viasna on patreon

Новыя затрыманні і новыя крыміналкі: хроніка пераследу 29 - 31 ліпеня Дапоўнена

2022 2022-07-29T10:14:00+0300 2022-08-01T09:57:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/macveeva-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 29 - 31 ліпеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Маладзечне пасля арышту на волю не выйшаў экс-палітвязень Аляксандр Казакевіч

19 ліпеня Аляксандру Казакевічу прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі» — суддзя Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады»). Казакевіча вызвалілі ў залі суда, ён правёў у зняволенні тры месяцы.

Аляксандр Казакевіч

Аднак ужо 26 ліпеня Аляксандра зноў затрымалі. З якой нагоды — дагэтуль невядома.


У Віцебску затрымалі былую журналістку TUT.ВY Таццяну Мацвееву

Журналістку затрымалі на віцебскім вакзале пасля вяртання з камандзіроўкі. Перад гэтым ёй тэлефанавалі міліцыянты з прапановай «прыйсці на размову».

Мінулы раз журналістку выклікалі ў міліцыю месяц таму. Як потым паведамляла Таццяна: "Прычына была ў тым, што Тут.бай нядаўна прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». І вось у мяне амаль 2 гадзіны даведваліся, ці не супрацоўнічаю я з ёй. На развітанне сказалі: да новых сустрэч".


Лебядок пасля арышту на волю не выйшаў

Вядомы вайсковы эксперт Ягор Лебядок не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту.

Нагадаем, яго асудзілі паводле арт. 24.3 КаАП РБ (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі пры выкананні ім службовых абавязкаў).


Хваля затрыманняў дакацілася да Жлобіна

Вядома пра затрыманне як найменш трох асобаў. Гэта Андрусенка Мікіта, Карбоўскі Павел і Дзмітрый, чыё прозвішча невядомае, паведамляе "Гомельская Вясна".



Усіх іх затрымлівалі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў 9 жніўня 2020 года. Крыніцы распавялі Гомельскай вясне, што як прынамсі аднога з затрыманых адпусцілі пасля запісу так званага «пакаяннага» відэа.


У Светлагорску затрымалі і хуценька асудзілі ўладальніка "Мабільных штучак"

Уладальніка крамы «Мабільныя штучкі» Дзмітрыя Мартынава, якога затрымалі 28 ліпеня падчас працы, назаўтра суддзя Сцяпанаў суда Светлагорскага раёна пакараў Дзмітрыя сямю соднямі арышту. Дзмітрыя абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюд «экстрэмісцкай» прадукцыі).

Вядома, што падчас судовага працэсу суддзя абвяшчаў перапынак, каб Дзмітрый мог напісаць скаргі на супрацоўнікаў, якія яго затрымлівалі, бо ад моманту затрымання да суда ў яго такой магчымасці не было.

Па паведамленнях крыніц «Гомельскай вясны», уначы пасля затрымання міліцыянты наведваліся да знаёмых Дзмітрыя Мартынава і вымушалі засведчыць, што Дзмітрый падпісаны на «дэструктыўныя» каналы.\


У Баранавічах праходзяць ператрусы ў раней асуджаных за абразу загінулага былога падпалкоўніка ГАУС Аляксея Гецьмана

Нагадаем, як паведамляла «Наша Ніва», Гецьман атрымаў несумяшчальную з жыццём траўму, нырнуўшы і ўдарыўшыся галавою аб дно.

Праваабаронцам стала вядома пра некалькі ператрусаў у людзей, якіх раней асудзілі за абразу Гецьмана. Як паведамляюць мясцовыя жыхары, навіну пра смерць Гецьмана актыўна каментавалі ў мясцовых чатах. Верагодна, сілавікі правяраюць, ці не пакідалі з гэтай нагоды «няправільных» каментароў людзі, якіх раней ужо асудзілі за абразу міліцыянта.

Пасля ператрусаў людзей завезлі ў міліцыю, але потым адпусцілі.

Таксама вядома, што ў горадзе апошнія дні адбываюцца і іншыя «палітычныя» ператрусы ў мясцовых жыхароў.


Затрыманая Сняжана Рогач — магістарка гісторыі, былая выкладчыца БНТУ

Па інфармацыі @by_culture, падстава для затрымання — абраза прадстаўніка ўлады.


Падрабязнасці «хапуна» сяброў АГП

Антаніна Кавалёва, Аксана Аляксеева і Мікалай Казлоў затрыманыя па крымінальнай справе.

Таксама затрымалі сябра АГП Андруся Асмалоўскага. Як сказалі яго родным у СК, бліжэйшыя 10 дзён ён прабудзе на Акрэсціна.
Не выходзіць на сувязь і грамадзянская жонка Асмалоўскага Дыяна Чарнушына.

Яна сябра АГП і маці дзіцяці-інваліда.


Палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага, асуджанага да 18 гадоў калоніі, на Дзень народзінаў змясцілі ў ШІЗА

Сястра анархіста Дзмітрыя Дубоўскага паведаміла, што 29 ліпеня, у ягоны Дзень народзінаў, палітвязня закінулі ў штрафны ізалятар на 10 сутак. Праз гэта ён не трапіў на кароткатэрміновае спатканне з сястрой. Пры гэтым раней яго ўжо пазбавілі працяглага спаткання. Таксама Дзмітрыя па прыбыцці ў калонію паставілі на прафулік як «схільнага да ўцёку» — цяпер у яго чырвоная бірка.

Нагадаем, 22 снежня ў Мінскім абласным судзе агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да анархістаў. Суддзя Вячаслаў Тулейка прызначыўнаступныя тэрміны: Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.


Андрэя Пачобута вінавацяць у тым, што назваў падзеі 17 верасня 1939 "савецкай агрэсіяй"

Па інфармацыі "Новага Часу", гаворка ідзе пра некалькі дзіўных абвінавачанняў, якія фігуруюць у крымінальнай справе. Пракуроры палічылі словы Пачобута аб савецкай агрэсіі супраць Польшчы 17 верасня 1939 года «распальваннем нацыянальнай варожасці». Бо, па прапагандзе Лукашэнкі і Крамля, менавіта тады адбылося «вызваленне ўкраінскага і беларускага народаў, прыгнечаных Польшчай».
Яшчэ адным абсурдным доказам абвінавачання з'яўляюцца заявы Андрэя Пачобута ў абарону польскай адукацыі ў Беларусі, якую рэжым гадамі знішчаў.
У справе фігураваў і адзін з яго артыкулаў у Gazeta Wyborcza, у якім ён паведамляў пра жорсткае падаўленне поствыбарчых пратэстаў у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. Абвінаваўцы рэжыму таксама ўгледзелі «ўзбуджэнне нянавісці» ў заявах і інтэрв'ю Пачобута, якія ён даў польскім СМІ.


Пракуратура горада Менска вынесла пастанову аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-сайту "voennik.bу".

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства