Затрыманне за падпіскі, штраф за карагод і «прызнанне» пад прымусам: хроніка пераследу 31 траўня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў. Незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Наталлю Ганчарэнку з Мінска прымусілі «пакаяцца»
У Мінску затрымалі 32-гадовую Наталлю Ганчарэнку. У «пакаяльным відэа» яна «прызнаецца» ў тым, што перакрывала рух транспарту падчас жнівеньскіх акцый пратэсту ў 2020 годзе, была падпісаныя на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама зарэгістравалася ў плане «Перамога».
У Віцебску падманам арыштавалі Ігара Кашлача
У Віцебску за падпіску на «экстрэмісцкія інфармацыйныя крыніцы» затрымалі Ігара Кашлача. Ёсць дадзеныя, што цяпер ён знаходзіцца ў Кастрычніцкім РАУС Віцебска, куды затрыманы прыйшоў сам, бо першапачаткова яго выклікалі туды, каб апытаць з нагоды асацыяльных і амаральных паводзінаў суседзяў з ягонага ж пад'езда.
Вольгу Елісееву аштрафавалі за ўдзел у карагодзе і канфіскавалі тэлефон
Стала вядома, што маці шасцярых дзяцей Вольгу Елісееву пасля двух сутак утрымання ў ІЧУ аштрафавалі на 10 базавых велічынь і канфіскавалі тэлефон. Нагадаем, у суботу беларусы, якія захапляюцца старажытнымі абрадамі, сабраліся на беразе Дняпра, каб правесці паганскі баявы карагод, але ім перашкодзіў АМАП. Было затрымана 6 мужчын і 14 жанчын, сярод якіх была і Вольга Елісеева.
Затрымалі тыктокера Андрэя Багадзяжа
Пра затрыманне 23-гадовага хлопца паведаміла «Наша Ніва». Прычына затрымання Андрэя Багадзяжа - палітычны кантэнт і дэманстрацыя цішоткі з Пагоняй. Назва яго Тыктока і колькасць ягоных падпісантаў нявядомыя. Вядома толькі, што хлопец гадаваўся ў адной з SOS-дзіцячых вёсак: гэта дзіцячы дом сямейнага тыпу. На відэа, апублікаваным на праўладных каналах, хлопец вельмі напужаны. Сілавікі прымушаюць яго «каяцца» і казаць «працуйце, браты».
Папоўніўся спіс экстрэмістаў
МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» telegram-чат «МАЗ 97%». Згодна з інфармацыяй ведамства, у яго структуру таксама ўваходзіць telegram-чат «МАЗ для жизни».
У гэты ж спіс папалі інтэрнэт-рэсурсы «Черная книга Беларуси» і «Каратели Беларуси».
Таксама «экстрэмісцкімі фармаваннямі» былі прызнаныя тэлеграм-канал «ВСЕ НАРУШЕНИЯ» і youtube-канал «Дзікае паляванне».