Псіхалагічная дапамога: Як дапамагчы дзіцяці перажыць траўматычную падзею
Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія. Што дапамагае пераадольваць гэтыя цяжкасці? Калі патрэбна дапамога спецыяліста? Як сабраць псіхалагічную «аптэчку» для сябе і для іншых? Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.
Рэальнасць сутыкае бацькоў маленькіх беларусаў з нетыповымі праблемамі, якія іх ніхто не вучыў адольваць. У падручніках па псіхалогіі не расказваюць, ці можна браць дзіця на спатканне да таты-палітвязня, як паводзіць сябе з сынам ці дачкой падчас вобшуку ў кватэры і што сказаць ім, калі іх роднага чалавека затрымалі. На гэтыя пытанні ў матэрыяле адкажа дзіцячы псіхолаг Хелена Лундт.
Як выяўляецца ПТСР у дзяцей?
— Рэакцыя на траўматычную падзею будзе па-рознаму праяўляцца ў розных дзяцей, — распавядае Хелена. — Але ад рэакцыі дарослага яе адрознівае тое, што ў дзіцяці няма разумення ейнага значэння, кантэксту, уплываў і наступстваў. Дзеці ўспрымаюць траўматычную падзею хаатычна.
Менавіта таму ў дзяцей можа быць шмат саматычных рэакцый: часцей за ўсё, чым меншае дзіця, тым больш комплексна яны будуць назірацца. Да найболей распаўсюджаных адносяцца болі ў жываце праз напружанне ў целе, галаўныя болі, праблемы са страваваннем, бессань, страта апетыту ці пераяданне. Часта можа выяўляцца гіперпільнасць: дзіця можа ўвесь час сканаваць асяроддзе на прыкметы небяспекі.
Таксама дзіця можа пераймаць і адаптоўваць рэакцыі бацькоў: напрыклад, сына мужчыны, якога катавалі тым, што прымушалі есці старую гнілую ежу, увесь час ванітавала без прычыны. Таму здараецца, што, не валодаючы поўнай карцінай траўматычных падзей у жыцці дзіцяці, яму могуць паставіць няправільныя дыягназы: аўтызм, сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, іншыя псіхіятрычныя хваробы і разлады — хаця насамрэч сімптомы могуць быць наступствам траўмы.
— Таксама саматычныя рэакцыі могуць уплываць на паводзіны малога, — тлумачыць дзіцячы псіхолаг. — Яно можа імкнуцца закрыцца ад усяго, што адбываецца: гэта будзе заўважна праз закрытыя жэсты, апушчаныя вочы. Акрамя таго, дзеці часта пражываюць жыццёвыя падзеі праз гульню, і калі гаворка пра траўматычную падзею, то гэта будзе нязменны набор дзеянняў. Напрыклад, дзіця, якое перажыло вайну, з'ехала у Данію, і там увесь час капала я́му ў зямлі. У яго не было часу і магчымасці раскласці ўсе падзеі на палічкі ў сваёй галаве, усвядоміць іх, і толькі з псіхатэрапіі зрабілася зразумела, што самы яркі і траўматычны ўспамін для яго — як бабуля звалілася ў яму. Што можна зрабіць у такой сітуацыі? Прайграць гэту сцэну да канца: разам выкапаць я́му, абмеркаваць досвед, паспрабаваць даць яму значэнне і кантэкст, каб дзіця магло гэта пражыць.
У гэтым выпадку важна лекаваць не толькі фізіялагічныя наступствы траўмы, але і разбірацца з іх прычынай: працаваць з хаосам і эмоцыямі ў галаве.
Як дапамагчы дзіцяці разабрацца з эмоцыямі?
Журналіста Андрэя Скурко затрымлівалі на вачах у двухгадовага сына: хлопчык паказваў дзядзькам цацкі, адзін з іх запускаў яму «ваўчка», шукалі ягоны сандалік.
— Калі міліцыя абшуквае хату пры малым ці затрымоўвае ягонага бацьку, шмат што залежыць ад колькасці ўжытага імі гвалту, — тлумачыць Хелена Лундт. — Калі дзіця прыязна ставіцца да міліцыянтаў — гэта добры знак, паказчык таго, што ён наогул давярае дарослым. Але калі яно ўсведамляе, што паказвала цацкі чалавеку, які забраў ягонага тату, у яго можа паўстаць пачуццё сораму, якое можа нашкодзіць дзіцю больш за саму гэту падзею. Таму дарослыя павінны дапамагчы дзіцяці зразумець, што гэта нармальна — давяраць дарослым, сябраваць з імі, паказваць свае цацкі. Трэба растлумачыць яму сітуацыю ягонымі словамі на зразумелай яму мове, не ўдаючыся ў палітычныя прычыны. Важна быць побач, прымаць рэакцыі дзіцяці, дапамагчы яму выказаць у словах ці надаць значэнне, даць кантэкст траўматычным падзеям. Сказаць: «Я бачу, што ты ў стрэсе, давай я дапамагу табе расслабіцца». Калі вы не разумееце, якая падзея выклікала пэўныя эмоцыі, трэба навучыцца быць побач з імі, а не пазбягаць іх. Не трэба прымушаць дзіця казаць пра падзею, а варта яму дапамагчы пераносіць свае рэакцыі, эмацыйны стрэс. Напрыклад, можна сказаць: «Я ведаю, штосьці жудаснае было ў тваім жыцці, але цяпер ты ў бяспецы». Калі бацькі адчуваюць цяжкасці ці разгубленасць у тым, як дапамагчы дзіцяці пераадолець стрэс, лепш звярнуцца да дзіцячага ці сямейнага псіхолага.
Падчас тлумачэння важна даць дзіцяці самому рэгуляваць той аб'ём інфармацыі, які ён можа перапрацаваць. Напрыклад, яно даведалася, што маці ці тата ў турме і незразумела, калі яно іх убачыць, а потым пачынае расказваць абсалютна іншае — трэба ісці за ім, а не спрабаваць распавесці сваю гісторыю да канца. Значыць, гэта менавіта той аб'ём інфармацыі, які яно можа пераварыць у гэты момант. Калі ж дзіця задае пытанні, трэба шчыра адказваць на іх, але таксама не забывацца на рэгуляванне. Напрыклад, не расказваць у фарбах умовы ўтрымання ягонага бацькі ці маці ці тлумачыць палітычныя матывы: праз тое, што часта дзеці перапрацоўваюць інфармацыю ў карцінках, у яго можа скласціся больш жахлівае апісанне, і чым меншае дзіця, тым больш страшнай яна можа аказацца.
Часам дзіцяці можа спатрэбіцца тэрміновая дапамога, каб перажыць эмоцыі. Дачка Мікалая Шэметава на спатканні ў калоніі расплакалася, калі тату забралі на праверку: яна пачала казаць, што не аддасць яго, а забярэ з сабой. У сітуацыі, калі страх займае ўсё, дзіцяці можна дапамагчы вярнуцца ў «тут і цяпер», адцягваючы ягоную ўвагу.
Псіхалагічная дапамога: Як родным палітвязняў падрыхтавацца да спаткання ў месцы зняволення
— З іншага боку, калі дзіця паказвае зразумелую эмацыйную рэакцыю, адцягненне ўвагі можа пацягнуць за сабой сорам да сваіх рэакцый на траўму, — распавядае Хелена Лундт. — Калі вам зразумелы трыгер дзіцяці, лепш абмеркаваць з ім пачуцці, якія ў яго прысутнічаюць, патлумачыць, што яны не сорамныя. Растлумачыць, што ён сумуе без таты, яму страшна — і гэта нармальна. Напрыклад, можна сказаць: «Твае рэакцыі абсалютна нармальныя і чалавечыя. Нармальна, што, калі ты быў сведкам бамбардзіроўкі, то цяпер баішся феерверкаў, таму што ў цябе быў такі жудасны досвед. Але праз пару гадоў феерверкі зноў будуць для цябе вясёлай падзеяй». Такім чынам мы адлучаем рэакцыю і паказваем, што траўматычная падзея ў мінулым, а цяпер малое ў бяспецы. І, канечне, шмат абдымаць дзіця, казаць, што вы яго любіце.
Што значыць быць шчырым з дзіцем?
Жонка палітвязня Алега Гармазінскага доўга не адважвалася сказаць 7-гадовай дачцэ пра затрыманне бацькі, але ў выніку асмелілася, бо не хацела, каб потым дачка расчаравалася, што ёй хлусілі. Жонка Аляксандра Велясніцкага некалькі месяцаў казала сыну, што ягоны тата-дальнабойнік з'ехаў у рэйс, але потым таксама вырашыла сказаць праўду.
— Важна быць як мага больш сумленным з дзіцем, але не моцна яго спалохаць, — тлумачыць псіхолаг. — Калі бацьку затрымалі і мама не ведае, калі ён вернецца, то дзіця таксама павінна ведаць пра гэта. Можна выкарыстоўваць фразы: «Цяпер таты няма, я не ведаю, калі ён вернецца, але абяцаю табе, што скажу, як толькі дазнаюся сама». У такім разе трэба дапамагчы дзіцяці пераадолець нявызначанасць і страх ніколі не пабачыць бацьку. Найгоршае, што можна зрабіць, — схлусіць, сказаць, што ўсё добра, калі вы засмучаны ці злуяцеся. Дзіця адчувае эмоцыі лёгка і больш дакладна, чым бацькі могуць сабе гэта ўявіць. Нармальна паказаць, што вы злуяцеся, і прапанаваць пазлавацца разам, даць рады гэтым эмоцыям разам: напрыклад, прабегчыся. Акрамя гэтага, з кім бы вы ні размаўлялі, важна памятаць, дзе дзіця знаходзіцца ў гэты момант: насамрэч яны бачаць і чуюць усё і вельмі лёгка гэта падхапляюць.
Шчырымі з дзіцем трэба быць таксама, калі вы збіраецеся ўзяць яго на спатканне ў СІЗА ці калонію. Калі магчыма, важна падрыхтаваць яго да таго, калі ён у наступны раз убачыць бацьку ці маці, каб у яго было разуменне таго, што адбываецца.
— Лепш узяць дзіця з сабой на спатканне, — кажа Хелена. — Таму што тады ў яго будзе карцінка месца, дзе знаходзіцца бацька, дасць яму пачуццё блізкасці. Але важна загадзя дапамагчы яму сфармаваць рэалістычны імідж таго, што ён пабачыць перад паходам на спатканне, а потым — перапрацаваць гэта. Гэтак жа важна падрыхтаваць бацьку ці маці да сустрэчы з дзіцем: растлумачыць яму, што гэта будзе складана, магчыма, дзіця будзе плакаць і задаваць шмат пытанняў. Таму так важна, каб малое было цэнтрам увагі, як толькі ўвойдзе ў пакой: як бы жорстка гэта ні гучала, вашы эмоцыі тут другасныя. Спачатку трэба быць моцным дарослым для яго, а потым разабрацца са сваімі пачуццямі.
Такой жа апорай для дзіцяці трэба зрабіцца і ў сітуацыі «двайной эміграцыі», з якой сутыкнуліся беларускія дзеці апошнім часам. Дзеці Барыса псіхалагічна траўмаваныя яшчэ падзеямі ў Беларусі, ва Украіну сям'я пераязджала не таму, што захацелася там пажыць, а таму што ўцякала ад рэпрэсій. Калі пачаліся выбухі, дзеці плакалі, па дарозе ў трэцюю краіну яны баяліся.
— Дзіцяці трэба растлумачыць, што вы з'яжджаеце ў бяспечнае месца, — кажа Хелена Лундт. — Данесці да яго, што вам не пашанцавала пару разоў, вы перажылі такі досвед, але гэта не назаўжды: вы знойдзеце бяспечнае месца, дзе зможаце жыць разам нармальным, спакойным жыццём. Важна пакідаць гэту надзею. Чым меншае дзіця, тым часцей яно будзе шукаць прычыну ў сабе: «Я ўцёк з адной краіны праз канфлікты, але ў іншай краіне таксама праблемы — напэўна, гэта звязана са мной». Таму важна яшчэ раз пераканаць дзіця, што гэта не звязана з ім.
Як дзіцяці хутчэй перажыць траўму?
Калі дзіцяці доўга не аказваецца дапамога пасля траўматычнай падзеі, у яго могуць паўстаць іншыя праблемы. Комплексны ПТСР можа ўплываць на саматычнае, псіхалагічнае, эмацыйнае, кагнітыўнае развіццё і ўзмацняцца з цягам гадоў. У дзіцяці могуць з'явіцца асобасныя разлады, разлады межаў, паводзінныя, трывожныя разлады і гэтак далей. Тыповымі «званочкамі» развіцця праблем могуць зрабіцца рэакцыі тыпу панічных атак, змены ў паводзінах дзіцяці, саматычныя сімптомы. І хоць дзеці наогул могуць перажыць жудасны досвед досыць хутка, для гэтага важна, каб вакол яго з'явіліся клапатлівыя і ўважлівыя дарослыя.
— Яны павінны дапамагчы дзіцяці адрэгуляваць нервовую сістэму, паставіць усё ў правільны кантэкст, надаць увагу і атачыць клопатам, — тлумачыць Хелена. — Таксама важна стварыць бяспеку вакол малога і нагадваць яму пра добрыя рэчы ў звычайным жыцці. Няважна, праз што прайшло дзіця, — трэба канцэнтравацца на гэтых добрых рэчах і ўвесь час падкрэсліваць для яго, што ў свеце ёсць і іншы бок.
Псіхалагічная дапамога: Якія думкі, дзеянні і звычкі дапамагаюць дачакацца любімых