Вядро хлёркі на падлогу і пярцовы газ па вентыляцыйнай трубе: у якіх умовах адбываюць арышты "палітычныя"
Праваабаронцы "Вясны" працягваюць збіраць і фіксаваць факты жорсткага абыходжання з затрыманымі паводле палітычных матываў у беларускіх ізалятарах. Больш за год арыштанты сутыкаюцца з нялюдскімі ўмовамі ўтрымання: у перапоўненых камерах няма матрацаў і пасцельнай бялізны, іх не выводзяць у душ ды на шпацыры і не аказваюць медыцынскую дапамогу. Згодна са звесткамі праваабаронцаў, за ўдзел у антываенных акцыях 27 і 28 лютага за кратамі апынуліся прынамсі 616 чалавек. Хлопец і дзяўчына, якіх затрымалі пасля галасавання на рэферэндуме, распавялі "Вясне" пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна і ў Жодзіне і пра метады здзекаванняў супрацоўнікаў ізалятараў з "палітычных".
У РУУС некаторых дзяўчын білі па нагах
Карына (імя змененае ў мэтах бяспекі) была затрыманая на адным з выбарчых участкаў Мінска 27 лютага. Паводле дзяўчыны, камісіі на ўчастку не прыйшлося даспадобы пытанне "А дзе паглядзець змены?". У РУУС участковыя давалі зразумець, што, калі адмовіцца падпісваць пратакол, затрыманым могуць пагоршыць іх умовы. Некаторых дзяўчын нават білі па нагах.
"На пытанне "А калі не падпішу пратакол?", — адказвалі фразу, якая вымаўлялася найчасцей: "Ну вы ж разумееце?". І намякалі, што будзе толькі горш. Насамрэч так. Тут яны не хлусілі. Дзяўчын, якія з імі размаўлялі не паводле іх правілаў, білі па нагах (з аповедаў саміх дзяўчын), давалі сутак больш (гэта факт) і па два пратаколы (гэта і суткі, і штраф)".
Ва ўпраўленні затрыманыя ўвесь час знаходзіліся ў спартзале. Іх выводзілі ў прыбіральню і нават прынеслі аднаразовыя кубачкі, ваду і печыва. Дзяўчына ўзгадвае, што чула, як за дзвярыма збівалі хлопца, які адмаўляўся казаць супрацоўнікам свой пароль ад тэлефона.
"Сядзелі вельмі доўга ў спартзале ў цішыні. Эпічнасць карціне надаваў той факт, што зала была ў сініх колерах, а велізарныя маты, прытуленыя да сцяны, былі ярка жоўтымі. Выходзіла, людзі сядзелі на фоне колераў украінскага сцяга".
Замест туалетнай паперы — лісты з цытатамі з кнігі з фразеалагізмамі
На Акрэсціна затрыманых перавозілі ў "стаканах" аўтазакаў. У камерах не было ні матрацаў, ні пасцельнай бялізны, верхнюю вопратку адразу забралі, а ў першую ноч дзяўчын скусалі клапы. Ад стрэсу ў шмат якіх дзяўчын адначасова пачаліся месячныя, але пракладкі супрацоўнікі ім выдавалі без праблем.
"Пракладкі давалі. Яны вельмі баяцца месячных! Мы чулі, як супрацоўнікі паміж сабой казалі, што "ў жаночым батальёне вялікая страта крыві". З паперай былі праблемы, але мы настойліва выпрошвалі, і яны штосьці нам выдавалі. Канечне, паводле аб'ёму гэта ў разоў пяць менш, чым трэба. Ужо ў Жодзіне ў іх і газеты ўсё скончыліся. Яны прыходзілі і казалі, што шукаюць для нас хоць штосьці. І знайшлі — аркушы з цытатамі з кнігі з фразеалагізмамі. Падмываліся з дапамогай вады з бутэлькі. Да гэтага яе грэлі паміж батарэямі нейкі час. Бутэльку таксама выпрошвалі. Выпрошвалі ўсё і ўвесь час. Але іншага выйсця не было. У некаторых камерах на Акрэсціна была гарачая вада і дзяўчынкі адразу ж пачыналі мыць галаву па чарзе.
Яшчэ ў ІЧУ мы прасілі слёзна нам даць да адбоя кнігу, нам далі "Біяграфію Лесі Украінкі". Мы пачынаем варажыць: радок вось такі, старонка вось такая. Пытанне: "Ці доўга яшчэ будзе цягнуцца вайна ва Украіне?". Адказ: "У шматлікіх віншаваннях з Лондану, Жэневы, Парыжа...".
Акрамя гэтага, у камеру да дзяўчын падсаджвалі бяздомных жанчын, адна з якіх — вядомая Ала Іллінічна.
У камеры па вентыляцыйнай трубе трапіў пярцовы газ
Частку арышту Карына адбывала ў жодзінскім ізалятары. Там па суседстве былі дзве жаночыя камеры: у чатырохмясцовай было 13 чалавек, а ў дзесяцімяцовай — 30. Некаторых дзяўчын да пераводу ў Жодзіна не кармілі чатыры дні. Ложкі ў ізалятары былі металічныя, а на падлозе — плітка. Верхнюю вопратку ў іх не забіралі, таму яе маглі падкладаць пад сябе.
Начамі супрацоўнікі Жодзіна адмыслова шумелі і заміналі спаць. Акрамя гэтага, раней былыя арыштанты дзяліліся гісторыяй пра тое, як дзяжурныя вывелі некалькі мужчын у душ, замкнулі іх і залілі пярцовым газам. Але гэты газ праз вентыляцыйную трубу трапіў і ў астатнія камеры на паверсе.
"Хлёрку не залівалі, але газ з балончыка па вентыляцыі дайшоў і да нас. Кашлялі мы знатна, як і ўвесь паверх.
Супрацоўнікі галасілі ўначы вельмі гучна і адмыслова. Пілі, чокаліся, спявалі, глядзелі відэа. Песню "Засыпай, на руках моих засыпай" мы чулі ўсю ноч проста пад дзвярыма. А яшчэ яны вельмі любілі адчыняць дзверы і глядзець на нас. І пасля адбою маглі зайсці. Мы вельмі баяліся начных наведванняў. Дый проста ў вочка падглядаць — гэта іхны ўлюбёны занятак. А яшчэ яны страчвалі людзей у турме. Па некалькі разоў прыходзілі правяраць камеры, таму што кагосьці са спісу не маглі знайсці, і гучна лаяліся адзін на аднаго. Яны, вядома ж, абражалі і крычалі на нас. Казалі, што мы вінаватыя ў тым, што яны дома не начуюць трое сутак".
Медыцынскага работніка ў Жодзіне не было, а таблеткі затрыманым давалі толькі тыя, якія перадавалі сваякі. Абязбольвальныя дзяўчынам давялося прасіць пяць дзён. Але, у выніку, яны іх атрымалі.
Раздатчыкі ежы ў Жодзіне — асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў.
"У Жодзіне асуджаныя, якія раздавалі ежу, нас шкадавалі, казалі, што нам будуць порцыі накладваць больш. Быццам мы на іх моцна прэтэндуем. Але за чалавечнасць ім дзякуй!"
"Паставілі да сцяны і лёгка збілі, наносячы ўдары ў корпус і далонямі па твары". Як адбываюць "суткі" затрыманыя на антываенных акцыях
У Жодзіне дзвюма жаночымі камерамі гучна спявалі песні цэлы дзень
"Мы шмат смяяліся і размаўлялі, нават калі не хацелася. Дакладней, мы ўвесь час гаварылі. Гэта была наша ўстаноўка, каб час хутчэй ішоў і мы не правальваліся ў жах ад таго, што адбывалася. 7 сакавіка адна жаночая камера спявала песні да абеду, а суседняя пасля абеду працягнула з "Батарейкой". Мы праспявалі цалкам "Беловежскую пущу" и "Знаешь ли ты".
Пра гэта расказаў і былы арыштант, чыя мужчынская камера было размешчаная побач з адной з жаночых камер. Калі яны пачулі, як спяваюць дзяўчыны, уся камера пачала гучна пляскаць.
У ЦІПе адзін дзень выдавалі толькі дзве порцыі ежы на 16 мужчын
Максіма (імя змененае ў мэтах бяспекі) затрымалі 27 лютага недалёка ад участку для галасавання. Ён ужо сыходзіў, калі да яго падышоў супрацоўнік міліцыі і папрасіў паказаць тэлефон. Праз некаторы час да іх пад'ехаў мікрааўтобус, з якога выбеглі некалькі амапаўцаў і затрымалі хлопца. Ва ўпраўленні, паводле яго слоў, знаходзілася больш за 30 затрыманых. Пасля складання пратаколу і вопісу рэчаў усіх павезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.
Мінчука пасадзілі ў шасцімясцовую камеру, у якой сядзелі 16 чалавек. Адразу ў камеры былі нават матрацы, але дзяжурныя сказалі затрыманым вынесці іх. Улічваючы, што затрыманне адбывалася ў абед, на Акрэсціна іх камеру не кармілі да раніцы наступнага дня. Акрамя гэтага, у першую ж ноч усіх затрыманых пакусалі клапы. У гэтай камеры хлопца трымалі тры дні да суда. На трэція суткі суд пастанавіў адправіць Максіма на "суткі".
Увесь арышт хлопец адбываў у ЦІП на Акрэсціна. Першая камера, у якую яго пасадзілі, была разлічаная на чатырох чалавек, але арыштантаў там было 16.
"Тэмпература паветра была ў раёне 30 градусаў, па сценах цёк кандэнсат. Вокны і кармушка былі зачыненыя. Цэлы дзень нам давалі ўсяго дзве порцыі ежы на 16 чалавек. Казалі, што астатнія мусілі нібы з'ехаць на Жодзіна і ім харчаванне не належыць".
У камерах было ад 32 да 40 чалавек, а ў адзін з дзён супрацоўнікі залілі ў камеру хлёрку
Праз некалькі сутак хлопца спачатку перавялі ў камеру, дзе на шэсць "шконак" былі 32 чалавекі, а пазней адправілі ў васьмімясцовую камеру з 40 арыштантамі.
"Была адна шкадлівая раздатчыца, якая перыядычна адмыслова перакульвала талеркі з ежай на падлогу камеры. Нам забаранялі ляпіць з хлеба шашкі і шахматы, аргументуючы тым, што яны на хлеб моляцца. Далей мяне перавялі ў васьмімясцовую камеру. Там было каля 40 чалавек. Спалі на падлозе, на лаўках, стале, на шконках і пад імі. Падсцілалі пад сябе адзенне. Звярталіся адзін да аднаго па імёнах, прозвішчы нерэальна запомніць. Ва ўсе камеры падсялялі бамжоў. У адзін з дзён нас вывелі на ранішні дагляд і ў камеру залілі вядро хлёркі".
Хлеб з пахам мяса, а вада з крана смярдзіць хлёркай
"Кармілі кашай: сечкай, аўсянкай, прасянкай, пярлоўкай. З гэтымі кашамі давалі пячоначныя, рыбныя, мясныя катлеты, у якіх хлеб быў прасякнуты пахам мяса. Часам давалі рыбу. На сняданак была гарбата, на абед кісель ці ўзвар. На вячэру піць нічога не давалі. Вада з-пад крана жудасна смярдзіць хлёркай".
На Акрэсціна ў затрыманых па-ранейшаму забіраюць грошы ў лік аплаты за харчаванне
Праз тыдзень у арыштантаў забралі курткі. Максім адзначыў, што ў ЦІПе ні яго, ні сукамернікаў супрацоўнікі не збівалі. На момант затрымання ў хлопца з сабой было каля 30 рублёў, якія на Акрэсціна забралі ў лік аплаты за харчаванне. Нягледзячы на тое, што адміністрацыяй не выконваюцца антыкавідныя захады, неабходную медыцынскую дапамогу затрыманым па-ранейшаму не аказваюць.
"Лекі, якія перадаюць родныя, медсястра выдае, але на гэтым усё. Дапамогі асаблівай чакаць не выпадае. Ніякіх масак не выдаюць, супрацоўнікі ходзяць у балаклавах. Я сам за двое сутак да вызвалення захварэў, але без тэмпературы. COVID ці не — не ведаю".