viasna on patreon

Хваля затрыманняў не спыняецца: хроніка пераследу 10 жніўня Дапоўнена

2022 2022-08-10T10:25:00+0300 2022-08-11T08:31:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/boris.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 жніўня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску за ўдзел у пратэстах затрымалі Валерыю Шалесную

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што дзяўчына разам з сяброўкамі ўзяла ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Мінску.


Палітвязня Юрыя Кавалёва накіравалі на прымусовае стацыянарнае лячэнне ў РНПЦ псіхічнага здароўя

1 ліпеня палітвязень Юрый Кавалёў выйшаў з ваўкавыскай калоніі на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Пасля вызвалення Кавалёў знаходзіўся ў лякарні — яму рабілі аперацыю. Але адтуль яго забралі міліцыянты і прывезлі ў РНПЦ псіхічнага здароўя. «Гомельская Вясна» паведамляе, што адносіны да яго там добрыя.

Нагадаем, суд Ваўкавыскага раёна 28 чэрвеня, за тры дні да вызвалення, асудзіў палітвязня паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі). Юрыю прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Яго затрымалі 23 ліпеня 2021 года за тое, што назваў Лукашэнку «дэбілам» на прыёме ў псіхіятра. 22 ліпеня 2021 года суд Буда-Кашалёўскага раёна ў закрытым рэжыме прысудзіў Кавалёву год калоніі паводле арт. 368 КК.


Учора ў Баранавічах на Паркавай вуліцы затрымалі «афганца» Генадзя Борыса

Затрыманне праводзілі супрацоўнікі АМАП. Паводле папярэдняй інфармацыі, нагода — каментары пра ўладу ў «Аднакласніках».


У Мінску за ўдзел у пратэстах затрыманы 32-гадовы Павел Мазурэнка

На «пакаяльным відэа», якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, мужчына кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту.


Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна ў калоніі змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на пяць месяцаў

У ПКТ пераводзяць за "злосныя парушэнні" парадку. З яго выходзяць толькі на працу і на паўгадзіны ў дзень на прагулку. Падчас прагулкі забаронена размаўляць з іншамі зняволенымі. Перадачы не прымаюць, спатканні і званкі забароненыя.

Суд над Алесем Пушкіным 10 сакавіка 2022 года

Мастак знаходзіцца ў калоніі "Воўчыя норы" з сярэдзіны красавіка.

Алеся Пушкіна асудзілі за распальванне варажнечы і здзек з дзяржаўных сімвалаў на пяць год строгага рэжыму.


Былога галоўнага рэдактара газеты “Борисовские новости” Анатоля Букаса арыштавалі на 15 сутак

Анатоля Букаса і яго жонку затрымалі 8 жніўня — іх з машыны выцягнулі сілавікі. Пасля гэтага дома ў Букасаў прайшоў ператрус. Жонку Анатоля пазней вызвалілі, а яго пакінулі за кратамі да суда.

Як стала вядома @bajby, 10 жніўня над рэдактарам прайшоў суд у памяшканні Барысаўскага РАУС. На разгляд справы не пусцілі нават жонку журналіста. У выніку Анатоля арыштавалі на 15 сутак. Падчас затрымання ад сілавікоў гучалі абвінавачанні ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, таму, меркавана, яго судзілі па арт. 19.11 КаАП.


У Дуброўне супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус у жонкі актывіста Міхаіла Чамуракі – Людмілу

Пакуль прычыны невядомыя. Двое супрацоўнікаў міліцыі завіталі да жанчыны дамоў у першай палове дня і правялі ператрус. Паведамілі, што ў межах крымінальнай справы, аднак якой – не сказалі.


Людміла Чамурака, якая мае анкалагічнае захворванне, некалькі разоў затрымлівалася разам з мужам, была адміністрацыйна пакараная. Раней улады пагражалі забраць у сям’і дзяцей.

Міхаіл Чамурака — актывіст з Дуброўна, асуджаны на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") па крымінальнай справе аб паклёпе (арт. 188 Крымінальнага кодэксу).

26 лістапада 2021 палітзняволены, які адбываў пакаранне ў ваўкавыскай папраўчай установе № 29, здолеў уцячы з Беларусі. Цяпер Чамурака знаходзіцца за мяжой і ў бяспецы.


У Гродне затрымалі грузчыка Андрэя Цішурова

Як кажа 35-гадовы мужчына на «пакаяльным відэа», у 2020 годзе ён «паддаўся ўплыву экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў і пачаў распаўсюджваць экстрэмісцкія матэрыялы на сваёй старонцы».


Жыхара Бабруйска затрымалі нібыта за рэгістрацыю ў плане «Перамога»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 33-гадовага Дзмітрыя Савянка. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што пасля выбараў ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а пасля зарэгістраваўся ў плане «Перамога».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства