viasna on patreon

ГУБАЗ прыйшоў з ператрусам за каментары, а знайшоў гашыш. Жыхара Баранавічаў асудзілі за "абразу" міліцыянтаў, суддзі і абарот наркотыкаў

2022 2022-07-27T09:53:45+0300 2022-07-27T09:56:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/baranavichy-sud-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 22 ліпеня асудзілі двух калег з авіярамонтнага заводу: 31-гадовага Яўгена Ярмака і 27-гадовага Юрыя Азімку. У сярэдзіне сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа зладзілі "рэйд" у Баранавічах: у мясцовых праводзілі ператрусы, іх кідалі на "суткі" за "экстрэмісцкія рэпосты і падпіскі", прапаноўвалі здаць "біяматэрыял". Так 11 сакавіка яны прыйшлі за каментары ў "Карніках" да Ярмака. Падчас ператрусу ў яго знайшлі гашыш. Яўген расказаў, што набыў яго для сябе і свайго калегі Юрыя, з якім раней неаднаразова ўжываў яго. Ярмака затрымалі і змясцілі пад варту, паставіўшы яму ў віну артыкулы за абразу чатырох міліцыянтаў, суддзі і незаконны абарот наркотыкаў (арт. 369, 391, ч. 1 і 2 арт. 328 КК). Ягонага калегу Юрыя не затрымлівалі, але таксама асудзілі паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Аксана Копач прызначыла Яўгену Ярмаку пяць гадоў калоніі са штрафам у 3 200 рублёў і маральнай кампенсацыяй пацярпелым, а Юрыю Азімку два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").

Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы
Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы

У чым абвінавацілі калег? 

Згодна з версіяй абвінавачвання, Яўген Ярмак з 25 кастрычніка па 15 снежня 2020 года ў чаце "Чат групы Карнікі", "усведамляючы публічны і зневажальны характар сваіх выказванняў, з мэтай нанясення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады і кіраванню", размясціў каментары, адрасаваныя прадстаўнікам улады: міліцыянтцы аператыўнай роты АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама Мазуркевіч, міліцыянту 9 узвода 3 аператыўнай роты АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Хадаронку, міліцыянту РППС Бабруйскага гарвыканкама Сакуну, участковаму інспектару міліцыі УУС адміністрацыі Ленінскага раёна горада Брэста Няхалкіну, "якія супярэчаць агульначалавечай маралі і вызначаным правілам зносін паміж людзьмі, зневажаюць іх гонар і годнасць як асоб, выяўленыя ў непрыстойнай форме". Пад здымкам гродзенскай міліцыянткі Мазуркевіч ён пакінуў каментар: "Какая же страшная баба, челку чешет, как у батьки, волос почти нет", пад фотавыявай брэсцкага Няхалкіна: "Жирная [нецэнзурны выраз], хоть маску бы одел, не позорился", пад здымкам супрацоўніка мінскага АМАПа Хадаронка: "На крайних двух фото у бабы даунское лицо, а у чела на крайнем", пад фотавыявай бабруйскага міліцыянта Сакуна: "Ну и [нецэнзурны выраз] у этого выродка". Таксама 22 снежня 2020 года пакінуў каментар у дачыненні да суддзі суда Ленінскага раёна горада Мінска Клімчук: "Шмара". Гэтыя дзеянні кваліфікавалі паводле арт. 369 і 391 Крымінальнага кодэкса.

Акрамя гэтага, Ярмаку інкрымінавалі першую і другую часткі арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне, перавозка і незаконны збыт наркатычных сродкаў, незаконныя без мэты збыту набыццё і захоўванне наркатычнага сродку). Так, у адзін з дзён у перыяд з 8 па 11 сакавіка 2022 года, "маючы адзіны намер на незаконнае набыццё, захоўванне з мэтай збыту і збыт наркатычнага сродку, знаходзячыся ў нявысветленым месцы на тэрыторыі горада Баранавічы, дасягнуў дамоўленасці наконт набыцця наркатычнага сродку, пасля чаго ў вышэйпаказаны перыяд часу зрабіў шляхам безнаяўнага пераліку грашовых сродкаў аплату за набываны наркатычны сродак нявысветленай асобе ў суме 260 рублёў. Атрымаўшы ад яе дакладныя звесткі пра месцазнаходжанне схованкі з небяспечным наркатычным сродкам, Ярмак незаконна з мэтай збыту набыў і захоўваў у схованцы ў лесапасадцы недалёка ад вёскі Лесіна Баранавіцкага раёна небяспечны наркатычны сродак гашыш агульнай масай не менш за 1,78 грама". Пасля забраў яго дадому ў горадзе Баранавічы. Раней Азімка перадаў яму 130 рублёў, каб той падзяліў з ім наркатычны сродак. 11 сакавіка 2022 года Ярмак прынёс яго ў мужчынскі гардэроб аднаго з цэхаў "Авіяцыйна-рамонтнага заводу" і аддаў Азімку. Пэўная частка засталася ў Ярмака дома. Зранку 11 сакавіка на месца жыхарства Ярмака прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і знайшлі 1 грам гашышу.

Азімку абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконнае без мэты збыту набыццё і захоўванне наркатычнага сродку гашышу масай 0,78 г).

Яўген Ярмак прызнаў цалкам віну паводле арт. 369, 391 і ч. 1 арт. 328 КК. Паводле ч. 2 арт. 328 КК вінаватым сябе не прызнаў. Юрый Азімка цалкам прызнаў віну і раскаяўся.

Што казаў на судзе абвінавачаны Ярмак? 

"Напісаў гэтыя каментары, таму што паддаўся ўплыву натоўпу, апісанні пад фота былі досыць непрыемныя, у агульных апісаннях зазначалася, што гэтыя супрацоўнікі ўнутраных спраў збівалі людзей... Таксама ў мяне ў той перыяд часу, у той момант, досыць цяжкае растанне з дзяўчынай было, і гэта таксама паўплывала пэўным чынам на тое, што я ажыццявіў гэтыя дзеянні, у чым цяпер вельмі раскайваюся, мне сорамна за ўсё гэта. Я больш не буду ажыццяўляць крымінальна каральныя дзеянні", патлумачыў на судзе Ярмак.

Пацярпелыя супрацоўнікі міліцыі і суддзя не з'явіліся на суд, але завочна заявілі пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды ў агульнай суме на сем тысяч рублёў (больш за ўсё заявіў суддзя Клімчук на пяць тысяч рублёў). Ярмак прызнаў усе патрабаванні.

"Насамрэч у мяне не было ніякай асабістай непрыязнасці, як асобна да гэтых людзей, якіх я абразіў, і суддзі ў тым ліку, і наогул да супрацоўнікаў міліцыі, судовых супрацоўнікаў, у мяне не было ніколі ніякай асабістай непрыязнасці, я не трапляў ніколі на тыя ж самыя "суткі", і я не ведаў нічога пра супрацоўнікаў міліцыі. Цяпер, калі я знаходжуся ў СІЗА ўжо тры месяцы, я пазнаёміўся з супрацоўнікамі міліцыі, з супрацоўнікамі іншых ведамстваў, я зразумеў, што ніякіх адрозненняў, нічога асаблівага няма. Я не ведаю, навошта я пісаў каментары і выказваўся", сказаў Ярмак.

На судзе стала вядома, што 11 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа прыйшлі з ператрусам да Ярмака з нагоды каментароў у межах арт. 369 Крымінальнага кодэкса, але знайшлі яшчэ гашыш, а сам абвінавачаны расказаў пра свайго калегу (пра факты ціску на працэсе агучана):

"Так, я зрабіў для сябе высновы... Асабліва мне вельмі сорамна ад таго, што я перадаў незаслужана супрацоўнікам унутраных спраў Юру, я хацеў бы прынесці яму асабістыя выбачэнні".

Чым усё скончылася?

Ярмака адразу пасля затрымання 11 сакавіка змясцілі ў ІЧУ з тых часоў ён знаходзіцца пад вартай. Аднак справу супраць яго распачалі толькі 15 сакавіка, а за дзень да гэтага абралі меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Яўгена трое сутак беспадстаўна ўтрымлівалі ў ІЧУ: з 11 па 13 сакавіка супраць яго не складалі адміністрацыйны пратакол.

Баранавіцкая міжраённая пракуратура запатрабавала для Ярмака пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 100 базавых велічынь (3 200 рублёў), а для Азімкі  тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі"). Такое пакаранне суддзя Аксана Копач прызначыла Ярмаку, а Азімку мякчэйшае: два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства