viasna on patreon

300 еўрапейскіх дэпутатаў сталі хроснымі палітвязняў у Беларусі

2022 2022-07-27T14:38:08+0300 2022-07-27T15:28:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/libereco_300.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 ліпеня кампанія Libereco #WeStandBYyou дасягнула важнай вехі: дэпутатка партыі "Саюз 90/Зялёныя" Брыта Хасэльман (Германія) стала 300-й сімвалічнай "хроснай" палітычнага зняволенага ў Беларусі.

300 "хросных" з 17 еўрапейскіх дзяржаў ілюструюць нязменную і велізарную еўрапейскую салідарнасць з ахвярамі рэжыму Лукашэнкі. Усе "хросныя" пазначаныя на інфарматыўнай карце:


Рэпрэсіі ў цені вайны супраць Украіны

Аднак колькасць сімвалічных "хросных" таксама падкрэслівае масавыя рэпрэсіі супраць дысідэнтаў у Беларусі: колькасць палітычных зняволеных на сённяшні дзень узрасла да больш чым 1250 чалавек. Людзі па-ранейшаму знаходзяцца ў зняволенні за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў летам 2020 года. У той жа час рэжым Аляксандра Лукашэнкі цяпер таксама пераследуе людзей, якія выступаюць супраць вайны ва Украіне і ўдзелу ў ёй Беларусі.

Зняволеныя з цяжкім станам здароўя

Рэжым Лукашэнкі не цураецца асуджаць цяжкахворых людзей на працяглыя тэрміны зняволення і падвяргаць іх бесчалавечным умовам утрымання. Сярод нявінна затрыманых дзясяткі людзей, якія пакутуюць ад цяжкіх хвароб, такіх як рак, хваробы сэрца або наступствы гвалту з боку сілавікоў.

Зараз у Беларусі каля 30 палітвязняў знаходзяцца ў стане пагрозы жыццю. Падчас знаходжання пад вартай палітвязні не атрымліваюць належнай медыцынскай дапамогі, нават калі самі просяць аб гэтым кіраўніцтва турмы. Тым самым рэжым Лукашэнкі парушае беларускае заканадаўства і ўсеагульныя правы чалавека.

Брыта Хасэльман бярэ "хроснае бацькоўства" для хворага на рак Паўла Кучынскага

Брыта Хасэльман, старшыня парламенцкай групы "Саюз 90/Зялёныя" ў нямецкім Бундэстагу, пагадзілася стаць "хроснай" Паўла Кучынскага. 27-гадовы палітвязень пакутуе ад раку ў апошняй стадыі. Згодна з рашэннем суда, наступныя 4,5 года Кучынскі павінен правесці ў турме без неабходнага медыцынскага лячэння. Брыта Хасэльман кажа:

"Рэпрэсіі, самавольства, жорсткі гвалт і турэмнае зняволенне — гэта адказ Лукашэнкі на імкненне такой вялікай колькасці людзей у Беларусі да свабоды і дэмакратыі. Іх адвага і адданасць свабодзе, дэмакратыі і вяршэнству права ў Беларусі ўражваюць. Адзін з такіх смельчакоў — Павел Кучынскі, які ў студзені 2022 года быў арыштаваны за каментары ў інтэрнэце і беспадстаўна асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго вінавацяць у тым ліку ў нібыта абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Я заклікаю да неадкладнага вызвалення Паўла, хворага на апошнюю стадыю раку, і ўсіх астатніх палітвязняў у Беларусі, якія не зрабілі нічога, акрамя як публічна адстойвалі сваё меркаванне. #WeStandBYyou".

#WeStandBYyou патрабуе вызвалення ўсіх палітвязняў!

Да кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou далучыліся таксама тры дэпутаткі - Эва Эрнст-Дзедзіч, Лена Вэрнэр, Афелія Нік, якія ўзялі на сябе абавязкі "хросных" Галіны Дзербыш, Віталя Шышлова і Аляксея Кудасава адпаведна.

ewa-ernst-dziedzic-2.jpg

Эва Эрнст-Дзедзіч, дэпутатка Аўстрыйскай нацыянальнай рады, з нагоды рашэння стаць "хроснай" Галіны Дзербыш заяўляе:

"Нават калі вайна Расеі ва Украіне выцесніла сітуацыю ў Беларусі з загалоўкаў, мы не павінны забываць, што ў лукашэнкаўскіх турмах усё яшчэ знаходзяцца тысячы апазіцыйных актывістаў — людзей, якія самааддана рызыкуюць жыццём і сродкамі да існавання за свае перакананні. Яны справядліва чакаюць, што мы працягнем падтрымліваць іх мірную барацьбу ўсімі сродкамі. Я займаюся гэтым як на палітычным узроўні, так і на ўзроўні грамадзянскай супольнасці з самага пачатку грамадзянскіх пратэстаў. Таму ў межах кампаніі #WeStandBYyou я з радасцю стала сімвалічнай "хроснай" бухгалтаркі на пенсіі Галіны Дзербыш, якая гадамі працавала незалежнай назіральніцай на выбарах, а са снежня 2020 года знаходзіцца ў зняволенні па абвінавачанні ў "тэрарыстычнай" дзейнасці, калі на самай справе яна не рабіла нічога, акрамя ажыццяўлення сваіх грамадзянскіх правоў. Робячы злачынствы рэжыму бачнымі для сусветнай грамадскасці, мы паказваем такім зняволеным ахвярам, як Галіна, што не пакінем іх адных. Зло ў Беларусі мае той жа корань, што і ў расейска-ўкраінскай вайне: дыктатар бярэ ў закладнікі цэлы народ, які хоча жыць свабодна і мірна. У абодвух выпадках вялікая частка народа імкнецца ў Еўропу, а правіцель хоча гэтаму перашкодзіць. Дэмакратычнаму руху ў Беларусі, вядома, спатрэбіцца шмат цярпення, але рана ці позна імкненне народа да свабоды прарвецца вонкі. Наша задача — як можам падтрымліваць народ Беларусі ў гэтым працэсе".

lena-werner.jpg

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Лена Вэрнэр стала "хроснай" Віталя Шышлова і пракаментавала гэта наступным чынам:

"23 верасня 2020 года Віталь Шышлоў далучыўся да мірнай акцыі пратэсту супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасля акцыі яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Суддзя прызначыў яму шэсць гадоў пазбаўлення волі. Сёння я заклікаю да неадкладнага вызвалення Віталя. Права на ўдзел у мірных пратэстах і свабода слова павінны паважацца пры любых абставінах. Правы чалавека і грамадзяніна не падлягаюць абмеркаванню. Суды павінны быць справядлівымі, празрыстымі і абапірацца на дзеючае заканадаўства. Свабоду Віталю і ўсім астатнім палітвязням Беларусі, якія паднялі свой голас супраць фальсіфікацыі выбараў!"

ophelia-nick.jpg

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Афелія Нік стала хроснай Аляксея Кудасава і кажа:

"Аляксей Кудасаў з Мінска быў асуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі ў ходзе сумнеўнага суда. Яго арыштавалі роўна год таму. З таго часу малады чалавек, які адстойваў свае ідэі больш справядлівага і адкрытага грамадства, знаходзіцца ў турме. Быць яго хроснай — гэта бачны знак маёй салідарнасці з Аляксеем, а таксама з усімі тымі, хто палітычна пераследуюцца і асуджаюцца ва ўсім свеце. Пакуль людзей саджаюць у турму за свабоду выказвання меркаванняў, усім сапраўдным прыхільнікам дэмакратыі ёсць над чым працаваць. Мае думкі з Аляксеем".


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Libereco будзе працягваць і пашыраць кампанію хроснага бацькоўства #WeStandBYyou да таго часу, пакуль рэжым Лукашэнкі працягвае рэпрэсіі супраць іншадумцаў і адвольна заключаць нявінных людзей у турмы як палітычных зняволеных. Разам з палітыкамі з усёй Еўропы мы патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства