Ціск на палітвязняў, затрыманні і новыя “экстрэмісты”: хроніка палітычнага пераследу 27-29 жніўня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманні
ГУБАЗіК затрымаў хлопца за тое, што ён раней купіў кнігу з успамінамі нямецкага салдата
Сілавікі ў сваім канале паведамілі пра затрыманне жыхара Мінска Багдана Вераса. Паводле іх, хлопец раней набыў у адной з мінскіх крам кнігу "Крывава-чырвоны снег. Запіскі кулямётчыка Вермахта" Ганса Кіншэрмана. Адзначым, што ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў гэтай кнігі няма.
У Магілёве за ўдзел у пратэстах затрымалі двух мужчын
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне двух супрацоўнікаў РУП "Фармацыя" — 36-гадовага Дзяніса Навалаева і 42-гадовага Андрэя Віталёва. На "пакаяльным відэа" яны кажуць, што ў 2020 годзе ездзілі некалькі разоў у Мінск на акцыі пратэсту.
У Гомелі затрымалі дальнабойніка Андрэй Мацонка
Гэта здарылася 27 жніўня. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына нібыта абражаў Лукашэнку і распаўсюдзіў асабістыя дадзеныя міліцыянтаў. Яму інкрымінаваны арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) и арт. 203-1 КК (Незаконныя дзеянні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных).
У Наваполацку затрымалі гітарыста вядомага рок-гурта Detroit hills Захара Сабіна
Па папярэдняй інфармацыі, прычынай затрымання (гэта адбылося 27 жніўня — Заўв. ) маглі стаць рэпосты музыканта з "няправільных" каналаў.
Папаўненне ў спісе "экстрэмістаў"
КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" супольнасць тэлеграм-каналу ZOLAK
КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" групу грамадзян, звязаных з тэлеграм-каналам ZOLAK, у якога 458 падпісчыкаў, і чатам ZOLAK Chat, якога ўжо не існуе. Інфармацыя ўнесена ў адпаведны спіс на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, паведамляе @radiosvaboda.
Ціск на палітвязняў
Палітвязня Уладзіміра Сушко перавялі з "хіміі" у магілёўскую калонію
Праваабаронцам стала вядома, што жыхара Жлобіна Уладзіміра Сушко, якому змянілі рэжым на больш жорсткі, перавялі ў папраўчую калонію № 15.
Нагадаем, суд Жлобінскага раёна асудзіў Уладзіміра на два гады "хіміі" за каментар пра міліцыянта ў тэлеграм-канале. Мужчыну прызналі вінаватым па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). З трэцяга сакавіка 2021 года адбываў тэрмін ў гродзенскай папраўчай установе № 24.
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Уладзіміру Мікалаевічу Сушко |
Палітвязня Сяргея Ярашэвіча змяшчалі ў ШІЗА і збіраюцца перавесці ў ПКТ
Ганна Канавалава расказала пра свайго палітзняволенага зяця. Паводле яе слоў, нядаўна тэлефанаваў бацька Сяргея і паведаміў, што яго сына змяшчалі ў штрафны ізалятар, а хутка перавядуць у ПКТ, піша @doctorsbycom:
"У нас з ім сувязі няма, ён дасылае толькі кароткія лісты, часам нешта намалюе дзецям. Зусім нядаўна тэлефанаваў ягоны бацька і сказаў, што ён (сын) быў у ШІЗА. Цяпер яго накіроўваюць у ПКТ".
Нагадаем, у траўні 2021 Антаніну Канавалаву разам з яе мужам Сяргеем Ярашэвічам асудзілі да 5,5 годоў калоніі па справе "Арміі з народам". Іх абвінавацілі ў "падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках" і ў "падрыхтоўцы беспарадкаў". У Антаніны і Сяргея на волі засталіся двое маленькіх дзяцей: Ваня і Насця.
Падтрымайце Сяргея лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №11, 231900, Ваўкавыск, Ракасоўскага, 118, Сяргею Міхайлавічу Ярашэвічу. |
Палітзняволены Павел Вінаградаў схуднеў у турме на 36 кілаграмаў
Нядаўна ў палітзняволенага блогера і актывіста Паўла выявілі сухоты. Раней была інфармацыя, што Вінаградава пазбавілі працяглага спаткання за сон удзень. Напрыканцы ліпеня яго перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Паўла асудзілі да пяці гадоў калоніі за адзін пост у Фэйсбуку.
Падтрымайце Паўла лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №12, 211381, Віцебская вобласць, Орша, вул. Смаленская, 2, Паўлу Юр'евічу Вінаградаву. |
Сяргея Ціханоўскага змясцілі ў ШІЗА неўзабаве пасля пераводу ў турму
Гэта адбылося ў Дзень народзінаў палітвязня — 18 жніўня.
"Цяпер ён не можа карыстацца сваімі рэчамі, вымушаны спаць на голых дошках без матраца і пасцельнай бялізны, яму забаронена набываць прадукты і рэчы першай неабходнасці", — паведамляе тэлеграм-канал "Турма для жыцця".
Нагадаем, 14 снежня 2021 года Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У папраўчай калоніі Ціханоўскі знаходзіўся толькі адзін месяц, а потым яму змянілі рэжым на турэмны.
Падтрымаць Сяргея лістамі салідарнасці і паштоўкамі можна па адрасе: турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Сяргею Леанідавічу Ціханоўскаму. |
Палітзняволеную Алесю Буневіч перавялі ў гродзенскую турму. Падтрымайце яе!
Алеся Буневіч — дырэктарка віленскай друкарні, затрыманая 4 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы пасля таго, як яна прыехала з Літвы ў Беларусь на гадавіну смерці маці. Алесю Буневіч абвінавачваюць у "здзяйсненні акта тэрарызму групай асоб па папярэдняй змове" (ч. 2 арт. 289 КК) у межах справы "рэйкавых партызанаў". У прапагандысцкім фільме на БТ паказаны кавалак допыту Алесі, дзе яна распавядае, як купляла літоўскія сім-карты за некалькі дзён да паездкі ў Беларусь, паказвае, дзе хавала іх на тэрыторыі краіны; пра тое, як усё здымала на відэа, каб пераслаць свайму куратару ў Літве. А таксама, што павінна была "адправіць" маладых людзей, калі яны пад'едуць да мяжы. Алеся ўтрымлівалася ў магілёўскім СІЗА, але напрыканцы жніўня яе перавялі ў гродзенскую турму № 1.
Падтрымайце палітзняволеную дзяўчыну лістамі, грашовымі пераводамі і пасылкамі. Адрас такі: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Алесі Анатольеўне Буневіч. |