За выраз "Без Лукашэнкі!" у адрас пікета БРСМ мужчыну асудзілі да 1,5 гадоў "хіміі"
30 чэрвеня у судзе Ленінскага раёна Брэста да 1,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем ў ПУАТ — "хіміі" — асудзілі 48-гадовага жыхара Жабінкі Вячаслава Бычынскага. Ягоную справу разгледзеў суддзя Дзмітрый Шурын. Ён прызнаў мужчыну вінаватым паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса.
Вядома, што да суда мужчына знаходзіўся пад хатнім арыштам.
Бычынскага прызналі вінаватым у тым, што ён сарваў пікет супраць дзеянняў польскіх уладаў па зносу помнікаў воінам-вызваляльнікам часоў вайны 1941-45 гг. Яго 19 красавіка 2022 года праводзілі актывісты мясцовага БРСМ каля консульства Польшчы ў Брэсце. У прыватнасці, бок дзяржабвінавачання быў упэўнены, што Бычынскі груба парушаў грамадскі парадак і выказваў відавочную непавагу да грамадства, дзейнічаючы з выключным цынізмам. У тым ліку, ён выкрыкваў "зневажальныя" выказванні, а таксама "рэплікі з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі ў бок удзельнікаў пікета".
Вядома, што праходзячы міма пікета, на якім актывісты крычалі "Мы гордимся, мы помним", мужчына выкрыкнуў "Без Лукашэнкі!".