viasna on patreon

Марфа Рабкова: «Да Чарнобыльскай трагедыі мы падышлі з нулявым разуменнем таго, што нам рабіць»

2022 2022-04-21T15:43:17+0300 2022-04-21T15:43:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rez-rabkova-pasvedchanne-chaes1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

C 19 па 26 красавіка праходзіць Чарнобыльскі тыдзень. Гэта серыя мерапрыемстваў, мэта якіх — распавесці пра наступствы аварыі на ЧАЭС і прапанаваць альтэрнатыву ядзернаму шляху.

26 красавіка — не толькі дзень трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, але і дзень заснавання праваабарончага цэнтра «Вясна» ў 1996 годзе (і гэта не супадзенне — пра гісторыю ўзнікнення арганізацыі чытайце тут).

Напярэдадні гэтай даты, 25 красавіка 2022 года, над палітзняволенай праваабаронцай «Вясны» Марфай Рабковай нарэшце пачнецца суд. Знаходзячыся ў СІЗА-1 больш за 19 месяцаў, Марфа асэнсоўвае катастрофу на АЭС, наступствы якой закранулі яе саму.


Марфа Рабкова родам з Добруша — невялікага горада на Гомельшчыне. Добруш пацярпеў падчас аварыі на ЧАЭС, і цяпер побач з горадам праходзіць мяжа закрытай зоны, якая вызначаная высокім узроўнем радыеактыўнага забруджвання, як гэта бачна на карце:

mapa_chaes_dobrush.jpg
Карта радыеактыўнага забруджвання ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Крыніца: belgazeta.by

Таму Марфа Рабкова мае статус пацярпелай ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Раней «Вясна» паведамляла, што ўльтрагукавое даследаванне, зробленае Марфе ў СІЗА-1 сёлета ў сакавіку, выявіла ў шчытападобнай залозе шмат ачаговых утварэнняў і кіст. Гэта выклікае дадатковы непакой, бо пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС маюць праблемы са здароўем менавіта ў гэтай сферы.

Марфа ў СІЗА-1 працягвае шмат чытаць. У адным са сваіх лістоў на волю яна распавяла, як яе ўразіла прачытаная ў газеце гісторыя экалагічнай катастрофы ў Азёрску:

«У Азёрску знаходзілася прадпрыемства «Маяк» у 1957-м, і там адбыўся вельмі моцны выбух радыеактыўных адкідаў, след якога распаўсюдзіўся на велізарную тэрыторыю. Месца называлася «Сокал», дакладней гэта быў пазыўны, бо дадзенага месца не магло існаваць на картах. У «Сокале» была створаная лабараторыя «Б» для вывучэння ўплыву радыяцыі, у ёй працавалі зэкі-навукоўцы і інтэрнаваныя немцы.

Пасля аварыі жыхароў навакольных вёсак (87 сёлаў з насельніцтвам 21 000 чалавек) перасялялі доўга. Жыхары выкарыстоўвалі заражаную ваду, паміралі дзеці, заражаную хатнюю скаціну расстрэльвалі. Афіцыйна ні пра што не распавядалі, у дакументах замест «апраменьвання» гаварылася «абкурванне», замест «мутацыя» — «муць», «прамянёвая хвароба» зрабілася «вегетасасудзістай дыстаніяй 2-й ступені». Тым, хто працаваў на «Маяку», у 1957 годзе выдалі касеты дазкантролю — у 1989 годзе яны даведаліся, што іх ніхто не правяраў. А ў мясцовай газеце паведамілі, што свячэнне [якое было бачнае ад выбуху — заўв. рэд.] «даволі рэдкае ў нашых шыротах… мела ўсе прыкметы палярнага ззяння».

З ліста Марфы Рабковай
З ліста Марфы Рабковай

«Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што ў СССР, аказваецца, быў досвед радыяцыйнай катастрофы, але яны ўсё схавалі. І да Чарнобыльскай трагедыі мы падышлі з нулявым разуменнем таго, што нам рабіць. Вельмі раю пачытаць кнігу Алексіевіч «Чарнобыльская малітва», у мяне проста вочы расплюшчыліся пасля чытання на ўсю гэту сітуацыю. І цяпер вось думаю: колькі яшчэ мы не ведаем пра тое, што адбывалася ў СССР. Раздражняюць рэверансы вакол размяшчэння атамнай зброі ў Беларусі. Цікава, радок з Канстытуцыі пра тое, што мы бяз'ядзерная дзяржава, проста прыбяруць з новай рэдакцыі Канстытуцыі?»

Даведка: Катастрофу у Азёрску (ці Кыштымская аварыя) называюць першай у СССР радыяцыйнай надзвычайнай сітуацыяй тэхнагеннага характару. Згодна з сучаснай міжнароднай класіфікацыяй, Катастрофа ў Азёрску адносіцца да 6 узроўню паводле цяжкасці наступстваў. У СССР яна саступае толькі аварыі на ЧАЭС (якая адносіцца да 7 узроўню — максімальна магчымаму). Ахвяры аварыі на «Маяку» доўгі час змагаліся за свае правы.

Удакладненне: У папярэдняй рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, якая дзейнічала да 2022 года, у артыкуле 46 гаварылася: «Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на кампенсацыю шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права. Дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя».

Гэты артыкул у новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, прынятай 27 лютага 2022 года на недэмакратычным рэферэндуме, была дапоўненая фармулёўкай: «Рэспубліка Беларусь развівае атамную энергетыку ў мірных мэтах, гарантуе бяспеку падчас вытворчасці і выкарыстання атамнай энергіі».

Марфа Рабкова працягвае знаходзіцца ў СІЗА-1. Падтрымаеце яе лістамі салідарнасці!

Адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Марыі Аляксандраўне Рабковай

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства