viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-05-16T13:18:28+0300 2022-05-16T16:05:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

“Вясна” атрымала прэмію Фонду «Клуні за справядлівасць»

Прэмія The Albie Awards 2022, якая ўручаецца ўпершыню, названая ў гонар суддзі Албі Сакса, які вядомы сваім гераічным імкненнем пакончыць з апартэідам у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Яе мэта — прыцягнуць увагу да бясстрашных людзей, якія змагаюцца за справядлівасць, нягледзячы на вялікую асабістую рызыку.

«Праваабарончая група была голасам супраціву ў Беларусі на працягу амаль 30 гадоў, ведучы адважную барацьбу за свабоду і дэмакратыю супраць рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі. Напярэдадні і пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года група заплаціла высокую цану за сваю працу: сем членаў “Вясны” былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачваннях, абодва лідары арганізацыі знаходзяцца ў турме», – заявілі арганізатары.

«Вясна» атрымала прэмію The Albie Awards 2022 ад Фонду «Клуні за справядлівасць»

Фонд «Клуні за справядлівасць» быў заснаваны ў канцы 2016 года Джорджам і Амаль Клуні для прасоўвання правасуддзя ў залах суда, аўдыторыях і супольнасцях па ўсім свеце.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч 10 месяцаў за кратамі

10nesiacau_viasna.jpg

14 ліпеня 2021 года да праваабаронцаў і іншых вясноўцаў з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. З таго дня Алесь, Валянцін і Уладзь знаходзяцца у зняволенні, а мінскія офісы “Вясны” апячатаныя — праваабаронцаў абвінавацілі ў “нясплаце падаткаў у буйным памеры”.

Следства па справе яшчэ не завершанае.

Тым часам Валянцін Стэфановіч даслаў з-за кратаў малюнак “KISS-UN-BAND”.

kot_band_valadarka.jpg
Малюнак Валянціна Стэфановіча

Праваабаронца і раней дасылаў сваёй жонцы малюнкі пра прыгоды ката ў турме, але дайшлі яны толькі праз паўгады.

У кастрычніку мы праводзілі конкурс ілюстрацый “Кот на Валадарцы”. Цяпер ініцыятыва “Вольныя паштоўкі” прапаноўваюць гульню па матывах малюнкаў Валянціна: намаляваць новыя прыгоды Кісуна.

“Гэта зусім не цяжка, таму неабавязкова быць прафесійным мастаком ці ілюстратарам. Малюйце алоўкамі, фарбамі, стылусам — чым заўгодна! Стыль таксама не мае значэння. Пераапраніце Кісуна, знайдзіце яму цікавае месца і занятак. Адзінае патрабаванне – павінна быць зразумела, што гэта той самы Кісун, якога прыдумаў Валянцін Стэфановіч”, - падкрэсліваюць арганізатары гульні.

Дзяліцеся вашымі малюнкамі ў сацсетках з тэгамі: #dtiys; #pashtouki; #прыгодыкiсуна.

За мінулы тыдзень не было навінаў ад старшыні "Вясны" Алеся Бяляцкага і юрыста Уладзіміра Лабковіча.

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Павіншуйце валанцёра “Вясны” Андрэя Чапюка з 26-годдзем!

17 траўня палітзняволены валанцёр “Вясны” Андрэй Чапюк адзначыць Дзень народзінаў.

Заклікаем павіншаваць яго! Вы можаце даслаць яму ліст, паштоўку, а таксама пасылку або бандэрольку з рознымі прыемнымі дробязямі ці зрабіць грашовы перавод.

Былы сукамернік Чапюка праваабаронца Алег Граблеўскі нядаўна распавёў “Вясне”, як Андрэй жыве на Валадарцы. Граблеўскі патрапіў ў СІЗА-1 на пачатку лютага 2021 г. і правёў там амаль паўгода, большую частку — у адной камеры з Чапюком:

“У яго ўжо быў досвед, таму ён мной апекаваўся: вучыў розным рэчам карысным. Падыходзіў да мяне і ўсё пытаўся: можа, што трэба? можа, чаго не хапае?

Спорт, рэжым і бабуліны “шкарпэтоны”. Як жыве Андрэй Чапюк на Валадарцы?

Як жыве Андрэй Чапюк на Валадарцы? Успамінамі пра гэта Алег Граблеўскі падзяліўся з “Вясной”.

Нагадаем, Андрэя затрымалі 2 кастрычніка 2020 года — з тых часоў хлопец знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Дасылайце віншаванні Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Марфа Рабкова больш за 600 дзён у зняволенні

marfa_600.jpg

Каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова была затрымана 17 верасня 2020 года. Праваабаронцу абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў, ёй пагражае да 20 гадоў зняволення.

Суд над Марфай і яшчэ 9 палітвязнямі пачаўся 25 красавіка, аднак у той жа дзень яго зрабілі закрытым. Што цяпер адбываецца за закрытымі дзвярыма - невядома. 

"Настоящее время" апублікавала вялікі матэрыял пра Марфу Рабкову, дзе распавяло пра тое, што дзяўчына паспела перажыць за некалькі гадоў праваабарончай дзейнасці і паўтара года крымінальнага пераследу. 

"У судзе так захацелася дадому!" Расказваем пра справу Марфы Рабковай

У Беларусі судзяць каардынатарку Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" Марфу Рабкову. Па тых 11 артыкулах, якія ставяць у віну 27-гадовай Марфе, ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Яна ўжо правяла за кратамі больш за паўтара года, за гэты час у дзяўчыны моцна пагоршылася здароўе.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай

За мінулы тыдзень не  было навінаў ад кіраўніка Гомельскага аддзялення «Вясны» Леаніда Судаленкі. Вядома, што да яго па-ранейшаму не дапускаюць адваката. 

Падтрымайце Леаніда:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Пасля пераводу ў калонію ад валанцёркі з Рэчыцы Таццяны Ласіцы лісты даходзяць толькі яе бацьку.

Падтрымайце Таццяну:

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Як падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства