#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"
Сабралі навіны пра "вясноўцаў", што знаходзяцца за кратамі.
У другую гадавіну пераломных выбараў у Беларусі праваабаронцы «Вясны» на адной з віленскіх вуліц вывесілі плакаты з вядомымі выразамі палітзняволеных калег — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча.
Словы вясноўцаў загучалі каля знакавага будынку — там перад смяротным пакараннем утрымліваўся кіраўнік паўстання 1863-1864 года Кастусь Каліноўскі.
Нагадаем, незадоўга да затрымання журналісты "Радыё Свабода" запыталі ў праваабаронцаў, што рабіць, калі іх пасадзяць.
9 жніўня ў Львове адкрылася выстава «Фарбы беларускай рэвалюцыі», якая складаецца з партрэтаў беларускіх палітвязняў. Падчас мерапрыемства ўвагу надалі і палітзняволеным праваабаронцам "Вясны".
Прайшло ўжо 13 месяцаў, як старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца ў СІЗА-1.
Нядаўна, Алесь Бяляцкі даслаў на волю ліст, датаваны 4 жніўня.
"У мяне ўсё з большага нармальна. Здароўе — больш-менш. Зараз — лета, шчабечуць стрыжы, іх тут, аказваецца, у горадзе, багата. Гагочуць чайкі, бо Свіслач недалёка. Так што і тут адчуваецца жыццё прыроды. Лета сёлета было негарачае, дый мабыць ужо і ня будзе спёкі. Вось такія ў мяне навіны", — піша праваабаронца.
Валянцін Стэфановіч: "Iм мяне больш няма чым палохаць, бо турмы я ўжо не баюся"
Палітзняволены намеснік старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч у лісце падзяліўся сваімі думкамі наконт турмы і праваабарончай дзейнасці:
"Турма зацягвае, чалавек да ўсяго прызвычайваецца, яна ўжо не палохае цябе. Вось і я ўжо не баюся, бо я ўжо ў турме. Менавіта таму я нікуды не паеду адсюль. Я застануся тут, бо калі з'еду ўжо ніколі сюды не вярнуся. А ім мяне больш няма чым палохаць, бо турмы я ўжо не баюся. Такое вось маё рашэнне.
Хто казаў, што праваабарона гэта прыемная праца, паездкі, сустрэчы з цікавымі людзьмі і г.д.? Не, яна бывае і вось такой - бясконцае сядзенне ў турме, без надзеяў і без вызваленняў".
Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
Марфа Рабкова: "Прагрэс непазбежны, яго можна толькі затармазіць, а спыніць — немагчыма"
У Мінскім гарадскім судзе працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай, валанцёра Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітвязняў.
Тым часам, Мафра даслала ліст з-за кратаў, у якім адзначае, што мае праблемы з карэспандэнцыяй, але не губляе аптымізму:
"Для мяне ўжо сапраўдны цуд адбываецца, калі даходзяць лісты не ад родных людзей. У апошнія паўгода з карэспандэнцыяй адбываюцца вялікія напружанасці. Як, у прынцыпе, не толькі з карэспандэнцыяй, столькі ўсяго адбываецца. Бачыла такі выраз: "Не дай вам Бог жыць у эпоху пераменаў". Мне здаецца, што так жа можна сказаць і пра перыяд застою. У любым выпадку, свет не стаіць на месцы, развіваецца. Таму, хочам мы гэтага ці не, а перамены спасцігнуць нас усіх. Навыкі хуткага навучання, адаптыўнасці, выразнага мыслення — самыя запатрабаваныя ў 21 стагоддзі.
Трэба ўмець падладжвацца пад новыя рытмы існавання. Гэта датычыцца ўсіх узроўняў грамадства — ад адзінкавага чалавека да дзяржавы. Гэта я ўсё да таго, што прагрэс непазбежны, яго можна толькі затармазіць, а спыніць — немагчыма".
Дзяўчына адзначае, што ў яе ўсё ў парадку, а паміж судовымі пасяджэннямі быў невялікі перапынак. Цяпер, верагодна, у судзе адбываюцца спрэчкі бакоў:
"Рыхтуемся да важнай часткі разбору — спрэчак. Яны будуць доўжыцца прыблізна 2 тыдні, потым апошняе слова і прысуд. Думаю, што ў пачатку верасня ўсё скончыцца. Таму маральна рыхтуюся да таго, што пакіну сцяны СІЗА ў хуткім часе і пераеду ў калонію. Нават не верыцца, што гэта можа адбыцца. Асабліва, калі столькі часу ўжо правёў у адным месцы.
Самі суды трохі стамляюць, асабліва ў пачатку, але потым падпрывыкла да таго, што кожны будні дзень на іх катаюся".
Марфа піша, што стала менш паспявяць чытаць, але дзеліцца тымі творамі, з якімі азнаёмілася апошнім часам:
"З апошняга, што прачытала — малы збор твораў Сяргея Даўлатава — "Зона", "Кампраміс", "Запаведнік", "Нашы" і "Філіял". Да гэтага я не чытала Даўлатава, вельмі мне спадабаўся гэты аўтар — выдатны гумар і лёгкая манера напісання. А зараз чытаю цудоўную кнігу "Калі я вярнуся, будзь дома" Эльчына Сафарлі. Зусім невялікая кніга, вельмі цудоўна напісана. Шмат выпісваю з гэтага твора цытат. Напрыклад: "Не шукай ідэальны свет, на зямлі яго няма. Прыгажосць суседнічае з пачварствам, шчырасць — з крывадушнасцю, прызнанне — з забыццём. Ёсць тое, што мы не ў сілах змяніць, — прымі і працягвай шлях. Прыняць — не значыць апусціць рукі. Дапамагай, чым можаш, як атрымаецца — кожны дзень адкрывае для гэтага магчымасці". Я яшчэ не дачытала гэтую кнігу, але вельмі раю. А з фільмаў, нядаўна па ТВ паказвалі вельмі добры фільм – "Мяне завуць Кхан". Глядзела яго яшчэ на волі, момантамі цяжкі, але момантамі вельмі жыццесцвярджальны, які выклікае слёзы кранальнасці.
У думках моцна вас абдымаю. Беражыце сябе і не падайце духам, усё абавязкова наладзіцца".
Партрэты Марфы Рабковай з'явіліся ў двух мастацкіх праектах — "Палітвязынкі" і "Непражытае жыццё".
"Палітвязынкі" — інстаграм-праект журналісткі Яўгеніі Доўгай і мастачкі Ганны Татур, у якім адлюстраваны палітзняволеныя жанчыны. Арганізатаркі праекта малююць партрэты беларусак і распавядаюць іх гісторыі. На дадзены момант за кратамі знаходзіцца 144 палітзняволеных жанчын, адна з якіх Марфа Рабкова.
"Непражытае жыццё": Марфа Рабкова страціла тату і не змагла нават з ім развітацца
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
Леанід Судаленка не паверыў, што ва Украіне ідзе вайна
Сваякі кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленкі гавораць, што здароўе палітвязня ў норме. А вось з карэспандэнцыяй — бяда.
"З лістамі з волі ўсё кепска, аддаюць праз раз. Пра многія рэчы ён дазнаецца, калі яму паведамляем. Напрыклад, пра вайну ва Украіне паведамілі яму мы. Калі распавялі пра Марыупаль, ён спярша не паверыў, падумаў, што нешта мы не тое прачыталі. У цэлым ён цяпер у курсе і пра РЭП, і пра "Вясну", — распавялі родныя Леаніда выданню "Штодзень".
Доўгі час няма навінаў ад валанцёркі "Вясны" Таццяны Ласіцы.
Пішыце Леаніду і Таццяне:ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Леаніду Леанідавічу Судаленку ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 Таццяне Леанідаўне Ласіцы |
Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.
6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org