя моладзевыя асяродкі, а там і сустрэў сваю любую жонку. У нас было беларускамоўнае вяселле, а потым з’явіліся беларускамоўныя дзеткі”.

Стэфановіч таксама адзначае, што навінаў асабліва ў яго няма, 14 сакавіка чакае працягнення тэрміну ўтрымання пад вартай.

“Ніхто мяне не турбуе па справе, бо паказанняў я не даю, віну не прызнаю. Мяркую, што дзесьці ў траўні справу можа і закрыюць, і я пачну знаёміцца з матэрыяламі следства”, - адзначае праваабаронца.

За мінулы тыдзень не было навінаў ад юрыста Уладзіміра Лабковіча і кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага

Але ўзгадаем словы Алеся Бяляцкага падчас выступу на Другім Сусветным праваабарончым форуме, які адбываўся 27 лістапада 2014 года ў Марока. 

"Наша сіла, сіла «бяссільных» - так калісьці чэшскі прэзідэнт і праваабаронца Вацлаў Гавэл назваў дысідэнтаў і праваабаронцаў - заключаецца ў бясстрашнасці і салідарнасці.

Дарагія сябры, давайце праяўляць салідарнасць! Давайце трымацца разам! Давайце не заплюшчваць вочы! І тады нам будзе лягчэй змяніць гэты свет да лепшага!"

Публікуем чарговую частку ўспамінаў праваабаронцы пра працу ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. 

Музей. Была ідэя стварыць філію ў Вяззі, але там не зразумелі каштоўнасць беларускага слова

Праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі, які з 14 ліпеня знаходзіцца ў зняволенні па крымінальнай справе супраць "Вясны", піша ўспаміны пра музей Максіма Багдановіча, дзе ён працаваў дырэктарам.

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Марфа Рабкова: "Сонейка грэе, усміхаецца - і на сэрцы становіцца лягчэй

Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова даслала ліст на волю, дзе падзялілася сваім навінамі, распавяла пра любымі камп'ютарныя гульні і фільмы. 

"У маёй настаўніцы малодшых класаў муж - настаўнік інфарматыкі. І мы яшчэ з пачатковай школы наведвалі факультатыў па інфарматыцы, дзе Ігар Пятровіч хуценька распавядаў нам патрэбную тэму а-ля Паскаль, а потым мы дружна па сетцы гулялі ў Контр Страйк. Вось гэта шчасце было, яшчэ і бясплатнае. А Воркрафт я ўжо ўстанавіла сабе на камп'ютар пазней, інтэрнэту тады яшчэ не было, я гуляла з камп'ютарам і спампоўвала ў іншых новыя карты :) Памятаю, у нечысці былі ледзяныя драконы - самыя крутыя і мае любімыя. А наогул, я фанатка Сімс, вось мой камінг-аўт. Я ў іх шмат гуляла, больш за ўсё любіла другую частку. <...>

Я "Піраты Карыбскага мора" паглядзела толькі ўжо, калі навучалася ва ўніверсітэце. Пры тым я памятаю, што глядзела усе часткі ў ноч перад іспытам. Трохі праспала (што бывала ў маім жыцці толькі некалькі разоў). Але я здала экзамен. Мінулай зімой тут па ТБ паказвалі "Піратаў" па адной частцы на выходных. Глядзела з вялікім задавальненнем. <...>

Яшчэ мы глядзім, на жаль, «Прапаганду» Тура. З яе мы даведаліся, што хочуць увесці змены ў КПК ў выглядзе завочнага асуджэння. На самай справе, падобнае практыкуецца ва многіх развітых краінах. Толькі ў нас жа гэта будзе набываць сваю разыначку, бо справы-та з душком. Баюся, што могуць пачаць адбіраць маёмасць па завочных пазовах. Пажывём - пабачым".

Праваабаронца адзначае, што суд над ёй пачнецца не раней за красавік:

"Нявызначанасць набліжаецца да канца, але наперадзе яшчэ дастаткова месяцаў знаходжання ў дадзенай установе. Бо суды пачнуцца толькі ў красавіку, а па маіх разліках я планавала ўліцца ў судовую эпапею ў сакавіку. Буду прытрымлівацца парадаў і не рабіць ранніх высноў. У мяне ёсць цытата са свету Гары Потэра, якая падыходзіць:

"Усё, што мы губляем, абавязкова да нас вернецца, толькі не заўсёды так, як мы чакаем".

Марфа Рабкова адзначае, што перахварэла ў студзені, але цяпер у яе ўсё добра:

"А паветра такое ў цэнтры Мінска - вясна! Сонейка грэе, усміхаецца - і на сэрцы становіцца лягчэй. Умацоўваюся ў сваёй веры, што ўсё наладзіцца, усё ідзе так, як павінна".

На жаль, за мінулы тыдзень не было навінаў ад валанцёра Андрэя Чапюка.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

За мінулы тыдзень не было навінаў ад кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленкі.

Падтрымайце Леаніда:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Таксама не было навінаў і ад рэчыцкай валанцёркі Таццяны Ласіцы.

Падтрымайце Таццяну:

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Як падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.

Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства