viasna on patreon

«Гэтыя затрыманні і накіраваныя на тое, каб ламаць людзей», — жыхар Расонаў пра ўмовы ўтрымання ў віцебскім ІЧУ

2022 2022-04-29T18:13:00+0300 2022-04-29T18:27:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/okrestina_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сярэдзіне сакавіка ў гарадскім пасёлку Расоны асудзілі Мікалая Машарскага, якога прызналі вінаватым у закліках да ўдзелу ў акцыі пратэсту 27 лютага. Суд над ім прайшоў, пакуль мужчына знаходзіўся ў Расіі. Рашэнне суддзі пра арышт на 20 сутак Машарскі атрымаў праз паведамленне ў Viber. Праз дзень пасля вяртання ў Беларусь Мікалая затрымалі дома пяцёра сілавікоў у бронекамізэльках. Увесь арышт ён адбываў у віцебскім ізалятары, дзе для арыштаваных паводле «народных» артыкулаў створаны адмысловыя ўмовы. Былы арыштант распавёў «Вясне» пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ, пра збіванне адміністрацыяй «непалітычных» за пратэст і пра тое, як улады Расонаў пераследуюць ягоную сям'ю з палітычных матываў.

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Выклік у РУУС і рашэнне суда атрымаў праз Viber

У асноўны дзень галасавання на рэферэндуме, 27 лютага, Мікалай атрымаў паведамленне ў Viber з РУУС. Яго апавясцілі, што ён павінен прыйсці ў пазначаны час на адрас упраўлення для разбіральніцтваў і складання пратаколу. Аднак у той час ён знаходзіўся ў замежжы, таму адказаў, што прыехаць не можа. Праз некалькі дзён яму прыйшла ўжо позва ў суд Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Пры гэтым ён не даваў тлумачэнні па справе, не быў азнаёмлены з пратаколам і, адпаведна, не падпісваў яго. Мікалай ізноў адказаў сакратару суддзі, што знаходзіцца не ў Беларусі і не зможа прыйсці ў прызначаны час — толькі праз 10 дзён.

У выніку суддзя Рада Дамініч 16 сакавіка разгледзела справу Машарскага ў ягоную адсутнасць, а ў пастанове суда адзначыла, што мужчына «быў належна апавешчаны пра час і месца разгляду справы». Акрамя гэтага, у пастанове сказана, што «Машарскім падчас падрыхтоўкі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні да разгляду заўваг і тлумачэнняў наконт зместу пратаколу не зроблена». Хоць Мікалай не мог азнаёміцца з матэрыяламі справы, таму што не знаходзіўся ў той час у краіне.

Згодна з пратаколам, мужчыну абвінавацілі ў закліках да ўдзелу ў антываеннай акцыі пратэсту 27 лютага, якія ён размясціў на сваёй старонцы ў Facebook за дзень да рэферэндуму. Праз тое, што раней Машарскага ўжо судзілі паводле адміністрацыйнага артыкулу за лозунг «Жыве Беларусь» у Дзень Незалежнасці Беларусі, гэтым разам на яго склалі пратакол паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП за паўторнае правапарушэнне за год.

Ужо па дарозе ў Беларусь Мікалай атрымаў паведамленне з пастановай суда пра тое, што яму прызначылі арышт у выглядзе 20 сутак.

«Гляджу ў акно, а там маскі-шоў: пяць чалавек у касках і бронекамізэльках прыйшлі затрымліваць»

Паводле заканадаўства, адбываць прызначаны судом арышт чалавека могуць забраць у любы момант на працягу года. Але Мікалай пасля вяртання дадому вырашыў самастойна пайсці ў РУУС. Перад гэтым ён збіраўся некалькі дзён пабыць з сям'ёй, прывесці сябе ў парадак пасля дарогі і працы, а таксама падрыхтаваць неабходныя рэчы да ізалятара. Але не паспеў, бо праз дзень да яго прыехалі сілавікі:

«Прыкладна 9:30. Званок у дзверы. Гляджу ў вакно, а там маскі-шоў: пяць чалавек у касках і бронекамізэльках прыйшлі затрымліваць».

Пры гэтым мужчына адзначае, што Расоны — маленькі пасёлак, у якім усе адно аднаго ведаюць і «хавацца» ён не збіраўся. Раніцай дома з мужчынам знаходзілася 5-гадовая дачка. Каб не пакідаць яе адну, супрацоўнікі міліцыі пагадзіліся патэлефанаваць жонцы і папрасіць яе прыехаць дадому.

У паліклініку вадзілі ў кайданках, а ў ізалятар адвезлі за 170 кіламетраў ад дома

Мікалаю дазволілі сабраць з сабой пакет з рэчамі і пасадзілі ў машыну. Спачатку яго даставілі ў мясцовы РАУС, дзе правялі асабісты надгляд. Ва ўпраўленні яго ўтрымлівалі каля пяці гадзін у адзіночнай камеры. Далей яго даставілі для медыцынскага агляду ў мясцовую паліклініку, дзе дзяжурны лекар выдаў даведку аб тым, што Мікалай можа ўтрымлівацца ў ІЧУ. Паводле мужчыны, у паліклініцы яго вадзілі ў кайданках.

«Відавочна, што яны ствараюць такія ўмовы для людзей, каб яны зламаліся і адмовіліся ад сваіх поглядаў. Гэтыя затрыманні і накіраваныя на тое, каб ламаць людзей, каб яны баяліся. Хапаюць людзей на вуліцах і саджаюць, саджаюць, саджаюць…», — адзначае Машарскі.

Па дарозе ў ізалятар Мікалай спрабаваў дазнацца, у які ІЧУ яго вязуць. Сілавікі спачатку сказалі, што ў наваполацкі ізалятар, але пазней стала вядома, што ў віцебскі — прыкладна ў 170 кіламетрах ад Расонаў.

Адзін з сукамернікаў — мінчук, затрыманы за антываенную акцыю, які праз арышт прапусціў сваё вяселле

Мікалая ў ізалятар прывезлі перад вячэрай, але ў спісах на «атрыманне» порцыі ежы мужчыны не было, таму наступным разам яго пакармілі толькі раніцай.

За час адбыцця арышту мужчына паспеў змяніць тры камеры. У першай з ім сядзелі двое мінчукоў, якія прыехалі на выхадныя ў Полацк. Там яны сфатаграфаваліся побач з адміністрацыйным будынкам з плакатам «Не вайне», пасля чаго іх затрымалі і арыштавалі. Вядома, што ў аднаго з хлопцаў мелася быць вяселле праз тыдзень. У гэтай жа камеры з Мікалаем адбываў тэрмін і віцебскі актывіст Барыс Хамайда.

Як адзначае Машарскі, «палітычныя» арыштанты ў ізалятары мусілі скручваць удзень матрацы, таму сядзець даводзілася на металічных рашотках. Мужчыны падсцілалі коўдры днём, каб зручней было сядзець, але, калі дзяжурныя былі «не ў гуморы», рабіць гэта было таксама забаронена.

Дзяжурныя ізалятара збілі «непалітычных» арыштантаў за патрабаванне не пагаршаць умовы ўтрымання

У другую камеру іх перавялі разам з Барысам Хамайдой на два дні. Там з імі сядзеў, як мяркуе Мікалай, «падсадны» сукамернік, які ўвесь час цікавіўся палітычнымі поглядамі арыштантаў.

У трэцяй камеры Мікалай адбываў вялікую частку свайго тэрміна. Яго перавялі туды адразу пасля інцыдэнту, пра які яму распавялі сукамернікі. Яны казалі, што супраць «непалітычных» арыштантаў ужываліся тыя ж абмежаванні, што і для затрыманых паводле «народных» артыкулаў: удзень забаронена сядзець на матрацах і час ад часу забаранялі курыць. Праз гэта «непалітычныя» вырашылі выказаць свой пратэст супраць новых правіл. Дзяжурным гэта прыйшлося не да спадобы, таму яны выцягнулі арыштантаў на калідор і пачалі іх моцна збіваць. Праз чатыры дні пасля інцыдэнту, калі Мікалая ўжо перавялі ў гэтую камеру, сінякі ў сукамернікаў былі заўважныя на твары і ўсім целе. Акрамя гэтага, аднаму арыштанту, згодна з ягонымі словамі, пагражалі акунуць галавой ва ўнітаз і «апусціць». Таму ён напісаў скаргу на збіванне і заяву пра тое, што ён абвяшчае галадоўку. Пры гэтым адміністрацыя адмовілася адвесці яго на медыцынскі агляд, каб зафіксаваць факт збівання.

Мікалай узгадвае, што некалькі дзён у ІЧУ была «праверка», таму арыштантам было дазволена нават сядзець удзень на матрацах. Перадачы для затрыманых у Віцебску прымалі, на шпацыр і ў душ іх перыядычна выводзілі. Але медыцынская дапамога там амаль не аказваецца: неабходных лекаў няма, а ціск затрыманым вымяраюць праз «кармушку». Акрамя гэтага, затрыманых начамі будзілі на «пераклічку».

Аднаго з сукамернікаў асудзілі за словы «Жыве Украіна»

Былы арыштант распавёў, за што затрымлівалі ягоных сукамернікаў:

«Быў хлопец, якога затрымалі за тату са "свастыкай" на руцэ. Ён раней сядзеў паводле крымінальных артыкулаў. Яму далі 10 сутак за здымак у "ВКонтакте", на якім ён быў выяўлены без майкі. А здымак быў размешчаны яшчэ ў 2009 годзе на старонцы ягонай сяброўкі. У яго была зламаная прамянёвая костка ў руцэ, але, тым не менш, яго з гіпсам пасадзілі на "суткі".

Быў яшчэ Ігар з намі, можа бяздомны. Ён сядзіць яшчэ з 16 верасня мінулага году ў ІЧУ. Невядома, колькі ў яго «сутачных» тэрмінаў, напэўна, за крадзеж у прадуктовых крамах. Факт у тым, што ён сядзіць даволі працяглы адрэзак часу. Яго ўжо неаднаразова вывозілі на хуткай з ізалятара, але ён адтуль заўсёды збягае. Але кожныя ўцёкі сканчаюць крадзяжом і яго зноў забіраюць.

Быў яшчэ хлопец, якога першапачаткова бабуля родная «здала». Ён «адзначыў» свой Дзень народзінаў, ёй гэта не спадабалася, таму выклікала міліцыю. Потым яна перадумала і напісала на прымірэнне. Але ў РУУС, пакуль ён сядзеў і чакаў пратакол, паспеў разбіць дзверы і плафон. У выніку яго затрымалі на 72 гадзіны, а потым аштрафавалі на дзве базавыя, але не выпусцілі. Ён пачаў пытацца, чаму яго не выпускаюць, а яму адказалі, што цяпер ён затрыманы паводле палітычнага артыкулу. За час арышту да яго прыходзіў участковы на гутарку і цікавіўся, наколькі ён палітычна актыўны. Ён сказаў, што не актыўны. Пратакол яму нават не паказвалі, а ўвечары толькі прынеслі копію пратаколу затрымання. Праз шэсць сутак яго выпусцілі. Яго выпусцілі, а потым прыкладна праз два дні ён ізноў да нас трапляе ў камеру. Яго ўжо асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне. Згодна з ягонымі словамі, яго асудзілі за тое, што на медыцынскім аглядзе на відэа сказаў: «Жыве Украіна». Яму за гэта далі 10 сутак з улікам апошніх трох адседжаных дзён».

Падчас першага затрымання Мікалая збілі і затрымалі на вачах у дзяцей

Гэта ўжо другі арышт Мікалая паводле адміністрацыйнага «палітычнага» артыкулу. Першы пратакол на Машарскага склалі за «пікетаванне» ў Дзень Незалежнасці Беларусі ў 2021 годзе. Позна ўвечары Мікалай з сям'ёй выйшлі на галоўную плошчу, каб паглядзець на салют, арганізаваны ўладамі горада ў гонар свята, але ў выніку быў збіты і арыштаваны.

«Прыйшлі на салют у прызначаны імі дзень — Дзень Незалежнасці. Я там расчуліўся, крыкнуў «Жыве Беларусь». Я не хаваўся, супрацоўнікі стаялі ў некалькіх метрах ад мяне. Я ішоў міма іх, у мяне ў руках быў дзіцячы веласіпедзік, як вазок, але гэта не перашкодзіла ім аказаць супраць мяне сілавыя дзеянні на вачах ва ўсіх.

Мяне затрымлівалі жорстка: палова твару счасаная, потым ноч трымалі ў кайданках у ізалятары, ёсць у іх там адмысловыя крэслы. З 23:00 да 04.00 мяне трымалі на гэтым крэсле, якое можна аднесці да спецсродкаў, гэтак у мяне рукі моцна спухлі. І я тады медыкам пра гэта сказаў, а яны адказалі, што "Нічога, гэта нармальна"».

Акрамя артыкула за «пікетаванне» на мужчыну склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі» падчас затрымання. Суддзя Алена Елавая прызнала яго вінаватым і пастанавіла арыштаваць Машарскага паводле двух пратаколаў на 15 сутак. Увесь арышт мужчына правёў у адзіночнай камеры наваполацкага ІЧУ, дзе падчас надглядаў і на шпацыры яго вадзілі ў кайданках.

Падчас суда над жонкай Мікалая суддзя публічна асуджаў Машарскага

Праз некаторы час пасля першага арышту Мікалая на ягоную жонку, якая працуе фельчаркай хуткай дапамогі, быў складзены адміністрацыйны пратакол. Суд адбываўся публічна ў лякарні перад усімі работнікамі. Суддзя Алена Елавая, якая ў першы раз судзіла Машарскага, падчас працэсу публічна асуджала Мікалая і нават казала, што ёй трэба з ім разводзіцца. Акрамя гэтага, суддзя папярэдзіла, «каб у асноўны дзень галасавання на рэферэндуме Машарскага не было ў горадзе».

«Уся гэтая эскалацыя вядзе ў тупік з вялікай колькасцю страт для ўсіх — як у асабістым, гэтак і ў глабальным сэнсе для беларускага грамадства, ячэйкай якога з'яўляецца кожная сям'я і кожны грамадзянін са сваімі поглядамі», — мяркуе Мікалай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства