viasna on patreon

Libereco: "Заходнія санкцыі павінны распаўсюдзіцца і на Беларусь!"

2022 2022-02-28T21:14:21+0300 2022-02-28T21:14:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/libereco_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Санкцыі, накладзеныя на Расею з-за вайны ва Украіне, павінны быць у поўным памеры распаўсюджаныя і на Беларусь. З такой заявай выступіла нямецка-швайцарская праваабарончая арганізацыя "Libereco — Партнёрства за правы чалавека".

Беларусь павінна ўключацца ва ўсе бягучыя санкцыі Захаду ў дачыненні да Расеі. Гэта адзіны спосаб ліквідаваць падставы для ваенна-палітычнага пакта паміж дзвюма краінамі і не дапусціць ператварэння Беларусі ў санкцыйную шчыліну для Крамля.

Акрамя таго, Расея напала на Украіну з боку Беларусі і выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю як раён разгортвання сваіх сіл, тым самым атачаючы Украіну з усходу і поўначы. Па дадзеных амерыканскай выведкі, ужо сёння беларускія войскі могуць быць таксама накіраваны ва Украіну. Больш таго, Расія на працягу многіх гадоў абыходзіла санкцыі Еўрапейскага Саюза, ЗША і іншых заходніх дзяржаваў праз Беларусь.

У выніку праведзенага ў нядзелю "канстытуцыйнага рэферэндуму" і чаканага адабрэння ў 65% беларускі дыктатар Лукашэнка дамогся неабмежаванага падаўжэння тэрміну свайго кіравання. На рэферэндуме таксама было ўхваленае пастаяннае размяшчэнне расейскай ядзернай зброі і войскаў у Беларусі. Беларуская апазіцыя, а таксама незалежныя назіральнікі крытыкуюць рэферэндум як недэмакратычны, бо свабоднае галасаванне было немагчыма, а таямніца галасавання была парушаная на падставе процідзеяння пандэміі.

Марка Фібер, старшыня праўлення Libereco ў Германіі, заяўляе:

"Лукашэнка хоча выглядаць пасярэднікам і арганізатарам перамоваў у расейска-ўкраінскай вайне. На самай жа справе ён верны памагаты і ваенны партнёр Уладзіміра Пуціна. Толькі так ён можа ўтрымацца ва ўладзе. Таму заходнія санкцыі павінны ўдарыць па ім і яго злачыннаму рэжыму так жа моцна, як і па Расіі. Мы ўжо шмат гадоў патрабуем, каб Беларусь была выключаная з сістэмы SWIFT. За свой удзел у расійскай агрэсіўнай вайне рэжым Лукашэнкі павінен нарэшце цалкам пазбавіцца доступу да заходніх фондаў".

Паводле паведамленняў беларускага Праваабарончага цэнтра "Вясна", больш за 500 чалавек былі арыштаваныя ў выходныя за ўдзел у акцыях пратэсту супраць рэферэндуму і супраць вайны. У той жа час у Беларусі ў турмах знаходзяцца больш за 1000 палітвязняў, асуджаных да тэрмінаў зняволення да 20 гадоў.

Ларс Бюнгер, прэзідэнт Libereco ў Швейцарыі, патрабуе:

"Усе палітвязні павінны быць вызваленыя неадкладна і безумоўна. Праведзены рэферэндум з самага пачатку быў фарсам і маніпуляцыяй. Няпраўда, што людзі былі прыцягнутыя да яго падрыхтоўкі, як няпраўда і тое, што вялікая колькасць іх прагаласавала. З моманту фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года супраць Лукашэнкі выступае пераважная большасць насельніцтва. Ён можа захаваць сваю ўладу толькі з дапамогай сілы, рэпрэсій і пры падтрымцы Пуціна. Захад павінен адказаць на штодзённы тэрор Лукашэнкі узмацненнем жорсткасці санкцый, ужо уведзеных супраць Беларусі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства