Блог Алеся Бяляцкага: Музей. Лічыце грошы. Як «дом Чыжа» стаў важнейшым за Дом Багдановіча
Праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі, які з 14 ліпеня знаходзіцца ў зняволенні па палітычна матываванай крымінальнай справе супраць "Вясны", піша ўспаміны пра музей Максіма Багдановіча, дзе ён працаваў дырэктарам з 1989 года па ліпень 1998 года. Друкуецца на "Свабодных навінах" са скарачэннямі.
02.09.2021
Увесь 1990 і 1991 гады прайшлі ў напружаным стваральным рытме. Галоўны мастак экспазіцыі Эдуард Агуновіч падключаў да працы вопытных і вядомых мастакоў. Меркавалася, што экспазіцыя будзе размяшчацца на другім паверсе ў пяці невялікіх залах, можна сказаць, нават пакойчыках, аб’яднаных скразным праходам з лесвічнай пляцоўкі.
Эдуард вельмі перажываў, што плошча невялікая і ў пакоях невысокія столі. Не было дзе разгарнуцца напоўніцу. Ён увесь час шукаў выйсце з гэтай праблемы.
На першым паверсе – прасторны ход, за ім зала, якая меркавалася як выставачная. Яе мы разглядалі ў другую чаргу. Галоўнай мэтай было запусціць да 100-годдзя Максіма Багдановіча экспазіцыю. Пачыналася яна аб’ёмным макетам старога Менску. Макет мастак Пётр Драчоў зрабіў з кардону на паперы, як пап’е-машэ. Ён быў маляўніча расфарбаваны. Старыя кварталы дамоў, пакрытыя чырвонай дахоўкай, Верхні горад, Няміга, Траецкае прадмесце – усё вельмі дакладна паказвала горад канца 19-га – пачатку 20-га стагоддзя, які быў у значнай ступені страчаны.
Сярод дамкоў Траецкага прадмесця і дом, важны для нас. У ім на першым паверсе школа, а на другім у службовай кватэры жыла сям’я Багдановічаў. Там у снежні 1891 года нарадзіўся Максім. Ён быў другім хлопчыкам у сям’і. У школе рабіў настаўнікам бацька Максіма. Першы паверх цагляны, а другі – драўляны. Да 1990-х гадоў дом не захаваўся. Ён моцна пацярпеў падчас вайны. Але яшчэ меліся падмуркі, схаваныя пад зямлёй. Яны знаходзілся ў двары на тагачаснай вуліцы Максіма Горкага пад павільёнам крамы гародніны і пунктам прыёму шклатары.
У нашых наступных планах было пераканаць гарадскія ўлады і Міністэрства культуры аднавіць гэты дом. Мастак Эдуард Агуновіч марыў перамясціць туды ў будучыні музей. Я ж хацеў прапанаваць зрабіць там культурна-асветніцкую пляцоўку, скіраваную на літаратурную моладзь. На жаль, і гэтыя планы, як і планы аднавіць хату лесніка ў Вяззі, не адбыліся.
Музей. Была ідэя стварыць філію ў Вяззі, але там не зразумелі каштоўнасць беларускага слова
У сярэдзіне 1990-х Міністэрства культуры перастала вылучаць сродкі на мемарыялізацыю мясцінаў, звязаных з Максімам Багдановічам. Не дапамагло і тое, што тагачасны міністр культуры Сасноўскі сам родам з Вяззя. Мы з Белрэстаўрацыяй падрыхтавалі праект аднаўлення дома, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч, але далей справа не пайшла. Пазней, ужо ў 2000-я, на гэтым месцы быў пабудаваны “дом Чыжа”. Пра былую дом-школу нагадвае выродлівая памятная шыльда.
Але вернемся на Траецкае прадмесце, дзе напачатку 1990-х мы шчыравалі над будучай экспазіцыяй музея. Засталася брашура, якая даволі падрабязна апісвае яе. Я спынюся толькі на некаторых памятных для мяне кропках.
Унікальныя шрыфты і выкананне надпісаў, подпісаў для экспазіцыі рабіў вядомы шрыфтавік Семчанка, хіба што найлепшы мастак-шрыфтавік у Беларусі. Мы з Эдуардам Агуновічам ездзілі да яго ў майстэрню. Нешматслоўны, з вялікай чорнай барадой Семчанка нагадваў мне перапісчыка з верша Максіма Багдановіча. Ён паказваў нам спробныя адмысловыя ўзоры, падабраныя да шрыфтоў.
07.09.2021
Упрыгожаннем Цэнтральнага музея Багдановіча ў Траецкім прадмесці з’яўляецца вялікая люстра-жырандоль шасціметровай даўжыні. Яна вісіць у пралёце, калі з хола ўздымаешся на другі паверх. Ідэя зрабіць такую аб’ёмную люстру належала ізноў жа Эдуарду Агуновічу. Рабіла яе каманда мастакоў – Дубатоўк ды іншыя. Мы ездзілі з Агуновічам да іх у майстрэню. Трое працавалі з жалезам. Я з цікавасцю разглядаў каваны і гравіраваныя мячы, латы, даспехі, выкаваную і сплеценую кальчугу. Пазней яны зрабілі багата зброі і рыштунку для музеяў у Мірскім і Нясвіжскім замках. Люстру для музея прапанавалі зрабіць з латуневых прутоў, дадаўшы плафоны-кветкі. Матэрыялы мусілі замаўляць мы. Плафоны-кветкі замовілі на шклозаводзе ў Бярозе. Дазвол на метал выпісала Міністэрства забеспячэння пасля адмысловага ліста, які я пісаў туды. Яны ўпіраліся, адказвалі напачатку, што ўсе фонды ўжо размеркаваныя. Але пасля таго, як падключыў мінкульт, згадзіліся.
З гэтым дазволам мы са Сцяпанавічам паехалі на металабазу ў Шабаны. Памятаю, як з нейкай завадской кацельнай праз дарогу на шэрыя пяціпавярховікі цягнуліся рваныя космы дыму. У вялізным складзе-ангары загрузілі амаль тону тоўстых, квадратных, у разрэзе чатырохметровых у даўжыню і больш тонкіх круглых латуневых прутоў. Мы завезлі іх у музей і перацягнулі ў пограб.
Дзесьці праз месяц мастакі прывезлі ў музей дэталі сплеценай з латуневых прутоў люстры, скруцілі і змантвалі яе, а затым павесілі ў вызначаным месцы. Мы замацавалі плафоны і ўкруцілі лямпачкі. Люстра, стылізаваная пад арт-дэко, атрымалася вытанчанай і святочнай. Яна ўражвала наступныя шматлікія экскурсіі і настройвала наведвальнікаў музея на ўзнёслы лад.
09.09.2021
У кожнай з залаў цэнтральнага музея была вызначаная як мінімум адна эмацыйная кропка. Прычым для кожнага з наведвальнікаў музея яны былі розныя. Спынюся на сваіх.
Пра першую залу і аб’ёмную панараму Менска я ўжо пісаў. Яшчэ я заўсёды спыняўся каля гімназічнага атэстата Максіма: адны трайбаны. Крыху чацвёрак па літаратуры, астатнія прадметы ледзь-ледзь. Я ўсміхаюся. Колькі юнакоў і юначак з іхнімі бацькамі былі б у роспачы ад такіх адзнак. Для мяне сярэдненькія адзнакі ў атэстаце Максіма гавораць багата пра што. І пра тое, што бацька не вісеў над ім і не зудзеў, чаму такія слабыя адзнакі, шанаваў яго заняткі нефармальнай адукацыяй, захапленне беларушчынай і вершаскладанне па-беларуску. За гэта дакладна адзнак Максім у атэстат не атрымліваў. Ягонае «честолюбіе» было накіраванае на іншае. Ён паставіў сабе за мэту, жывучы за тысячу кіламетраў ад Беларусі, засвоіць беларускую мову, каб упэўнена пісаць на ёй артыкулы, зацемкі, і ўрэшце – вершы.
Задача найскладанейшая, улічваючы тое, што новая літаратурная беларуская мова тады толькі ўнармоўвалася. Гэта быў адначасова цяжкі і захапляльны працэс – паэтычная і моўная творчасць.
У беларускай мове раскрыўся геній Максіма Багдановіча. Гэта выразна бачна, калі параўноўваеш яго вершы на беларускай і рускай мовах. Яшчэ больш дзіўна з таго, што руская была для Максіма фактычна роднай.
У Беларусі ён пражыў першыя пяць гадоў жыцця, затым сям’я Багдановічаў, бацька з дзецьмі, пасля смерці маці Марыі Багдановіч, выехала ў глыбінку Расіі – у Ніжні Ноўгарад, затым – у Яраслаўль. Максім вярнуўся ў 1916 годзе на паўгады ў Менск і з’ехаў у 1917 годзе.
Нягледзячы на тройкі і нават адзін год, які давялося паўтарыць у гімназіі, латынь, нямецкая, французская мовы, іншыя гуманітарныя веды, закладзеныя падчас навучання, далі магчымасць Максіму вольна перакладаць з гэтых моваў на беларускую. Відавочна, што ён быў у курсе навінак рускай літаратуры. Не толькі руская класіка, але і зоркі расійскай паэзіі “срэбнага веку”, тагачасныя актуальныя літаратурныя плыні, накірункі, гурты – сімвалісты, акмеісты, імажыністы – былі яму добра вядомыя. Максім Багдановіч жыў у адзін час з Блокам, Ахматавай, Гіпіус, Цвятаевай, Мандальштамам. Ён ведаў іхнюю паэзію, і гэта не магло не адбіцца на ягонай творчасці.
Яшчэ адну кропку я ніколі не прамінаў у чацвёртай зале экспазіцыі – літаграфія Мадонны Рафаэля. Нічога асаблівага ў тыя часы ў гэтай літаграфіі не было. Такое можна часта заўважыць у інтэр’ерах інтэлігенцыі ў пачатку ХХ стагоддзя. Я прыкмеціў яе на фотаздымку ў кватэры сям’і Лесі Украінкі ў Кіеве. Вось жа яна была і ў Багдановічаў, пераязджала з адной здымнай кватэры на іншую. Сотні разоў погляд Максіма затрымліваўся на ёй. Пэўна, ён не раз згадваў пра яе, пішучы вершы, якія ўвайшлі ў цыкл “Мадонны”, шукаючы ў ёй “штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі / Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі”.
Падчас грамадзянскай вайны дом, дзе жылі Багдановічы, згарэў. Ужо Максіма не было ў жывых, калі ягоны бацька з трэцяй жонкай і дзецьмі ад яе вярнуліся ў Яраслаўль, некалькі месяцаў хаваліся ў вёсцы пад горадам. На папялішчы Адам Багдановіч падабраў літаграфію Мадонны. Яна захавалася дзіўным чынам, толькі адзін бок злёгку падгарэў. З пограбу Адам Багадановіч дастаў куфэрак з вершамі і рукапісамі Максіма. Два цуды.
Вершы і рукапісы Максіма Адам Багдановіч аддаў у Інбелкульт у Менск, і большасць з іх была надрукаваная. А літаграфію Мадонны Рафаэля захавалі сваякі Максіма і перадалі ў музей. Гэтая “Неапаленая Купіна” і зараз захоўваецца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.