viasna on patreon

У Мінску на пяць год калоніі асудзілі мастака Алеся Пушкіна Дапоўнена

2022 2022-03-30T13:05:00+0300 2022-03-31T09:43:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pushkin-sud-04.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд над Алесем Пушкіным 10 сакавіка 2022 года

Суд над Алесем Пушкіным 10 сакавіка 2022 года

У Мінскім гарадскім судзе 30 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе палітвязня, вядомага беларускага мастака і перфомера Алеся Пушкіна. Яго абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні  расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК).

Справу разглядала суддзя Алена Шылько. Дзяржабвінаваўца - пракурор Аляксандр Кароль.

Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці супрацоўнікамі МУС. Ноччу з 26 на 27 сакавіка у доме Пушкіна адбыўся ператрус. 

Сутнасць абвінавачання

Затрыманню папярэднічала ўзбуджэнне 26 сакавіка пракуратурай Гродна крымінальнай справы ў дачыненні да яго, а таксама кіраўніка прыватнай установы “Цэнтр гарадскога жыцця” Паўла Мажэйкі і іншых асобаў “за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызма”, па ч.3 арт. 130 КК (распальванне варажнечы). Павел Мажэйка быў затрыманы, але пазней вызвалены без прад’яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў.

Як паведамілі ў пракуратуры, падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала размяшчэнне на выставе, якая праходзіла ў памяшканні ўстановы “Цэнтр гарадскога жыцця” 19 сакавіка, партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Алеся Пушкіна. Паводле паведамлення пракуратуры, у ходзе выставы Алесь Пушкін “характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні”.

Cуд над мастаком Алесем Пушкіным зрабілі закрытым: што вядома ў першы дзень?

У залі прысутнічае шмат супрацоўнікаў міліцыі. На самым пачатку судовага працэса Пушкін паклаўся на лаву. А калі суддзя папрасіў падняцца, ён заявіў пра тое, што ў яго кайданкі, і няхай яго падымае канвой. Усіх наведнікаў выдалілі з залі.

У канцы лістапада 2021 года стала вядома, што мастака накіравалі на правядзенне псіхіятрычнай экспертызы. У сярэдзіне снежня 2021 Алесь вярнуўся ў СІЗА-1.

Напрыканцы мінулага году было выстаўленае канчатковае абвінавачванне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: паводле ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, здзейсненыя групай асобай) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). 12 студзеня 2022 справа была перададзеная ў суд.

Пад час адного з судовых пасяджэнняў, 25 сакавіка,  Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту супраць уласнага зняволення і 5 тыс. палітычных крымінальных спраў,  а таксама патрабаваў вызваліць палітвязняў.

За гэта яго кінулі на 13 дзён у карцар.

Гэтае ж патрабаванне ён вылучыў і сёння падчас абвяшчэння прысуду, распрануўся, каб было бачна драпіны ў выглядзе крыжа, якія ён зрабіў сабе 25 сакавіка, а пасля абвяшчэння выраку падзякаваў прысутным за ўдзел у палітычным перфомансе.

Суд пастанавіў: прызнаць Алеся Пушкіна вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў у калоніі строгага рэжыму шляхам частковага складання прысуду:  4,5 гады калоніі  па арт. 130 КК РБ (рэабілітацыя нацызму) і год "хіміі" па арт. 370 КК РБ (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства