Пераслед і пошук "рэйкавых партызанаў" у Беларусі: што вядома на сёння
З пачатку ўварвання расейскай войскаў ва Украіну, у тым ліку з беларускай тэрыторыі, у Беларусі разгарнулася "рэйкавая вайна". Расейскія войскі выкарыстоўваюць інфраструктуру Беларускай чыгункі, а некаторыя беларусы спрабуюць гэтаму супрацьстаяць. Каб запаволіць і перашкодзіць рух расійскай ваеннай тэхнікі ва Украіну, беларусы выводзяць з ладу абсталяванне. Прадстаўнікі МУС у першыя дні вайны заявілі, што такія дзеянні будуць прыраўноўвацца да актаў тэрарызму, але гэта не спыніла дыверсіі на чыгунцы — за месяц зафіксаваны больш за дзясятак такіх фактаў. Сілавікі ў пошуках "рэйкавых партызанаў" ладзяць сапраўдныя рэйды ў гарадах, дзе адбыліся дыверсіі. Праваабаронцам вядома, што затрымана мінімум 11 чалавек, якіх лічаць датычнымі да "рэйкавай вайны". Таксама вядома пра масавыя "налёты" сілавікоў на мясцовых у сувязі з дыверсіямі ў Стоўбцах, Дзяржынску, Баранавічах, а таксама "чысткі" супрацоўнікаў чыгункі па ўсёй Беларусі. "Вясна" распавядае, што вядома на гэты час.
"Чыстка" сярод чыгуначнікаў
Як паведамляе тэлеграм-канал «Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», на гэтым тыдні былі затрыманыя больш за 30 супрацоўнікаў чыгункі. З многімі з на праўладных тэлеграм-каналах з’явіліся «пакаяльныя відэа» на фоне дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Сапраўды, 30 сакавіка праўладны тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы» апублікаваў відэа з супрацоўнікамі чыгункі, якія заклікаюць не падпісвацца на тэлеграм-канал «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
«Мы пачынаем марафон прызнанняў супрацоўнікаў чыгуначнай галіны краіны. Прыгатуйцеся, іх будзе нямала. І ўсе накасячылі прыкладна аднолькава — былі падпісаныя на телеграм-канал супольнасць чыгуначнікаў Беларусі. Нагадаем, ён прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем таму як заклікаў да дыверсій і тэрактаў на чыгунцы», — піша праўладны канал.
Тэлеграм-канал «Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» каментуе «пакаяльныя відэа» так:
«Гэтыя дзеянні лішні раз пацвярджаюць, што рэжым баіцца, як агню, страціць кантроль над чыгуначнай галіной Беларусі. У дадзены момант ільвіная доля супрацоўнікаў КДБ, уключаючы УКДБ па абласцях і Галоўнае ўпраўленне КДБ, кінутыя на барацьбу з уцечкай інфармацыі і «рэйкавай вайной». Для выканання пастаўленай мэты хапаюць абсалютна выпадковых людзей, каб зноў пасеяць страх сярод беларусаў».
Справай «рэйкавых партызанаў» займаецца менавіта КДБ. Сілавікі затрымліваюць супрацоўнікаў чыгункі, праводзяць у іх ператрусы і правяраюць тэлефоны. У пастановах на ператрусы значацца такія цяжкія артыкулы як шпіянаж (арт. 358 КК), здрада дзяржаве (арт. 356 КК), акт тэрарызму (арт. 289 КК).
Стачкамавец з чыгункі распавёў «Нашай Ніве», хто з чыгуначнікаў найбольш цікавіць сілавікоў:
«У поле зроку органаў трапляюць людзі, якія звязаныя з рухам цягнікоў, тыя, хто забяспечвае працэс перавозак і працуе з інфармацыяй абмежаванага распаўсюду. Затрыманні праходзяць з-за таго, што КДБ спрабуе забяспечыць абарону ад уцечкі звестак, якія тычацца ваенных перавозак».
Супраць некаторых затрыманых чыгуначнікаў узбуджаюць крымінальныя справы па іншых артыкулах. Так, 30 сакавіка, на праўладных тэлеграм-каналах з’явілася пакаяльнае відэа з 33-гадовым памочнікам машыніста на чыгунцы з Асіповічаў Рамана Кірдуна.
Як сцвярджаюць сілавікі, яму пагражае адказнасць па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) за рэгістрацыю ў «Плане Перамога».
Акрамя гэтага, з супрацоўнікамі чыгункі праводзяцца «прафілактычныя гутаркі».
Супольнасць чыгуначнікаў — «экстрэмісцкае фарміраванне»
21 сакавіка па рашэнні Камітэта дзяржаўнай бяспекі чат «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Гэта значыць, што ўдзельнікаў чатаў цяпер могуць пераследаваць па крымінальным артыкуле — 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).
Мінімум 11. Спіс затрыманых «рэйкавых партызанаў»
Раней «Вясна» паведамляла пра мінімум восем затрыманых рэйкавых партызанаў. Вось спіс:
- Сяргей Канавалаў (Віцебск, арт. 13 і арт. 289 КК)
- Дзмітрый Равіч (Светлагорск, СІЗА-3, ч. 3 арт. 289 КК)
- Дзяніс Дзікун (Светлагорск, СІЗА-3, ч. 3 арт. 289 КК)
- Алег Малчанаў (Светлагорск, СІЗА-3, ч. 3 арт. 289 КК)
- Аляксей Шышкавец (Асіповічы, турма №4, арт. 361-1, 289 КК)
- Сяргей Глебка (Стоўбцы, арт. 289 КК)
- Кацярына Глебка (Стоўбцы, арт. 289 КК)
- Жыхар Жодзіна (прозвішча невядомае)
З пачатку вайны затрымалі мінімум 8 "рэйкавых партызанаў": што вядома пра "рэйкавую вайну" ў Беларусі
З таго часу стала вядома яшчэ пра мінімум трох затрыманых «рэйкавых партызнаў». Цяпер за месяц іх колькасць узрасла да 11-ці чалавек.
10 сакавіка следчы камітэт заявіў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы за падрыхтоўку да акта тэрарызму (арт. 13 і арт. 289 КК) у Мазыры. У межах гэтай справы затрыманыя два мясцовыя жыхары — 34-гадовы Сяргей Пляшкун і 44-гадовы Юрый Сельвіч.
Па дадзеных следства, мужчыны планавалі знішчаць ваенную тэхніку Расійскай Федэрацыі пры яе перамяшчэнні па тэрыторыі Мазырскага раёна. Для гэтага яны падрыхтавалі бутэлькі з запальнай сумессю. З відэасюжэта БТ вынікае, што сачылі за мужчынамі пільна: паказалі кадры са схаванай камеры ў гаражы, дзе мужчыны абмяркоўваюць свае планы. На запісе яны гавораць пра перспектыву пашкоджання рэйкаў.
Як высвятліла «Наша Ніва», Сельвіча затрымалі яшчэ 28 лютага. У відэасюжэце Пляшкун дае паказанні і кажуць, што ён супрацоўнічае са следствам і дае прызнальныя паказанні. Сельвіч жа катэгарычна адмаўляецца супрацоўнічаць са следчымі і не прызнае віну.
«Юрый не падтрымліваў гэтую вайну. У яго ж двое хлопцаў проста цяпер служаць у войску. Старэйшы сын — у спецназе, малодшы — недзе на танку ездзіць ці нешта такое. Праз гэта ён вельмі панікаваў, баяўся, што іх на вайну могуць адправіць. Юрый вельмі перажываў за дзяцей — як і ўсе цяпер. Адзін з яго сыноў служыць у Мар’інай Горцы, цяпер ён на вучэннях», — расказвае знаёмы Сельвіча.
Цяпер Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч знаходзяцца ў гомельскім СІЗА №3. Ім пагражае да 20 гадоў калоніі.
21 сакавіка стала вядома, што ў Оршы за пашкоджанне чыгуначных шляхоў затрыманы мясцовы супрацоўнік чыгункі. На праўладным телеграм-канале з ім з'явілася «пакаяльнае» відэа. Аднак твар мужчыны не паказалі, а прозвішча не назвалі. Праваабаронцам таксама пакуль невядома асоба затрыманага. Сам затрыманы на відэа «прызнаўся», што скраў цягу ручнога тормазу на грузавым вагоне. Паводле словаў аршанца, ён збіраўся выкарыстаць дэталі ў хатняй гаспадарцы. Аднак транспартная міліцыя пачала праверку затрыманага «на датычнасць да нядаўняга крадзяжу сігнальных трансфарматараў у Аршанскім раёне», што прывяло да няспраўнасці святлафора.
Стоўбцы, Дзяржынск, Баранавічы. «Рэйды» па гарадах, дзе адбыліся дыверсіі на чыгунцы
Сілавікі ў пошуках «рэйкавых партызанаў» працуюць ва ўсіх гарадах па класічнай схеме: прыходзяць да людзей, якія раней пераследаваліся па «палітычных артыкулах», — праводзяць ператрусы — вымаюць тэхніку, "пратэсную" сімволіку — правяраюць тэлефоны — калі знаходзяць падпіскі ці перасылы з «экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў», то складаюць пратаколы па арт. 19.11 КаАП і затрымліваюць да суда. Вядома, што «спецаперацыя» па такіх схемах праходзілі ў Стоўбцах, Дзяржынску, Баранавічах.
Так, у сярэдзіне лютага ў Стоўбцах два тыдні праходзілі масавыя ператрусы, допыты, затрыманні і адміністрацыйныя суды над мясцовымі. У раёне горада пашкодзілі аўтаматыку каля станцыі Сінява за Стоўбцамі, што і стала прычынай увагі сілавікоў да Столбцаў.
«Яны жэсцяць пры затрыманні і кажуць: "Нам пох*й, мы немясцовыя"»: што вядома пра пераслед у Стоўбцах
«Вясна» распавядае, што вядома пра пераслед жыхароў Стоўбцаў.
Вядома пра мінімум 35 фактаў пераследу ў гэтым горадзе. Па словах мясцовай жыхаркі, ва ўсіх, каго затрымліваюць запытваюцца пра падрыўную дзейнасць у прамым сэнсе гэтага слова. Сілавікоў цікавіць дачыненне мясцовых да пашкоджання аўтаматыкі каля станцыі Сінява за Стоўбцамі. Калі ў тэлефонах знаходзілі падпіскі на «экстрэмісцкія каналы» ці перасылы з такіх каналаў, то іх затрымлівалі і судзілі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вядома, што некаторых затрыманых збівалі пры затрыманні.
У Дзяржынску больш за тыдзень сілавікі таксама ладзілі рэйд па пошуку «рэйкавых партызан». Мясцовых жыхароў затрымлівалі і змяшчалі ў ІЧУ, у іх дамах ладзілі ператрусы, а некаторых збівалі падчас затрыманняў. У ізалятары іх утрымлівалі ў жорсткіх умовах: у камерах халодна, не выдавалі матрацаў, перадачы не прымалі.
Раніцай 21 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі жанчыну, у якой ёсць непаўнагадовае дзіця. У пастанове на ператрус значылася, што крымінальная справа тычыцца чыгуначнай дыверсіі 18 сакавіка на станцыі «Коласава». У жанчыны забралі тэлефон, а ў РАУСе на яе склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за перасыл паведамлення з «Хартыі-97» сваёй дачцы. Суд прызнаў яе вінаватай пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (640 рублёў).
«На допытах ГУБАЗіК збівае людзей і прымушае падпісаць выдуманыя пратаколы», — распавядаюць мясцовыя.
Таксама вядома пра масавую «зачыстку» ў Баранавічах. Ператрусы праводзяць супрацоўнікі КДБ. Ёсць інфармацыя, што людзей вязуць праходзіць паліграф. А тым, хто быў раней затрыманы альбо асуджаны па палітычных артыкулах, «прапануюць» здаць «біяматэрыял» — калі адмовішся, просяць прыйсці ў міліцыю і напісаць заяву на адмову ад узяцця біяматэрыялаў. Па словах тых, хто хадзіў, — там ім пагражалі зрабіць падазраваным па любой крымінальнай справе ці пасадзіць на "суткі" за непадпарадкаванне. Вядома, што многіх судзілі па арт. 19.11 КаАП: іх адпраўляюць га "суткі" ці караюць штрафамі.