Палітвязня Куляшова пакаралі абмежаваннем волі за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 23 чэрвеня вынесены прысуд палітзняволенаму Івану Куляшову. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Юлія Крэпская.
Іван Куляшоў быў затрыманы 26 красавіка 2022 года і да суда змешчаны ў СІЗА № 1 Мінска.
Пра Куляшова вядома, што ён нарадзіўся ў Салігорску, скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і працаваў у Мінску.
Суд прызнаў 32-гадовага мужчыну вінаватым у актыўным удзеле ў адной з несанкцыянаваных акцый пратэсту у паслявыбарчы перыяд у Мінску і пакараў абмежаваннем волі ва ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.
У гэтым жа самым судовым працэсе разглядалася аналагічная крымінальная справа Марыны Паповай, аднак, які прысуд вынеслі жанчыне — пакуль невядома.