viasna on patreon

Брэстчаніна асудзілі на 2,5 гады калоніі за тое, што хацеў стаць добраахвотнікам ва Украіне

2022 2022-07-29T16:20:00+0300 2022-07-29T17:01:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/voitek_9.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Брэсцкім абласным судзе адбыўся першы суд за "замах на ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях" (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса). Абвінавачаны — 37-гадовы жыхар Брэста Сяргей Вайцюк. Гэта першы чалавек у Беларусі, якога асудзілі за тое, што хацеў стаць добраахвотнікам ва Украіне пасля 24 лютага 2022 года. Суддзя Святлана Крамянёўская 28 ліпеня прызначыла яму два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такое пакаранне запрашваў пракурор Аляксандр Богуш. Падрабязнасці з судовага працэсу распавядае брэсцкая "Вясна".

Сяргей Вайцюк
Сяргей Вайцюк

Згодна з версіяй абвінавачвання, Вайцюк "у красавіку 2022 года праз розныя інтэрнэт-рэсурсы высветліў парадак і магчымыя спосабы залічэння ва ўзброеныя фарміравання Украіны, а таксама звязаўся з іх прадстаўнікамі.  Для рэалізацыі сваёй задумы ў сярэдзіне красавіка нецвярозы ён адправіўся на таксі ў Маларыцкі раён у памежную зону на дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Украінай. Прыбыўшы на месца абвінавачаны спрабаваў перасекчы мяжу ў напрамку Украіны, у тым ліку па-за ўстаноўленым пунктам пропуску, аднак не давёў свой намер да канца, паколькі быў затрыманы праваахоўнымі органамі".

Як растлумачыў на судзе сам Сяргей Вайцюк, ён прыняў блізка да сэрца расейскае маштабнае ўварванне ва Украіну, сачыў за навінамі. Пры гэтым, з пачатку красавіка гэтага году ў яго сям'і пачаўся разлад. Спрабуючы справіцца з перажываннямі, ён пачаў злоўжываць алкаголем. Сяргей спрабаваў прыцягнуць да сябе ўвагу жонкі і пачаў пагаворваць пра магчымасць свайго ўдзелу ў баявых дзеяннях. Пры жонцы шукаў інфармацыю пра (на той момант батальён, цяпер полк) імя Каліноўскага, але хатні канфлікт не вырашаўся.

13-14 красавіка здарылася абвастрэнне канфлікту з жонкай. І 14 красавіка, ужо будучы моцна нецвярозым, Сяргей выклікаў таксі і паехаў у бок беларуска-ўкраінскай мяжы, прыхапіўшы з сабой два літры піва.

Спярша Сяргей даехаў да вёскі Лукава Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Там ён спрабаваў знайсці сабе правадыра, які бы нелегальна правёў яго праз мяжу, але не знайшоў.

Тады Сяргей паехаў у Дзяржаўны пункт пропуску "Макраны". З рэчаў у яго з сабой было толькі пасведчанне кіроўцы, цыгарэты, тэлефон і піва. Беларускія памежнікі паглядзелі на гэты набор, на нецвярозы стан Сяргея, "разгарнулі" яго і папрасілі вяртацца дадому.

Вайцюк на таксі ад'ехаў ад пераходу "Макраны". Але праехаўшы дзесьці кіламетр, папрасіў кіроўцу спыніцца. Адпраўляцца дадому ён не хацеў, таму пешшу праз поле і канавы ён дайшоў да нейкай вёскі. Зайшоў у адзін дом, а пажылы гаспадар на нечаканага "госця" выклікаў міліцыю. Так Сяргей быў затрыманы. Спачатку яму прысудзілі 10 сутак за "дробнае хуліганства" паводле арт. 19.1 КаАП, а таксама "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" па арт. 19.11 КаАП. А 24 красавіка мужчыну змясцілі пад варту па падазрэнні ў "найміцтве" па артыкулу 133 Крымінальнага кодэкса. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі на крыху больш мяккае: замах на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса). З таго часу Сяргей утрымліваецца пад вартай.

Вайцюка пачалі судзіць 25 ліпеня ў Брэсцкім абласным судзе. Справу разглядала суддзя Святлана Крамянёўская. Менавіта яна ў лютым 2021 года пасмяротна прызнала вінаватым у супраціве міліцыянту (арт. 363 КК) забітага Генадзя Шутава, які 11 жніўня атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву падчас пратэстаў у Брэсце. Таксама яна асудзіла да 10 гадоў зняволення сябра Генадзя Аляксандра Кардзюкова. Дзяржабвінавачванне падтрымліваў пракурор Аляксандр Богуш, які быў дзяржабвінаваўцам пры паўторным судзе над палітвязнем Канстанцінам Рудніцкім.

Сведкамі па справе на судзе выступаюць памежнікі, кіроўца таксі, гаспадар дома. Яны распавялі, што пры іх Сяргей казаў, што збіраецца ісці ў батальён Каліноўскага. Таксама ўсе сведкі адзначалі, што мужчына быў відавочна п'яны. Агляд у той дзень паказаў у мужчыны 1,8 праміле алкаголю. Таксама на судзе было агучана, што ў кампутары і на тэлефоне Сяргея знайшлі пошукавыя запыты аб батальёне, а таксама перапіску са знаёмымі з Польшчы наконт уступлення ў гэтае падраздзяленне.

Пракурор Богуш падчас спрэчак заявіў, знаходзіць віну Сяргея Вайцюка цалкам даказанай і папрасіў суд прызначыць мужчыну 2 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Сам абвінавачаны заявіў аб поўным прызнанні віны і раскаянні. У выніку суддзя Крамянёўская прызначыла менавіта такое пакаранне, якое прасіў пракурор.

Беларусаў затрымліваюць і судзяць за "падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне ва Украіне": што вядома пра затрыманых і суды

"Вясна" распавядае ўсё, што вядома на дадзены час пра пераслед беларусаў па ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства