22 гады калоніі прызначылі Вячаславу Малейчуку за "падрыхтоўку тэрактаў" на леташні Дзень Волі
30 траўня ў Мінскім абласным судзе агучылі прысуд 37-гадоваму ўраджэнцу Піншчыны Вячаславу Малейчуку па "факце арганізацыі 25 сакавіка 2021 актаў тэрарызму ў гарадах Барысаве і Мінск". Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 289, ч. 1 арт. 13 ч. 3 арт. 289 (падрыхтоўка і замах на акт тэрарызму), ч. 3 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанне гаручых рэчываў). Судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Арэшкі прызначыла яму пакаранне ў выглядзе 22 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрасіў на судзе прадстаўнік Генеральнай пракуратуры. Суд доўжыўся ў закрытым рэжыме тры тыдні.
Нагадаем, 26 сакавіка 2021 года МУС заявіла, што прадухіліла тэракты ў Чыжоўцы і ў вайсковай частцы ў Печах. На відэа паказалі Малейчука, які казаў, што атрымаў загад ад кагосьці з "BYPOL". Са словаў Вячаслава на відэа вынікае, што ў яго быў саўдзельнік Яўген, але судзілі аднаго Малейчука. Вячаслаў са дня затрымання знаходзіцца пад вартай.
Адразу ж пасля затрымання Малейчук расказвае на камеру пра тое, што мэтай "тэракта" было "выражэнне грамадзянскай пазіцыі". Блізкія мужчыны звярнулі ўвагу "Еўрарадыё" на нехарактэрныя для яго сухія пратакольныя словы і выразы: "произвести взрыв", "изделие", "транспортное средство", "остановочный пункт". А калі аператыўнік пытае яго пра мэту, Малейчук няўпэўнена адказвае: "Ну, напэўна, дэстабілізацыі…" На следчым эксперыменце Малейчуку зноў задаюць пытанні, і ён зноў часта адказвае казённымі фармулёўкамі.
Вядома, што крымінальную справу супраць Малейчука расследвала следчае упраўленне КДБ. Справу ўзбудзіла Генеральная пракуратура. Фігурантамі гэтай справы з'яўляецца не толькі Малейчук, а таксама ўдзельнікі ініцыятывы "BYPOL".
"Устаноўлена, што да супрацьпраўнай дзейнасці названай незарэгістраванай арганізацыі датычныя Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, а таксама 15 грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой.
У якасці абвінавачаных па крымінальнай справе па ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 289 КК Беларусі (акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай) прыцягнуты 18 асобаў. Фігуранты абвешчаныя ў міжнародны вышук", — заяўляў КДБ 2 красавіка мінулага году.
Пасля затрымання КДБ унёс Вячаслава і астатніх фігурантаў гэтай справы ў спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.