viasna on patreon

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 13 палітычных зняволеных

2022 2022-06-29T17:18:08+0300 2022-06-29T17:38:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marsh_minsk_06.08.20205.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

29 чэрвеня 2022 г.

У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў, звязаных з пазбаўленнем волі па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") у дачыненні да Наталлі Ганчарэнка, Веры Валністай, Вольгі Цыбульскай, Аляксандра Фралова, Кацярыны Філіпені, Дзяніса Вяткіна, Арцёма Астапенкі, Дзяніса Шарамецьева, Святланы Шарамецьевай, Аляксандра Дземідовіча, Віталя Багамазава, Анжалікі Ярмак, Анастасіі Ганчарэвіч, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Затрыманне і зняволенне шэрагу асобаў з'явілася следствам палітыкі падаўлення антываенных выступаў і пратэстаў пасля ваеннага ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

Таксама мы адзначаем, што ва ўмовах глыбокага крызісу правоў чалавека недапушчальна выкарыстоўваць інструменты крымінальнага пераследу для далейшага абмежавання свабоды выказвання меркаванняў.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць Наталлю Ганчарэнка, Веру Валністую, Вольгу Цыбульскую, Аляксандра Фралова, Кацярыну Філіпеню, Дзяніса Вяткіна, Арцёма Вяткіна, Дзяніса Шарамецьева, Святлану Шарамецьеву, Аляксандра Дземідовіча, Віталя Багамазава, Анжаліку Ярмак, Анастасію Ганчарэвіч, спыніць іх крымінальны пераслед.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, перагледзець палітычна матываваныя справы і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Human Constanta;

Lawterend;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі ПЭН;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства