viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 29-30 сакавіка Дапоўнена

2022 2022-03-30T19:17:00+0300 2022-03-31T10:00:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/preview.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі 29-30 сакавіка працягваюць адбывацца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманая актывістка Руху «За свабоду» з Наваполацку 

30 сакавіка ў Наваполацку затрымалі актывістку ліквідаванага ўладамі Руху «За свабоду» Таццяну Трафімаву.

Сілавікі адразу прыйшлі да яе на працу, а калі яе там не знайшлі, то пайшлі да яе дадому і затрымалі. Вядома, што на Таццяну склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Верагодна, над актывісткай сёння адбудзецца суд.


Тэлеграм-канал «Ник и Майк» прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем

Такое рашэнне прыняло Міністэрства ўнутраных спраў.


Генпракуратура хоча спагнаць з Паўла Латушкі каля 3 мільёнаў долараў

Падставай для спагнання ведамства называе шкоду на суму 2,308 млн рублёў за «фінансаванне незапатрабаваных кінапраектаў» у 2011 годзе і 4,163 млн рублёў за «пагромы, падпалы і знішчэнне маёмасці па закліках Каардынацыйнай рады».

Раней у адносінах да Паўла Латушкі было ўзбуджана 7 крымінальных спраў.


За перадачу фота расейскай вайсковай тэхнікі «Беларускаму Гаюну» затрыманы айцішнік

Затрыманы 32-гадовы IT-спецыяліст Віктар Кулінка. На праўладных тэлеграм-каналах з’явілася «пакаяльнае відэа», дзе ён распавядае, што сфатаграфаў калону вайсковай тэхнікі расійскіх войскаў, якая накіроўвалася ў бок Гомеля. Па яго словах, фота ён перадаў у тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». Сцвярджаецца, што ён даслаў фота калоны вайсковай тэхнікі ў бот тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», які 15 сакавіка быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Паведамляецца, што гэта першы затрыманы за кантакт з ботам «Беларускі Гаюн». Па папярэдняй інфармацыі, Віктару інкрымінуецца арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне да 6 гадоў калоніі.

Акрамя гэтага, яму інкрымінуецца арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) за рэгістрацыю ў «Плане Перамога», якую знайшлі сілавікі ў тэлефоне.


Затрыманне на судзе палітвязня

30 сакавіка падчас працэсу была затрыманая сястра палітзняволенага Алеся Пушкіна Святлана — за тое, што хацела сфатаграфаваць брата. Яе даставілі ў Фрунзенскі РАУС.


Двух беларусаў затрымалі нібыта за ўдзел у «Плане Перамога»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Рамана Кірдуна і Аляксея Скроба. З імі ўжо з'явіліся «пакаяльныя відэа».

Раман — жыхар Асіповічаў, працаваў памочнікам машыніста на чыгунцы, Аляксей — жыхар аднаго з мястэчак Мінскай вобласці.

Як сцвярджаюць сілавікі, абодвум затрыманым пагражае арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»).


Супраць палітзняволенай Вікторыі Кульша распачалі новую справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі

Па інфармацыі праваабаронцаў, супраць адміністратаркі тэлеграм-каналу "Кіроўцы 97%" Вікторыі Кульша ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Гэта ўжо другі вядомы праваабаронцам выпадак, калі адміністрацыя гомельскай калоніі №4 ініцыюе ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць палітзняволеных. Нядаўна стала вядома, што крымінальную справу па арт. 411 КК завялі і на Паліну Шарэнду-Панасюк.

Вікторыю затрымалі 4 лістапада 2020 года. Яе абвінавацілі па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (Арганізацыя групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці) і прысудзілі 2,5 гады калоніі.


Стала вядома імя аўтара Вікіпедыі, якога абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Беларусі з-за артыкулаў у энцыклапедыі 

Па дадзеных «Медыязоны», па артыкуле арт. 369-1 КК (публікацыя «заведама непраўдзівых звестак») затрыманы Павел Пернікаў. Артыкулы на «Вікіпедыі» ён рэдагаваў і пісаў з 2014 года, за гэты час унёс больш за 84 тысячы правак. Пісаў у тым ліку пра беларускія СМІ, затрыманага журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзя Мажэйку, журналістку TUT.ВY Кацярыну Барысевіч.

27 снежня 2021 з яго акаўнта ў Вікіпедыі пачалася дзіўная актыўнасць. Напрыклад, з артыкула пра Марыю Калеснікаву выдалілі інфармацыю пра яе статус палітвязня, з артыкула «Спіс загінулых падчас акцыяў пратэстаў у 2020 і 2021 гадах» цалкам знік цэлы раздзел, а з артыкула «Рэжым Лукашэнкі» знік абзац аб рэзалюцыі кангрэса ЗША з асуджэннем фальсіфікацый на выбарах, рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў і прызнаннем рэжыму «нелегітымным».

Пазней «Вікіпедыя» заблакавала акаўнт з прычыны верагоднага захопу.


Палітвязню Аляксандру Івуліну пакінулі прысуд без зменаў 

Аляксандр Івулін
Аляксандр Івулін

29 сакавіка Мінскі гарадскі суд разглядзеў апеляцыйную скаргу журналіста, блогера і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна. Суддзя Мінгарсуда Святлана Чарапанава пастанавіла пакінуць прысуд у сіле. Хутка палітвязня этапуюць у калонію.

Нагадаем, 19 студзеня Аляксандру Івуліну прысудзілі два гады калоніі. Яго прызналі вінаватым у «арганізацыі і актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Падтрымайце палітвязня: СІЗА-6, 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В, Аляксандру Мікалаевічу Івуліну


Былы палітвязень Ігар Банцэр выйшаў пасля допыту ў Следчым камітэце ў якасці сведкі 

Ігар Банцар
Ігар Банцар

На допыт ён узяў з сабой рэчы навыпадак арышту. Гутарка доўжылася паўгадзіны. Ігар адмовіўся ад дачы паказанняў. Яго прасілі даць падпіску аб неразгалошванні, але ён адмовіўся падпісваць дакументы. Тады яму прыгразілі арт. 407 КК «Разгалошванне дадзеных дазнання, папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння». 

Па гэтым артыкуле тры месяцы арышту адбыў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Мікалай Казлоў. Ён выйшаў на волю 26 сакавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства