viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-04-18T13:30:54+0300 2022-04-18T15:31:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

Больш за 9 месяцаў за кратамі ўтрымліваюць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча

Нагадаем, 14 ліпеня да іх і іншых вясноўцаў з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. З таго дня Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзь Лабковіч знаходзяцца у зняволенні, а мінскія офісы "Вясны" апячатаныя — праваабаронцаў абвінавацілі ў "нясплаце падаткаў у буйным памеры".

"Героі цёмных часоў". Пачала працу анлайн-фотавыстава пра беларускіх палітвязняў

Еўрапейскі сацыяльна-эканамічны камітэт арганізаваў анлайн-фотавыставу "Героі цёмных часоў", каб асвятліць становішча палітвязняў і павысіць усвядомленасць небяспекі аўтарытарнай і рэпрэсіўнай сістэмы ў Беларусі. Сярод прадстаўленых герояў — віцэ-прэзідэнт FIDH, праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч

"Серыя фотаздымкаў падкрэслівае парушэнні правоў чалавека і свабоды выказвання меркаванняў з боку беларускіх уладаў, якія затрымалі больш за 1100 палітвязняў. Яны з'яўляюцца жывым сведчаннем беспрэцэдэнтных дзяржаўна-арганізаваных рэпрэсій, якія перашкаджаюць беларускаму народу ў яго мужнай барацьбе за дэмакратыю", — паведамляюць арганізатары.

Паглядзець анлайн-выставу

Валянцін Стэфановіч з-за кратаў: "Ёсць адчуванне нейкай безвыходнасці. Можа, таму што я зараз у турме?" 

Палітзняволены праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч у адным з лістоў на волю падзяліўся сваім захапленнем беларускімі музычнымі гуртамі:

«Адзін з першых канцэртаў “Мроі” (пазней – NRM) адбыўся на пляцоўцы каля музея Багдановіча ў 1988 годзе. Алесь Бяляцкі добра асабіста ведае Лявона Вольскага яшчэ з тых часоў, а я асабіста знаёмы з Ігарам Варашкевічам.

Увогуле гэтыя дзве постаці, як па мне, культавыя для Беларусі. Менавіта іх гурты “Мроя” і “Бонда” заклалі традыцыі беларускамоўнага рока ў 80-я. Ну, і “Мясцовы час” яшчэ, быў такі новаполацкі гурт. “Мроя” нават умудрылася выдаць кружэлку на адзінай дзяржаўнай фірме гуказапісу “Мелодия”. Кружэка 1988 года – “Дваццаць восьмая зорка”. У мяне ляжыць недзе на лецішчы.

Ну, а ў 90-х ужо са змененым стылем і назвай “NRM” былі проста зоркамі андэграўнда. У 1996 годзе падчас “Менскай вясны” іх альбом “Одзірыдзідзіна” быў проста на вастрыні. Зараз па настрою час іншы, ёсць адчуванне нейкай безвыходнасці. Можа, таму што я зараз у турме?»

За мінулы тыдзень не было навінаў ад старшыні "Вясны" Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і юрыста Уладзіміра Лабковіча.

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Спецдакладчыкаў ААН праінфармавалі пра стан здароўя праваабаронцы Марфы Рабковай

Да спецдакладчыка па пытанні аб палажэнні праваабаронцаў Мэры Лолар, спецдакладчыка па пытанні аб праве на здароўе Тлаленг Мафакенг і спецдакладчыка па пытанні аб страновішчы з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн даведзена, што каардынатарка Валанцёрская службы "Вясны" Марфа Рабкова ўтрымліваецца ў СІЗА-1 амаль 19 месяцаў і за гэты час у яе значна пагоршылася здароўе.

Вядома, што нядаўна Марфа пачала атрымліваць лячэнне ў СІЗА-1, але часткова. Дзяўчыне зрабілі аналізы на гармоны, а таксама пачалі ўнутрывенна даваць антыбыётыкі. Тым не менш, не прымаецца мер па даследаванню шчытападобнай залозы Марфы. Таксама ёй не даюць магчымасці прайсці лячэнне ў стаматолага ўжо 9 месяцаў.

У звязку са шматлікімі зваротамі ў Генеральную пракуратуру з нагоды пагаршэння здароўя Марфы, на сайце ведамства быў апублікаваны прэс-рэліз, у якім значылася, што пракуратура не збіраецца адказваць па сутнасці зваротаў, бо нібыта няма падстаў для іх разгляду.  

Генпракуратура не будзе адказваць на звароты з патрабаваннем аказаць меддапамогу Марфе Рабковай

Генеральная пракуратура спасылаецца на тое, што “хадайніцтвы і скаргі па крымінальнай справе могуць быць заяўленыя і пададзеныя ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, а таксама іншымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, калі працэсуальныя дзеянні і рашэнні закранаюць іх інтарэсы”. А ў электронных зваротах не маецца інфармацыі пра тое, што заяўнікі з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу па справе.

Вядома, што апошнія два месяцы ліставанне з валанцёрам Андрэем Чапюком значна пагоршылася: ад хлопца лісты даходзяць толькі бацькам і то нерэгулярна.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

«Правы нам дае не дзяржава». Вялікае інтэрв'ю з Леанідам Судаленкам за два тыдні да яго затрымання

За два тыдні да затрымання кіраўніка Гомельскага аддзялення «Вясны» Леаніда Судаленкі на сайце Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава выйшла вялікае інтэрв’ю з ім. Які шлях прайшоў Леанід ад сельскага хлопчыка да вядомага ў Беларусі і за яе межамі праваабаронцы? Што рухала яго ў дзейнасці па адстойванні інтарэсаў простых грамадзянаў? Колькі скаргаў ён накіраваў у Камітэт па правах чалавека ААН? Адказы на гэтыя пытанні ў матэрыяле БДПЧ, які мы перадрукавалі.

Навінаў ад самаго Леаніда Судаленкі за мінулы тыдзень не было. 

Падтрымайце Леаніда:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Пасля пераводу ў калонію ад валанцёркі з Рэчыцы Таццяны Ласіцы лісты даходзяць толькі яе бацьку.

Падтрымайце Таццяну:

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Як падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства