#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"
Сабралі навіны пра "вясноўцаў", што знаходзяцца за кратамі.
Стала вядома, што тром палітзняволеным вясноўцам — Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу — падоўжылі меру стрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы.
Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміла жонка Валянціна — Аліна Стэфановіч. Праваабаронцы застаюцца за кратамі да 14 кастрычніка.
Нагадаем, 14 ліпеня споўніўся год, як старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА за сваю праваабарончую дзейнасць.
Год за кратамі. Як прайшоў вечар салідарнасці с затрыманымі праваабаронцамі “Вясны”
Валянцін Стэфановіч зноў вылучаны на пасаду віцэ-прэзідэнта FIDH
На пачатку ліпеня юрыст "Вясны" Павел Сапелка прыняў удзел у сустрэчы міжнароднага бюро Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) у Парыжы.
Падчас мерапрыемства віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча вылучылі на гэтую пасаду на наступны тэрмін. Яго кандыдатуру падтрымалі прадстаўнікі Арменіі, Перу, Батсваны, Фінляндыі, Бельгіі, Кыргызстану. Кангрэс і выбары ў Міжнародную раду FIDH пройдуць восенню гэтага года.
Уладзімір Лабковіч: "Такім чынам я атрымліваю ад Вас сігнал, што Вы побач"
Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч у лісце на волю паведаміў, што ў яго сапсаваўся зрок і вельмі баляць вочы. Таксама ён напісаў, што праз блакаванне ліставання, пасылкі і грашовыя пераводы сталі моцнай падтрымкай звонку:
"Атрымаў цудоўную пасылку, дзе былі вяленыя памідоркі. Гэта так міла. Дзякуй велізарны. Вельмі яны мне падабаюцца. Мы іх адклалі, а калі будзем рабіць пасту, то дадамо іх туды. Бывае, што мы песцім сябе і гатуем пасту, амаль як дома. Але самае галоўнае — гэта тое, што такія пасылкі, альбо грашовыя пераводы, падобныя на лісты. Такім чынам я атрымліваю ад вас сігнал, што вы побач, што думаеце пра мяне. Гэта вельмі мяне падтрымлівае".
"Непражытае жыццё" вясноўцаў
Ілюстрацыі з выявамі Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча былі намаляваныя ў межах праекту "Непражытае жыццё" да гадавіны зняволення праваабаронцаў.
Валянцін Стэфановіч мог бы наведаць канцэрт Rolling Stones, прысвечаны 60-годдзю гурта.
Валянцін вядомы аматар року, ён нават сам выглядае, як рок-зорка. Раней ён часта ездзіў на канцэрты з сябрамі, але зараз ён ужо год сядзіць у СІЗА і ўжо не застане 60-ы юбілей культавага гурта.
Уладзімір Лабковіч не змог адсвяткаваць разам з сям'ёй восьмы дзень народзінаў сваіх сыноў-блізнятаў.
Уладзя дома чакаюць жонка Ніна, дачка Адэля і два сыны — Адам і Ян. Уладзімір намагаецца выхоўваць дзетак праз лісты: цікавіцца справамі, дае парады, піша для іх казкі, разважанні і словы падтрымкі. Але восем гадоў бывае толькі адзін раз у жыцці, і гэты раз святкаванне дня народзінаў сыноў-блізнятаў было незваротна страчана праз рэпрэсіўную сістэму.
За год у няволі ў Алеся Бяляцкага не атрымалася назіраць як растуць кветкі, якія ён пасадзіў на лецішчы.
Алесь захапляецца кветкамі і кожны год вырошчвае ў сваім садзе ружы, півоні, лілеі. Увесну 2021 года ён таксама пасадзіў прыгожыя кветкі, але растуць яны ўжо без яго.
Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
Працягваецца суд над Марфай Рабковай і Андрэем Чапюком
Трэці месяц запар у Мінскім гарадскім судзе цягнецца судовы працэс над каардынатаркай Валанцёрскай службы "Вясны" Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі.
Суд у першы ж дзень зрабілі закрытым, таму ніякіх падрабязнасцяў няма. Ужо адбылося больш за 45 пасяджэнняў. Справу разглядае суддзя Сяргей Хрыпач, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Раман Бізюк.
Усіх палітзняволеных агулам абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Траіх з іх, у тым ліку Марфу, Следчы камітэт характарызуе як "арганізатараў і кіраўнікоў шэрага арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваімі лідарамі".
У справе больш за 160 тамоў, Марфе пагражае да 20 год зняволення, Андрэю - да васьмі.
Партрэт Марфы Рабкой з'явіўся на вышыні 3000 метраў
Падчас падарожжа праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук размясціла налепку з партрэтам Марфы Рабковай на турыстычным стэндзе гары Казбек.
Яна адзначыла:
"Як калісьці сказаў вядомы вандроўнік Хрыстафер МакКэндлес, "у нашай свядомасці свабода асацыюецца з уцёкамі ад мінулага, ад прыгнятання і законаў, ад назойлівых абавязальніцтваў. Абсалютная свабода".
Але за апошнія гады я ўпэўнілася ў тым, што адзінае, ад чаго немагчыма збегчы — гэта ад уласных думак. Нават (асабліва) апынуўшыся ва ўмовах абсалютнай свабоды, твае думкі толькі з тымі, каго несправядліва пазбавілі яе. Асіліўшы 3000 метраў вышыні па гарах, ты крычыш ад бяссілля, бо за кратамі ў гэтую хвіліну знаходзіцца 1255 палітвязняў, з іх сем — твае калегі і каляжанкі. У той жа час, як пішуць палітвязні ў лістах, апынуўшыся за кратамі, ты можаш адчуваць сябе самым свабодным чалавекам. Такі парадокс.
На маім тэлефоне ўвесь час знаходзіцца налепка з Марфай. Яе позірк мяне супакойвае і надае ўпэўненасці там, дзе ўжо надзею трэба шкрэбаць са дна.
Гэты фотаздымак Марфы са стыкера я зрабіла ў мінскім скверы імя Адама Міцкевіча незадоўга да яе затрымання, калі мы адносілі перадачы палітвязням у СІЗА-1. І вось Марфа на «Валадарцы» ўжо 1 год і 10 месяцаў. Калі я ўбачыла свежае фота з суда Марфы, то мяне ўразіў гэты ўпэўнены позірк. Гэта дакладна не позірк чалавека, якога адвольна ўтрымліваюць за кратамі больш за паўтары гады. Гэта позірк абсалютна свабоднага чалавека. Душой і думкамі.
Цяпер гэты позірк будзе падтрымліваць валацуг і вандроўнікаў на шляху да лядніка Гергеці і гары Казбек.
Свабоду Марфе Рабковай!"
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
Партрэт валанцёркі "Вясны" Таццяны Ласіцы быў створаны мастачкай Ганнай Татур у межах ініцыятывы “Палітвязынкі”, які прысвечаны палітзняволеным жанчынам у Беларусі.
Падтрымайце лістамі і паштоўкамі кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленку і яго памочніцу Таццяну Ласіцу, якія адбываюць пакаранне ў калоніях тэрмінам тры і два з паловай гады адпаведна. Пасля пераводу ў папраўчыя ўстановы ліставанне з імі значна пагоршылася.
Пішыце Леаніду і Таццяне:ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Леаніду Леанідавічу Судаленку ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 Таццяне Леанідаўне Ласіцы |
Імпрэза "Палітзняволеная літаратура" прайшла ў Лодзі
23 ліпеня ў межах Дзён беларускай культуры, арганізаваных Беларускай Радай культуры, Фонд "Беларусы ў Лодзі" зладзіў імпрэзу, прысвечаную літаратуры беларускіх палітвязняў.
У межах мерапрыемства прайшоў форум-спектакль "Цэнзар" і сумеснае напісанне лістоў палітвязням, выкананне твораў палітзняволеных; дыскусія "Феномен беларускай палітзняволенай літаратуры ў кантэксце часу і сусветнага мастацтва" з удзелам прадстаўніцы ПЦ "Вясна" Алены Лапцёнак, прадстаўніка Беларускага ПЭНа Андрэя Хадановіча, метадолага, незалежнага эксперта ў галіне адукацыі Святланы Мацкевіч; а таксама канцэрт, прысвечаны творам палітвязняў і людзей мастацтва, якія прайшлі праз сістэму рэпрэсій у Беларусі, з удзелам Юрыя Стыльскага і гурта Разбітае Сэрца Пацана.
Імпрэза ў відэазапісы
Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.
6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org