viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-05-23T14:34:21+0300 2022-05-23T14:40:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/poster2_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

У розных гарадах і краінах свету 21 траўня прайшоў Дзень палітвязня, абвешчаны праваабаронцамі "Вясны" ў гадавіну гібелі ў шклоўскай калоніі актывіста Вітольда Ашурка. 

Акцыі салідарнасці па ўсім свеце: як прайшоў Дзень палітвязня ў Беларусі

21 траўня акцыі памяці з загінулым у калоніі Вітольдам Ашуркам і салідарнасці з больш чым 1200 палітзняволенымі прайшлі ў розных гарадах і краінах свету.

den_palitviaznia20.jpg
Алесь Бяляцкі і Дірк Шубель. Фота з сацсетак

Амбасадар Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель напісаў адкрыты ліст на сваёй старонцы ў фэйсбуку, у якім ўзгадаў зняволеных "вясноўцаў":

“Сёння, у абвешчаны праваабаронцамі Дзень палітвязня ў Беларусі, я бы хацеў звярнуцца, у першую чаргу, да нашых шаноўных сяброў вясноўцаў. Алесь, Валянцін, Марфа, Уладзімір, Леанід, Таццяна, Андрэй, вы шмат гадоў прысвячаеце сябе абароне фундаментальных каштоўнасцяў чалавецтва, настойваеце на павазе свабод і правоў сваіх суграмадзян, змагаецеся за Беларусь, у якой панавала б вяршэнства права ды існавала б магчымасць адкрыта выказваць думкі, не асцерагаючыся арышту. Вы дапамагалі палітзняволеным і іх сем’ям, не зважаючы на рызыку для сябе, і на працягу доўгіх месяцаў вы самі ў статусе палітычных зняволеных, як і многія сотні вашых суайчыннікаў. Сёння і кожны дзень я, як і мноства людзей у Беларусі і ва ўсім свеце, думаю пра вас і ўсім сэрцам жадаю, каб усе палітвязні Беларусі хутка апынуліся на волі і ў бяспецы. Як Амбасадар ЕС у Беларусі я буду разам з маёй камандай у Прадстаўніцтве ЕС у Мінску надалей рабіць усё, што ў нашых сілах, каб гэтае жаданне выканалася”.

Валянцін Стэфановіч з-за кратаў: «Перадаю прывітанні праз чаек»

Палітзняволены праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч у адным з лістоў на волю падзяліўся сваім метадам перадаваць прывітанні на волю:

"Настрой у асноўным у мяне добры. Канечне, часам находзіць, чаго тут хаваць. Самае цяжкае — гэта ўласна сама ізаляцыя. Ты раптам згубіў магчымасць ісці, куды хочаш, гуляць па вуліцы, бачыцца са сваімі роднымі і сябрамі. І гэта вось самае цяжкае.

Я ўжо забыў, як выглядае траўка, дрэўцы. Магу бачыць толькі неба ды сваіх сябровак-чаек. Я перадаю праз іх свае прывітанні сваім дарагім людзям. Птушкі, яны вольныя, ім не вядомыя дзяржаўныя месцы, турмы і ваенкаматы".

За мінулы тыдзень не было навінаў ад старшыні "Вясны" Алеся Бяляцкага і юрыста Уладзіміра Лабковіча.

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Марфа Рабкова «наведала» мастацкую галерэю ў Лондане

Выяву Марфы ў Tate Modern (Сучасная галерэя Тэйт) узяў з сабой чалавек, які хацеў такім чынам падтрымаць праваабаронцу у Дзень палітвязня

У галерэі праходзіла выстава сюрэалістаў, якія ў свой час змагаліся за свабоду для мастацтва і чалавецтва.

Amnesty International Polska сабрала больш за 5000 подпісаў пад петыцыяй за вызваленне Марфы Рабковай.

Іх аднеслі ў беларускую амбасаду.

Андрэй Чапюк адзначыў сваё 26-годдзе за кратамі

17 траўня палітзняволены валанцёр “Вясны” Андрэй Чапюк сустрэў свой 26-ы Дзень народзінаў у СІЗА-1.

Старэйшы саветнік Фонда Дамоў правоў чалавека Ане Тусвік Бондэ запісала відэазварот і віншаванні для Андрэя. 

Працягваецца суд над Марфай Рабковай і Андрэем Чапюком

Амаль месяц як у Мінгарсудзе ідзе суд над каардынатаркай Валанцёрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком і васьмю палітзняволенымі актывістамі анархісцкага руху. Справу разглядае суддзя Сяргей Хрыпач, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Раман Бізюк.

Усіх палітзняволеных агулам абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Траіх з іх, у тым ліку Марфу, СК характарызуе як "арганізатараў і кіраўнікоў шэрага арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са саімі лідарамі". Суд у першы дзень зрабілі закрытым. У справе 160 тамоў. Вядома, што цяпер дапытваюць сведак па справе.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

За мінулы тыдзень не  было навінаў ад кіраўніка Гомельскага аддзялення «Вясны» Леаніда Судаленкі.

Падтрымайце Леаніда:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Пасля пераводу ў калонію ад валанцёркі з Рэчыцы Таццяны Ласіцы лісты даходзяць толькі яе бацьку.

Падтрымайце Таццяну:

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Як падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства