viasna on patreon

Сёння пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады" Дапоўнена

2022 2022-07-29T14:36:00+0300 2022-07-29T17:38:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kastysev_sud.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі абласны суд 29 ліпеня пачынае разглядаць справу «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч. Суд праходзіць у будынку Мінскага раённага суда. Судовы працэс вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. Раней КДБ паведамляў, што па гэтый крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне. "Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.

Рыгор Кастусёў на судзе 29 ліпеня
Рыгор Кастусёў на судзе 29 ліпеня

У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?

Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 когда і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".

Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб «захопе ўлады» праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.

Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.

Удзельнікі

У прапагандысцкім фільме паказалі і допыты фігурантаў. Тады Зянковіч называў сябе «тэхнічным арганізатарам» і казаў, што на сустрэчу з вайскоўцамі адправіў яго Дзмітрый Шчыгельскі. Рыгор Кастусёў, сцвярджаў, што проста слухаў размову ў «зуме» і не выказваў ніякіх ідэй. Прапагандысты сцвярджалі, што Вольга Галубовіч прывозіла вайскоўцам грошы ад Зянковіча і пакідала ў камеры захоўвання, а таксама рабіла тайнік на могілках. Таксама ў фільме сцвярджалася, што Кастусёў прызнае віну, хаця на самой справе, гэта не так.

У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • Зянковіч абвінавачваецца па ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт.361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч.3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт.130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
  • Фядута і Кастусёў — па ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
  • Галубовіч і Краўчук — па ч.1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Што вядома пра суддзю па справе? 

Суддзя Уладзімір Арэшка
Суддзя Уладзімір Арэшка

Рэзанансную справу «змоўшчыкаў» прызначыны разглядаць Уладзімір Арэшка. Да лета 2020 года ён займаў пасаду раённага суддзі ў Слуцку.

Гэта не першая гучная «пратэсная» справа ў абласным судзе, якую разглядае Арэшка. 30 траўня гэтага года Арэшка вынес прысуд 37-гадоваму Вячаславу Малейчуку па "факце арганізацыі 25 сакавіка 2021 актаў тэрарызму ў гарадах Барысаў і Мінск". Яго ў закрытым рэжыме абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 289, ч. 1 арт. 13 ч. 3 арт. 289 (падрыхтоўка і замах на акт тэрарызму), ч. 3 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў). Судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Арэшкі прызначыла яму пакаранне ў выглядзе 22 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Малейчука палітычным зняволеным.

Да гэтага ён разглядаў таксама апеляцыйныя скаргі на «палітычныя прысуды» і пакідаў іх без зменаў.

За кратамі ў Кастусёва выявілі анказахворванне, а ў Фядуты здарыўся прыступ стэнакардыі і арытміі

У лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў зняволенні выявілі падазрэнне на анказахворванне. 2 ліпеня 2021 года палітыка экстранна шпіталізавалі з СІЗА КДБ у бальнічную камеру СІЗА-1. У яго з'явіліся праблемы з сэрцам, ціскам, ацёкі канечнасцяў, дыхавіца, зблытаная свядомасць. З 2 па 14 ліпеня 2021 года Кастусёў праходзіў абследаванне і курс тэрапіі ў турэмным шпіталі. Дыягназ, па якім Кастусёў атрымліваў тэрапію, дачкі і адвакату доўгі час не паведамлялі. У шпіталі Рыгору зрабілі тэст на вызначэнне ўзроўню анкамаркера раку ў крыві, вынік яго быў вышэй за норму ў два разы. Вядома, што ў 2012-2016 гады палітык ужо назіраўся ў медыкаў з нагоды пухліны і тады хваробу ўдалося прыпыніць. Пазней лекары пацвердзілі, што ў палітвязня рак. У мінулым кастрычніку пачалося лячэнне: па два ўколы колюць кожны дзень і шмат таблетак. Пры гэтым тады лекары сказалі, што неабходна правесці аперацыю, але яе так і не зрабілі. Акрамя таго, Рыгор перанёс за кратамі кавід і інфаркт.

Таксама ў няволі пагоршылася здароўе і Аляксандра Фядуты — ён змагаецца з наступствамі арытміі і пнэўманіі. У снежні 2021 года ў Фядуты на «Валадарцы» дыягнаставалі вострую сардэчную недастатковасць, а праз тры дні ў яго здарыўся прыступ стэнакардыі і арытміі. Акрамя гэтага, палітвязень абвяшчаў медыцынскую забастоўку — ён адмаўляўся прымаць таблеткі, без якіх у палітолага можа здарыцца інфаркт. Гэта быў яго пратэст супраць абмежаванняў у ліставанні з роднымі. Праз тыдзень ён скончыў свой «страйк».

Як праходзіць першы дзень суда? 

Аляксандр Фядута на судзе 29 ліпеня
Аляксандр Фядута на судзе 29 ліпеня

У раскладзе судовых пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда адразу было пазначана, што суд будзе закрытым, аднак суд прыняў рашэння разглядаць справу ў адкрытым рэжыме. Як паведамляе "БЕЛТА", гэта адбылося праз хадайніцтва Аляксандра Фядуты: 

"Прашу весці судовае пасяджэнне ў адкрытым рэжыме. Гэта магчыма па наступных прычынах: матэрыялы крымінальнай справы не маюць звестак пра дзяржаўную ці іншую падахоўную законам таямніцу. Адзінае, што, на мой погляд, не падлягае агалошванню, — звесткі пра стан здароўя.

Пра пачатак следства аб'яўлялася па нацыянальным і замежным тэлебачанні. Таксама было абвешчана, што былі праінфармаваны ўлады Расійскай Федэрацыі і Злучаных Штатаў Амерыкі. Пра гэта, у прыватнасці, казаў спадар Лукашэнка. Складзенае такім чынам інфармацыйнае становішча максімальнай адкрытасці працэсу дазволіць унікнуць з'яўленню адкрытых фэйкаў, здагадак, дазволіць грамадству пераканацца ў бесстароннасці выніку, важкасці доказаў абвінавачання, выкананню правоў падсудных на абарону і аргументаванасці прысуду, што адпавядае інтарэсам Рэспублікі Беларусь."

Аляксандра падтрымаў і Рыгор Кастусёў.

Спачатку суд разглядаў справу ў закрытым рэжыме, але пасля абеду на суд маглі трапіць усе жадаючыя. Але, як паведамляюць тыя, хто прыйшоў на пасяджэнне, людзей пусцілі ў будынак суда і абяцалі пусціць на працэс пасля абеду. Аднак адразу папярэдзілі, што давядзецца здаць тэлефон перад уваходам у залу. Таксама супрацоўнікі суда перапісалі дадзеныя ўсіх, хто прыйшоў на працэс.

Да абеда ў судзе зачыталі абвінавачванне Юрыю Зянковічу. Пасля абеда пасяджэнне даўжылася меньш за гадзіну. У выніку паспелі зачытаць абвінавачванне і Аляксандру Фядуту. Ён прызнаў сваю віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі ў абвінавачванні матывамі.

Суд працягняцца ў панядзелак 1 жніўня а 10 раніцы.


Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства