viasna on patreon

З 20-га сакавіка ўсе друкаваныя і электронныя СМІ павінны будуць увесці новыя рубрыкі і цыклы перадач "па пытаннях умацавання грамадскай бяспекі і дысцыпліны", а таксама "сістэматычна асвятляць арганізатарскую і выхаваўчую працу па павышэнні працоўнай дысцыпліны".

2004 2004-03-15T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта гаворыцца ў Дырэктыве №1 "Аб захадах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны", якую кіраўнік дзяржавы выдаў 11-га сакавіка.
Дырэктыва таксама абавязвае медыі асвятляць тэмы аховы працы і тэхнікі бяспекі, рацыянальнага выкарыстання прыродных і энергетычных рэсурсаў, распавядаць пра "працу па навядзенні грамадскага парадку", прафілактыку п'янства і алкагалізму (у тым ліку, сярод удзельнікаў дарожнага руху), а таксама "выключыць прапаганду жорсткасці, гвалту і іншых амаральных праяваў". Кантраляваць працэс даручана Міністэрству інфармацыі.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (далей -- БАЖ) пацікавілася, што думаюць пра Дырэктыву беларускія журналісты.
Галоўны рэдактар штотыднёвіка "Белорусский рынок" Вечаслаў Хадасоўскі ўпэўнены, што дзеянне новага дакумента будзе распаўсюджвацца толькі на дзяржаўныя СМІ і ніяк не паўплывае не працу недзяржаўных. На пытанне, як ён ацэньвае змест самога дакумента, журналіст зазначыў, што "гэта не першае і не апошняе глупства".
Галоўны рэдактар газеты "Салідарнасць" Аляксандр Старыкевіч дапускае, што дырэктыва будзе датычыць усіх выданняў, незалежна ад формы іх уласнасці, бо ў тэксце дакумента пра гэта нічога не сказана. Што ж тычыцца стаўлення да зместу дырэктывы, то супрацоўнікі "Салідарнасці" выказалі яго 12-га сакавіка, распіўшы раніцай пляшку шампанскага. "Звычайна мы гэтага не робім, але гэта была наша своеасаблівая акцыя пратэсту", - кажа А. Старыкевіч. Ён заяўляе, што, калі ў "Салідарнасці" калі-небудзь і з'явіцца рубрыка пра "прафілактыку" альбо "павышэнне", то ў такім выглядзе, што ўлады "самі папросяць яе прыбраць".
Кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў звяртае ўвагу на тое, што А. Лукашэнка ўпершыню выкарыстаў такую форму нарматыўнага акту як дырэктыва. "Дырэктывы - гэта акты надзвычайнага характару, якія прымаюцца толькі ў перыяды ваеннага альбо надзвычайнага стану, -- адзначае М. Пастухоў. -- Складана ўявіць, чым прадыктавана неабходнасць прыняцця менавіта такога тыпу дакумента ў Беларусі - асабліва на тле апошніх падзей у свеце".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства